Павел Лібер анансаваў анлайн-платформу для лекараў

Сёння каманды «Голаса» і «Фонду медыцынскай салідарнасці» запусцілі новы праект «еЗдароўе». Пра новую ініцыятыву Паўла Лібера распавядае dev.by
Скрыншот галоўнай старонкі «еЗдароўе»

Скрыншот галоўнай старонкі «еЗдароўе»

Павел адзначыў, што «еЗдароўе» — гэта праект для дапамогі лекарам, якія былі звольненыя праз свае погляды, збеглі з краіны і не могуць хутка пачаць там медыцынскую практыку.

— Мы вельмі хочам, каб гэтыя людзі працягвалі дапамагаць беларусам у краіне і за мяжой, а беларусы нарэшце маглі атрымліваць кансультацыі на медыцынскую тэму без чэргаў у паліклініках, — піша Павел. — Таму нашы каманды стварылі платформу для медыцынскіх кансультацый анлайн, дзе чалавек можа задаваць пытанні спецыялістам розных профіляў. Мы не просім аплаты за гэтыя кансультацыі, але кожны, каму дапамаглі, можа добраахвотна зрабіць ахвяраванне ў «Фонд медыцынскай салідарнасці». Атрымліваецца такая карысная сервісная сістэма, заснаваная на ўзаемадапамозе.

Павел удакладняе, што анлайн-кансультацыі не заменяць асабістага агляду або абследавання і не могуць стаць падставай для пастаноўкі дыягназу, выдачы бальнічнага або лячэння.

— Але ўдакладніць дэталі па аналізах у тэрапеўта, параіцца наконт варыянтаў лячэння боляў у жываце з гастраэнтэролагам ці спытаць у педыятра, ці тыповыя для дзіцяці паводзіны ў яго ўзросце — адказы на гэтыя і сотні іншых пытанняў могуць у патрэбны момант падтрымаць, зэканоміць час і паменшыць верагоднасць падхапіць інфекцыю ў медыцынскай установе, — кажа Павел.

Ён удакладняе таксама, што «еЗдароўе» не збірае персанальныя звесткі, таму пацыент абсалютна ананімны нават для распрацоўшчыкаў. Таксама ананімны і лекар. Але ўсіх лекараў правяраюць і ідэнтыфікуюць прадстаўнікі «Фонду медыцынскай салідарнасці». Яны ж займаюцца верыфікацыяй кваліфікацыі спецыялістаў.

— Веру, што «еЗдароўе» будзе спрыяць развіццю падобных сервісаў у будучыні і стане падмуркам для тэлемедыцыны ў новай Беларусі, — кажа Павел Лібер. І просіць усіх, хто скарыстаецца сервісам, даваць зваротную сувязь і распавядаць пра праект сябрам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: