Павел Севярынец: беларусы — гэта дзесяць мільёнаў геніяў

Маці палітвязня Паўла Севярынца распавяла, што ёй напісаў сын у апошнім лісце з-за кратаў.
«Нейкім цудам дабраўся дадому Пашаў ліст ад 06.05, — напісала Таццяна Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Судзячы па штампах, з Магілева ён выйшаў 13.05, а да Віцебска "даляцеў" 15.05. Паўтары тыдні. Ужо ідзе суд».

Далей прыводзіцца тэкст ліста Паўла Севярынца:

«Настрой бадзёры, здароўе добра. Атрымаў перадачы і каля 25 лістоў. Багата незнаёмых адрасатаў.  Беларусы — гэта дзесяць мільёнаў геніяў. Народ мы глыбокі, бо выраслі сярод лясоў і балотаў. Скончаныя дамаседы, засяроджаныя на сваім, унутраным, інтраверты і шэрыя кардыналы.

Суседзі — рускія, украінцы, палякі — людзі шырокай душы, стэпавыя і палявыя, развіваюцца гарызантальна. А беларусы — народ вертыкальны: нам або ў глыбіню, або ў вышыню.

Таму нам цяжка знайсці паразуменне паміж сабой (летась быў проста Цуд Божы), а вось з Богам ці д'яблам — калі ласка. Таму беларусы і раздавалі сваіх геніяў усім суседзям — Дастаеўскі, Сянкевіч, Касцюшка, Глінка, Міцкевіч, Малевіч, Агінскі, Полацкі, Мілаш, Твардоўскі... Таму мы так добра ўжываліся і з габрэямі — абраным Богам народам геніяў.

Цяпер беларускае вось ад зямлі да неба мае ключавое значэнне. Бо сёння беларусам патрэбна тое, што мы ўмеем лепш за ўсё: пагружэнне ў сябе. Засяроджанасць. Усведамленне свайго ўласнага сэрца. І — уздым да вышыняў: да Бога, каб адтуль было бачна ўсю краіну.

Многія прыкметы паказваюць: асэнсаванне ідзе ў маштабах народа. Знешні ціск толькі паскарае саспяванне. Беларусы рыхтуюцца да таго, што гісторык Гумілёў называў пасіянарным выбухам: ментальным, культурным, духоўным».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: