Павел Севярынец: Наш сцяг — светлы сцяг Хрыста

Бог вядзе беларусаў. Летась гэта стала канчаткова ясна. Вядзе за Сабой. А значыць, ісці давядзецца праз здзекі, катаванні, суды — да крыжа. Але напрыканцы гэтага евангельскага шляху абавязкова будзе цуд Уваскрасення. Таго самага Уваскрасення, калі людзям, як знак перамогі над злом, засталася белая палатніна з крывёй Укрыжаванага Ісуса Хрыста, піша з-за кратаў палітвязень Павел Севярынец.
Турынская плашчаніца, абразы Уваскрасення, “крыніцы” на рызах праваслаўных і ўніяцкіх архірэяў, харугвы ды вымпелы пад Грунвальдам ды Воршай — гэта ўсё той жа асноватворны хрысціянскі сімвал.

Наогул мы, беларусы — нацыя ўнікальна хрысціянская. Абсалютная большасць нашых нацыянальных герояў — вернікі Хрыста. Дзяржаўны лад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага — адпаведна, вечавая і шляхецкая дэмакратыя, грунтаваная на хрысціянстве. Мы хіба адзіны народ у свеце, які адзначае Раство і Пасху двойчы на год. Наш гімн — “Магутны Божа”. Наш герб — “Пагоня” з вобразам Ісуса-Пераможцы на белым кані з Апакаліпсісу, ды яшчэ з крыжам Еўфрасінні на шчыце. І, нарэшце, наш сцяг — светлы сцяг Хрыста.

Ёсць афіцыйныя навуковыя заключэнні наконт сцягу Хрыста гісторыкаў з Акадэміі Навук Беларусі.

Таму — якія там “коллаборационисты”? Які 1917-ты? 1943-ці?.. Аб чым вы? Гэтаму сцягу дзьве тысячы год, і тысячу з іх (не сто — тысячу!) ён — наш нацыянальны сімвал.

Вось чаму людзі моляцца пад гэтым сцягам.

Такі светлы сцяг — гэта сімвал чысціні Боскай, святасці, праведнасці. Ахвярнай любові да людзей, да бліжніх і нават да ворагаў.

І трэба глыбока разумець — найперш вернікам, але і ўсім, хто бярэ яго ў рукі: праз што трэба прайсці, каб сцяг Уваскрасення стаў і тваім таксама.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: