Павел Севярынец: Нягледзячы на леташні прарыў, мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу ўнутры сябе

Палітвязень Павел Севярынец знаходзіцца ў няволі ўжо больш зак 11 месяцаў. Зараз ён чакае судовага працэсу, які мусіць пачацца заўтра ў Магілёве. Напярэдадні палітык знайшоў магчымасць звярнуцца да беларусаў, даслаўшы адмысловы ліст сваёй жонцы Вользе Севярынец.

«Скрозь жалеза кратаў мы бачым сонца, — піша Павел Севярынец. — Мы чуем, як за вакном ціўкаюць птушкі. Мы ўдыхаем свежасць, ад якой кружыцца галава: там воля. Хтосьці ў лістах адчайваецца. Кажа, ужо няма сілаў.

Тут патрэбна разуменне. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — справа Божая. Ад пачатку і да канца. Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Бог не робіць бяссэнсіцы.

Але чаму Ён дапускае, каб мы, беларусы, дагэтуль заставаліся ў стане болю і роспачы?

Прычыны адчаю і слушныя адказы — амаль заўсёды ў нас саміх. Відаць, нягледзячы на леташні прарыў, мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу ўнутры сябе.

Усе мы хочам змяніць Беларусь да лепшага. І пачаць давядзецца з падмуркаў. З нацыянальнай свядомасці. Уласна кажучы, з сябе.

Толькі народ, які ўсведамляе сябе адзінствам, здольны прыняць найважнейшыя рашэнні адносна свайго лёсу. Узяць на сябе адказнасць за краіну. Зацвердзіць справядлівыя законы. Абараніць незалежнасць.

Мы мусім быць у ясным розуме і цвёрдай памяці — менавіта як беларусы. Таму найпершая наша справа — ачомацца. Апрытомнець. Адказаць сабе — хто мы? Адчуць сваю лучнасць з беларускім народам — нашымі продкамі, якія жылі на гэтай зямлі ад першай дзяржавы, і нашымі нашчадкі, якія будуць пасля. Палачане, ліцвіны, беларусы. Беларускі народ — гэта больш як 200 мільёнаў чалавек за тысячу гадоў. Вялікі еўрапейскі і хрысціянскі народ. Большасць з якога размаўляла па-беларуску і верыла ў Бога. А мы?

Такім чынам, беларус. Размаўляй па-беларуску, чытай і ведай сваю гісторыю. Мы можам выдатна валодаць расійскай, ангельскай, кітайскай, свабодна гаманіць з рускімі, ангельцамі, ды іншым светам. Але калі мы, беларусы, не будзем у Беларусі размаўляць па-беларуску — Беларусі не стане.

Зараз людзі гатовыя чуць, як ніколі. Беларусізацыя ў нашай краіне ўжо ідзе. Глыбока, павольна, але ўладна — з той сілай, з якой узыходзіць сонца.

Беларуская асвета і евангелізацыя — гэта наша поле на бліжэйшыя гады. Пад сцягам Хрыста. З гімнам «Магутны Божа». З «Пагоняй» на гербе.

Калі мы зменім сябе — Беларусь непазбежна зменіцца. Простая формула веры і мовы — Ісус Хрыстос, Які гаворыць па-беларуску. На сёння гэта наша жывая нацыянальная ідэя.

А таксама мы мусім быць мужнымі і цвёрдымі, не баяцца і жахацца. Верыць у Бога. Маліцца. Любіць свой народ. Жыць не ў ілжы. Супрацьставіць злу дабро. На страх адказваць — верай. На гвалт — законам. На бязглуздзіцу — сэрцам і розумам. На нянавісць — любоўю.

Як і ўсе тысячу гадоў беларускай гісторыі нам патрэбная вера, якая дзейнічае любоўю.

Чысціня мае быць найперш не на вуліцах, а ў сэрцах.

А побач з сумленным і чыстым народам, які верыць і размаўляе на роднай мове, любое зло рассыпецца ў прах.

Народам нельга стаць у нейкі момант. Народам трэба быць. Абараняць праўду, свабоду, справядлівасць — гэта ж як дыхаць. Перастаў дыхаць — усё.

Таму ў Беларусі і доўгія роды. Бо волю трэба выпакутаваць, каб цаніць яе. Што даецца лёгка — лёгка і губляецца.

А цяпер балюча? Значыць, жывыя. Нясцерпна? Значыць, глыбока ідзе пералом. Крыж? Значыць, неўзабаве Ўваскрасенне».

Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня мінулага года каля свайго дома ў Мінску неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка заведзена справа па арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні у здзяйсненні злачынства). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.

12 мая ў Магілёўскім абласным судзе пачнецца суд над Пайўам Севярынцам. Разам з ім будуць судзіць іншых палітвязняў — актывістаў грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага, Андрэя Войніча, а таксама Ірыну Шчасную.

Раней паведамлялася, што судовы працэс будзе закрытым нават для родных абвінавачанных.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: