Паветранае затрыманне і іншыя фігуры найвышэйшага пілатажу

«Крэатыў і інтрыга канчаткова робяцца прэрагатывай следчых», — Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра гучныя затрыманні апошняга часу, якія абмяркоўвае ўся краіна



З улікам атмасферы і інвестыцыйнага клімату ў краіне замест прэмій «Чалавек года ў бізнесе» ці «Інвестар года» варта ўручаць: «Арышт года», «Крымінальны артыкул года» («прысабечванне прыбытку»), «Вызваленне года» (гэта калі асуджанага злодзея ці хабарніка выпраўляюць яшчэ нечым там кіраваць).

У той час як бізнес-ініцыятыва з боку тых, каму яшчэ дазволена праяўляць нейкую там ініцыятыву, зводзіцца да ўзвядзення падобных адзін да аднаго гіпермаркетаў і забудовы некалі ўтульных сквераў тыповымі шматпавярховікамі, крэатыў і інтрыга канчаткова робяцца прэрагатывай следчых. Гэта ж здавалася б: ну, затрыманне і затрыманне. Панылы і даволі агідны працэс. З абодвух бакоў мусіць быць скруха, жудасць і самота. Шмат папяровай пісаніны. Але зрабіць гэта так, каб пра тое затрыманне тры дні размаўляла ўся краіна, — тут патрэбны сапраўдны талент, агеньчык, крэатыў.

Людзям з кароткай памяццю можа падацца, што гісторыя з вяртаннем самалёта «Белавіі» ад самай Польшчы — нешта незвычайнае. Новая вяршыня. Што такога, маўляў, раней не было. Але гэта праява фірмовага стылю сістэмы, якая дэбютавала некалі кайданкамі, што замкнуліся на руках міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава проста на працоўным месцы.

І тут трэба не быць наіўнымі.

Ніякай аператыўнай патрэбы ў такіх эфектных выпрстрыках няма. Робяцца такія арышты не для таго, каб нешта асабліва дбайна расшукаць, злавіць за руку, прадухіліць знішчэнне дакументацыі. Мы жывём у часы, калі любы адпраўлены мэйл ці зроблены тэлефонны званок застаецца ў памяці правайдара, і знішчыць яго падазраваны не здолее нават пасля таго, як усіх падзельнікаў пачалі хаваць за краты. Гэта ўсё робіцца для форсу. Для эфекту. Каб мы з вамі баяліся.

Адметнасць сітуацыі з бортам «Белавіі» ў тым, што цяпер пра затрыманні на зямлі пасля дзіўнаватай пяцелькі маршрута гавораць не толькі ў Беларусі. Цяпер гэта абмяркоўваюць на ўсіх авіяцыйных форумах Усходняй Еўропы.

Мне як пісьменніку тут цікава назіраць, як любы чалавек, што знаходзіцца на дзяржаўным заробку — нават калі той заробак паходзіць з камерцыйна самастойнай (але дзяржаўнай!) кампаніі, — вокамгненна ператвараецца ў «агента Сміта», як толькі недзе ў сакрэтных сутарэннях прымаецца рашэнне «ўпаляваць» чарговага Нэа.

І вось няма болей медыкаў, як гэта было некалі з Някляевым. Няма болей авіядыспетчараў, пілотаў, бортправаднікоў. Ёсць людзі ў цывільным, якія галасамі робатаў будуць даводзіць толькі тую інфармацыю, якую мэтазгодна давесці да публікі.

Ну то добра: у мінулым годзе была «справа медыкаў», гэты год пачаўся з «самага яскравага затрымання — 2020» і інфы пра тое, што кіраўніцтва ўсіх цукровых заводаў Беларусі няма на працоўных месцах.

Глядзіце, усё проста: зрабілася нашая медыцына лепшай за кошт справы медыкаў? Збудавалася болей шпіталёў за кошт справы медыкаў (не будзем згадваць пра лякарні для наменклатуры, якія сапраўды будаваліся)? Можа быць, заробкі медперсаналу зрабіліся вышэйшымі за кошт справы медыкаў?

Не. Бо арышты на тое не здатныя. Дык у чым сэнс «справы медыкаў»? У тым, што дактары і тыя, хто да гэтага пастаўляў медыкаменты ў РБ, зараз будуць баяцца браць хабары запрашэннямі ў рэстараны? Дык не з тае нагі зашлі!

Я хацеў бы, каб у паліклініках зніклі чэргі. А для гэтага трэба а) будаваць больш паліклінік б) падвысіць заробкі, каб з гэтай сферы не беглі людзі. Праблема хабараў знікне сама ў той момант, калі заробкі стануць прыстойнымі.

Што мусіць вырашыць сітуацыя з цукровай чысткай? Можа, яна ўздыме сусветныя цэны на цукар? Дык не. Павысіць эфектыўнасць датацыйных вытворчасцяў? Таксама не! Некаму можа падацца, што электарату будзе прыемна пабачыць перапужаныя твары людзей, якія думалі, што ляцяць у адпачынак у Нямеччыну, а па факце прызямляцца давялося зусім не ў Мюнхене?

Дык вось, я — электарат. Можа, не самы правільны, але ж права голасу ў мяне ёсць і я ім час ад часу карыстаюся.

І ад імя электарату запэўніваю ўсіх крэатыўшчыкаў: ад навінаў пра ўсё новыя і новыя віды арыштаў ужо млосна. Астанавіцесь!

Займіцеся эканомікай і інвестыцыямі. Пакіньце крэатыў айцішнікам, паэтам і ўдзельнікам шоу X Factor.

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: