Пазіцыя Беларусі ў сусветным рэйтынгу шчасця зніжаецца пяты год запар

Беларусь заняла 81-е месца ў рэйтынгу шчаслівых краін свету. Другі год запар на першым месцы — Фінляндыя. Да такіх высноў прыйшлі эксперты ў штогадовым рэйтынгу World Happiness Report 2019.
verdom.grodno.by

verdom.grodno.by

У рэйтынгу шчаслівых краін свету ўлічвалі вынікі апытанняў Gallup World Poll. Даследаванне выдаецца пад эгідай ААН. Справаздача гэтага года — сёмая за ўсю гісторыю рэйтынгу. Даследчыкі ацэньваюць, наколькі шчаслівыя грамадзяне 156 краін. Рэйтынг улічвае ўласныя ацэнкі людзьмі іх жыцця, а таксама даходы насельніцтва, працягласць жыцця, успрыманне карупцыі, сацыяльную падтрымку, свабоду выбару і іншыя паказчыкі.

Самай шчаслівай краінай у свеце, як і ў мінулым годзе, стала Фінляндыя. Беларусь — на 81-м месцы. Апошнія пяць гадоў мы губляем пазіцыі ў рэйтынгу: 59-е месца, 61-е месца, 67-ы радок — і 73-е месца ў 2018 годзе.

Практычна ва ўсіх нашых суседзяў паказчыкі лепш: Расія — на 63-м месцы, Літва — на 42-м, Латвія — на 53-м, Польшча — на 40-м. Значна менш шчаслівыя людзі жывуць ва Украіне — 133-е месца ў рэйтынгу.

Калі больш дэталёва паглядзець на пазіцыю Беларусі ў даследаванні, то можна зрабіць выснову, што наша месца вельмі моцна залежыць ад крытэра свабодаў. Па ім мы на 131-м месцы сярод 156 краін. А вось у плане сацыяльнай падтрымкі — на 33-м месцы.

Больш за ўсё задаволеныя жыццём у Фінляндыі, Даніі, Нарвегіі, Ісландыі, Галандыі, Швейцарыі, Швецыі, Новай Зеландыі, Канадзе і Аўстрыі. Сёлета сярод лідараў свае пазіцыі палепшылі Ісландыя і Данія. А самыя няшчасныя людзі, паводле спісу са 156 краін, жывуць у Паўднёвым Судане, крыху лепш справы ідуць у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Афганістане. Паўднёвы Судан быў антылідар і ў мінулым годзе.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!