Пазіцыя грамадскасці па Курапатах даведзена да намесніка старшыні Вярхоўнага суда

18 лістапада сябры грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» давялі да намесніка старшыні Вярхоўнага суду Андрэя Забары пазіцыю грамадскасці па прававой сітуацыі вакол Курапатаў.


Гэта адбылося падчас штотыднёвага прыёму ў Андрэя Забары, які ўзначальвае калегію Вярхоўнага суда па грамадзянскіх справах. На прыём з’явіліся старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, культуролаг Вацлаў Арэшка і аўтар гэтага артыкулу.  

Нагадаем, што 2 лістапада сябры грамадзянскай ініцыятывы накіравалі ў Вярхоўны суд дзве наглядныя скаргі па грамадзянскіх справах у абарону Курапатаў.

Гэтыя скаргі супраць Генеральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігара Чарняўскага звязаны між сабою справай абароны ахоўнай зоны Курапатаў.

27 лістапада 2012 года Генпракуратура вынесла Мінаблвыканкаму  прадстаўленне аб парушэнні заканадаўства з боку СТАА «БелРэстІнвест», якое ў ахоўнай зоне Курапатаў самавольна збудавала шэраг аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарацыі і дзіцячую пляцоўку). Па выніках разгляду гэтага прадстаўлення 27 снежня 2012 года ў Мінаблвыканкаме было прынятае аднагалоснае рашэнне аб вынасе незаконна збудаваных аб’ектаў. Паколькі прадстаўленне Генпракуратуры не было выкананае (дарэчы, і да гэтага часу), грамадзяне вясною 2014 года звярнуліся ў суд са скаргай на бяздзеянне Генпракуратуры.

Справа ў тым, што, згодна артыкулу 4 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», задачай пракуратуры з’яўляецца «забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў». У гэтым жа артыкуле зазначана, што ў мэтах выканання гэтых задач пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства.

Згодна артыкулу 38 закону аб пракуратуры, прадстаўленне з’яўляецца актам пракурорскага нагляду і ўтрымлівае патрабаванні аб устараненні парушэнняў заканадаўства.  

Такім чынам, з дапамогай прадстаўлення пракуратура як наглядны орган выконвае ўскладзеныя на яе задачы па забеспячэнні вяршэнства права, законнасці і правапарадку.
 
Аднак выкладзеныя вышэй абставіны сведчаць пра тое, што Генпракуратура хоць і вынесла прадстаўленне, аднак не вырашыла задачы, ускладзеныя законам на гэты наглядны орган, таму што не дамаглася выканання свайго прадпісання.            

Пры гэтым суды і старшыня Мінскага гарадскога суду падтрымалі пазіцыю Генпракуратуры і адмовілі заяўнікам у задавальненні іх скаргі,  

Трэба мець на ўвазе, што некаторыя звароты грамадскасці па ўзнятай праблеме перасылаліся ў Міністэрства культуры, якое таксама два гады нічога не рабіла для выканання прадстаўлення Генпракуратуры і рашэння ад 27 снежня 2012 года. Таму эксперты звярнуліся ў суд са скаргай на бяздзеянне Міністэрства культуры. Аднак суд адмовіў ва ўзбуджэнні справы з надуманай падставы — нібыта грамадзяне абскарджваюць не двухгадовае бяздзеянне Міністэрства культуры, а ягоную пастанову ад 1 снежня 2014 года № 70 пра зацвярджэнне праекту зонаў аховы Курапатаў.

Насамрэч, рашэнне аб неабходнасці вынасу самавольна ўзведзеных аб’ектаў з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў было прынятае 27 снежня 2012 года, а пастанова Міністэрства культуры №70 пра зацвярджэнне праекту зонаў аховы Курапатаў — амаль праз два гады — толькі 1 снежня 2014 года.

Менавіта двухгадовае бяздзеянне Міністэрства культуры, з-за якога засталося нявыкананым прадстаўленне Генпракуратуры і рашэнне ад 27 снежня 2012 года, і было абскарджана ў судзе.

Падпісанты скаргі звярнулі ўвагу Вярхоўнага суду, што на Міністэрства культуры законам ускладзены абавязак па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны і кантролю за выкананнем заканадаўства ў гэтай галіне.

Нягледзячы на судовыя захады грамадскасці, прадстаўленне Генпракуратуры, як акт пракурорскага рэагавання, засталося нявыкананым, а суд прызнаў законнымі дзеянні Генпракуратуры і Міністэрства культуры.

Такім чынам, як падкрэслівалася  на прыёме ў Андрэя Забары, адзін дзяржаўны орган вынес прадстаўленне, іншыя дзяржаўныя структуры не выканалі гэтае прадстаўленне, а суд, як яшчэ адзін дзяржаўны орган, абараніў дзяржаўныя структуры, што парушалі закон. У выніку суд сам стаў парушальнікам закону. Атрымалася, што дзяржава ў цэлым выступіла супраць інтарэсаў беларускага народу ў справе абароны Курапатаў.

Заяўнікі папрасілі Андрэя Забару выпатрабаваць справы, разгледзець іх у рамках закону і вынесці пратэст на судовыя пастановы.

У адказ пачулі, што з 17 лістапада справы знаходзяцца ў Вярхоўным судзе і цягам месяца грамадскасць атрымае адказы на свае наглядныя скаргі.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: