Педыятру прысудзілі два гады «хатняй хіміі» за тое, што ўкусіла міліцыянта падчас затрымання яе мужа

Доктарку-педыятра раённай дзіцячай паліклінікі з Калінкавічаў Алену Буднік разам з яе мужам – анастэзіёлагам-рэаніматолагам раённай лякарні Аляксандрам затрымалі 10 жніўня паблізу цэнтральнай плошчы Калінкавічаў на вуліцы Фрунзэ. Пра тое, як праходзіў суд, распавядае Палеская вясна
Калінкавічы, 10 жніўня 2020 года, цэнтральная плошча каля вуліцы Фрунзэ.

Калінкавічы, 10 жніўня 2020 года, цэнтральная плошча каля вуліцы Фрунзэ.



Затрыманне ў цэнтры Калінкавічаў


Суд па справе аб гвалце да міліцыянта ў Калінкавічах праходзіў у Светлагорску.

Як высветлілася падчас суда, Алена Буднік спярша знаходзілася па адзін бок вуліцы, а Аляксандр па іншы. У адзін момант яна пабачыла, што Аляксандра міліцыянты цягнуць да канвойнай машыны. Яна падбегла да супрацоўнікаў міліцыі і пачала прасіць каб Аляксандра адпусцілі. За гэта яе таксама схапілі і пасадзілі ў канвойную машыну.

Хацела, каб перасталі ўтрымліваць мужа сагнуўшы

Ужо ўнутры машыны яна пабачыла, як яе мужа адзін з міліцыянтаў спрабуе жорстка, сагнуўшы тварам амаль да падлогі, усунуць у закратаванае аддзяленне. Яна пачала крычаць, каб міліцыянт не здзекваўся з мужа, але той не зважаў. Алене таксама заламілі рукі і сагнулі яе такім чынам, што яе твар апынуўся ля спіны супрацоўніка, які трымаў яе мужа. Тады яна ўкусіла яго за спіну крыху ніжэй лапаткі. Пазней міліцыянты сказалі ёй самой сесці ў індывідуальны адсек, тады яны перастануць утрымліваць яе мужа. Так і адбылося.

Пацярпелы міліцыянт Віталь КРЫВАНОС

Пацярпелы міліцыянт Віталь КРЫВАНОС



Пацярпелым аказаўся міліцыянт ізалятара часовага ўтрымання Калінкавіцкага РАУС Віталь Крыванос. Як сцвярджалі падчас судовага апытання сведкі – калегі пацярпелага, якія таксама знаходзіліся падчас інцыдэнту ў машыне, ён не выказваў на ўкус аніякай рэакцыі. На пытанне адвакаткі, чаму ён ніяк не адрэагаваў на ўкус адразу пасля яго, Віталь Крыванос адказаў: «Я цярпеў!»

Потым Аляксандра і Алену даставілі ў РАУС. Мужа змясцілі ў ІЧУ, а жонку пасля складання пратаколаў вызвалілі да суда. Пазней Аляксандр адседзеў двое сутак, а Алену аштрафавалі на 3 базавыя велічыні.

«Яна за два месяцы не пацікавілася як я сябе адчуваю»

Віталь Крыванос на наступны дзень даклаў пра атрыманы ўкус начальніку РАУС і той сказаў падаць рапарт, паводле якога пачалася праверка. На пытанне адвакаткі ці падаваў бы ён рапарт, калі б яму не загадаў начальнік, Крыванос адказаў: «Напэўна, не». Пазней паводле вынікаў праверкі завялі крымінальную справу.

Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту Алена Буднік знайшла пацярпелага міліцыянта і выбачылася перад ім. Ён прыняў прабачэнні і напісаў у Следчым камітэце заяву пра тое, што прэтэнзіяў да Алены не мае і просіць не прыцягваць яе да крымінальнай адказнасці.  

Але праз 2 месяцы ён змяніў сваё меркаванне. На пытанне пракурора чаму ён так зрабіў, Крыванос адказаў:

«Яна за два месяцы нават не пазваніла мне, не пацікавілася як я сябе адчуваю».

Таксама непасрэдна падчас судовага паседжання Віталь Крыванос заявіў пазоў аб спагнанні з доктаркі маральнай шкоды, якую ён ацаніў у 3 000 рублёў. Гэта ён патлумачыў так:

«Фізічны боль я адчуў падчас укусу. Але потым я зразумеў, што укус – гэта сродак пераносу хваробаў. Там мог быць і ВІЧ, і сіфіліс, і каранавірус. Асабліва пераймалася мая жонка. І таму я таксама маральна пакутваў. Тым больш, я даведаўся, што яна працуе ў лякарні і кантактуе з хворымі».

Але аніякіх аналізаў на магчымыя хваробы міліцыянт не здаваў.

Алена Буднік патлумачыла, што як межработнік яна перыядычна праходзіць поўнае абследаванне, у тым ліку здае аналізы на розныя магчымыя хваробы, бо яна кантактуе на працы з дзецьмі.

У перапынку судовага пасяджэння Алена перадала Крываносу 1200 рублёў паводле дасягнутага пагаднення. Але ў судовым паседжанні ён працягваў настойваць на атрыманні трох тысяч.

Два гады «хатняй хіміі»

У сваім выніковым выступе Алена Буднік сказала:

«Я не хавала і не спрабавала схаваць той факт, што ўкусіла Крываноса. Але я зрабіла гэта падсвядома, бо майго мужа працягвалі ўтрымліваць у нечалавечай позе. Муж крычаў ад болю і ў мяне ўзнік панічны страх, таму я ўкусіла. Мне сорамна, я выбачылася перад пацярпелым, сплаціла яму маральную шкоду».

Суддзя Галіна Гулевіч, якая разглядала справу, у выніку пастанавіла прызнаць Алену Буднік вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтаю перашкоды ягонай законнай дзейнасці) і прызначыла ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У задавальненні пазову аб спагнанні матэрыяльнай шкоды суддзя пастанавіла Крываносу адмовіць. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: