ПЭН-Цэнтр: «Суверэнітэт з’яўляецца канстытуцыйным падмуркам Рэспублікі Беларусь»

Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра 27 студзеня зрабіла заяву адносна падзей у падтрымку Незалежнасці Беларусі і пераследу за ўдзел у мірных сходах.



27 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінска завершыўся судовы разгляд па справе Лявона Баршчэўскага, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (23.34 ч.1 (Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў). Згодна прысуду Лявон Баршчэўскі павінен сплаціць штраф у памеры 30 базавых велічыняў (810 BYN).

Лявон Баршчэўскі, перакладчык, рэдактар, мовазнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра, старшыня ПЭН-Цэнтра ў 2003-2005 гадах, палітык, які стаіць ля вытокаў беларускай Незалежнасці; дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, які ў 1990 годзе прыняў «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце», паводле якой Беларусь была абвяшчаная суверэннай дзяржавай.

У снежні 2019 года ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі ў абарону суверэнітэту Беларусі, пасля якіх разгарнулася кампанія па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў. Сярод асуджаных — пісьменнікі, блогеры і журналісты.

Асуджаны, арыштаваны сумарна на 30 сутак і аштрафаваны Павел Севярынец, грамадскі дзеяч і пісьменнік. Асуджаныя і аштрафаваныя літаратары: Уладзімір Някляеў, пісьменнік, сябра і ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра, Уладзімір Арлоў, адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтра, пісьменнік, Лявон Баршчэўскі, перакладчык, рэдактар, мовазанаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра. Алесь Марачкін, мастак і пісьменнік, Пётра Садоўскі, перакладчык, эсэіст, дыпламат, Ян Грыб, паэт, Мікола Трафімчук, паэт.

Асуджаныя і трапілі за краты паводле рашэння суда блогеры: Сяргей Ціханоўскі (Гомель, Youtube-канал «Страна для жизни») — 15 сутак, Дзмітры Казлоў (відэаблогер «Шэры кот») — сумарна 120 сутак арышту, па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх).

Асуджаныя і аштрафаваныя журналісты і блогеры: Вольга Быкоўская (Мінск), Дзіяна Серадзюк (Мінск), Эдуард Пальчыс (Мінск), Алена Янушкоўская (заснавальніца групы “Настоящая Беларусь”, Віцебск),

У сувязі з гэтымі падзеямі Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра яшчэ раз звяртае ўвагу грамадскасці на Супольную заяву праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці ад 21 студзеня 2020 года.

«Мы канстатуем, што ў перыяд важных электаральных падзеяў і ў сітуацыі пагрозы Незалежнасці краіны 2020 год можа стаць годам, калі для людзей асабліва важным будзе выяўленне сваёй пазіцыі і выказванне меркаванне.

Мы заклікаем улады Беларусі ўстрымацца ад практыкі пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў, прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства і практыку правапрымянення ў адносінах мірных сходаў і распаусюду інфармацыі, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах», — адзначае ПЭН-Цэнтр.

Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра нагадвае, што суверэнітэт Беларусі з’яўляецца канстытуцыйным падмуркам Рэспублікі Беларусь і выказвае падтрымку ўдзельнікам мірных акцый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: