Пенсіянерку пакаралі арыштам за здымак каля навагодняй ялінкі з партыйным сцягам

Суддзя Віталь Каўбеня (суд Савецкага раёна Гомеля) пакараў арыштам на 15 сутак 59-гадовую жыхарку абласнога цэнтра Алу Караленку. Міліцыя абвінаваціла яе ў несанкцыянаваным пікеце. Так патрактавалі здымак са сцягам БСДП каля навагодняй ялінкі 1 студзеня, піша «Свабода».


У рапарце міліцыі адзначана, што ў закрытым тэлеграм-чаце «БСДП. Гомель» быў знойдзены здымак ля навагодняй ялінкі каля ДК «Фестывальны». Там нейкія людзі стаялі з партыйным сцягам БСДП, прычым ні ў кога не было відаць твараў. З рапарту стала вядома, што ў закрытым чаце людзі дамаўляліся пра тое, каб сустрэцца ля навагодняй ялінкі. Суддзя зачытаў перапіску, удзельнікі якой былі пад нікамі.

Адвакат заўважыў, што яго падабаронная ў перапісцы нікога нікуды не клікала і ні да чога не заклікала. Ён звярнуў увагу, што ў закрытым чаце ўдзельнічалі толькі сябры партыі, якія не мелі мэтаў дэманстраваць публічна свае погляды ці здымкі.

«Пра публічнасць тут няма гаворкі. Ніхто не мог бачыць здымкі, апроч удзельнікаў чату, які быў, па сутнасці, «гуртком па інтарэсах». Прашу справу спыніць, бо тут няма складу правапарушэньня», — сказаў абаронца.

Алу Караленку затрымалі ў пятніцу. У яе бацькоў, якім больш за 80 гадоў, прайшоў вобшук, афіцыйна гэта называлася «агляд памяшканьня».

Як доказ віны пенсіянеркі на судзе зачыталі паказаньні жыхароў Гомеля, у якіх раней міліцыя забрала на вобшуку тэлефоны і тэхніку і такім чынам «пранікла» ў закрыты тэлеграм-чат.

Пенсіянерка адмовілася даваць паказанні.

У студзені Ала Караленка ўжо адбывала арышт тэрмінам 7 сутак за ўдзел у карагодзе ў лесе вакол ялінкі.

Таксама суд Савецкага раёну пакараў арыштам на 15 сутак жыхара Гомеля Ігара Краўчанку. Суд прайшоў у «таемным» рэжыме. Да абеду ў канцылярыі суду казалі, што справа не прызначаная, а пасля абеду блізкім паведамілі, што Ігар Краўчанка атрымаў 15 сутак паводле артыкула 23.34 КаАП. За што менавіта ён арыштаваны — у судзе не сказалі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: