Пенсіянерку судзяць за тое, што яна нібыта ўсталявала БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава

Справу адправілі на дапрацоўку.
Пенсіянерку судзяць за тое, што яна нібыта ўсталявала БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Вясна назірае". Справу адправілі на дапрацоўку.

14 траўня суддзя Першамайскага раёна Анастасія Лейкоўская разглядзела справу 61-гадовай Ірыны Карнеевай. Яна прыйшла на суд па позве. Згодна з пратаколам, Ірына Ігараўна "прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усталяваўшы БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава". За гэта Ірыну затрымалі наўпрост на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП.

На судзе Ірына патлумачыла, што добра памятае дзень пахавання Быкава, калі яго труну накрылі БЧБ-сцягам. Таму яна вырашыла завязаць кветкі стужкамі менавіта гэтай расфарбоўкі. Да магілы пісьменніка жанчына 9 траўня ўсклала тры чырвоных цюльпана.

Па словах Ірыны, сцяг яна не ўсталёўвала, а толькі ўсклала кветкі. Яна лічыць гэта выразам сваёй павагі, а не пікетаваннем. Пенсіянерка знаходзілася каля надмагілля толькі 5 хвілін. У гэты момант да Карнеевай падышлі два супрацоўніка міліцыі і адвялі ў службовую машыну. Па дарозе ў яе пыталіся, ці ведае яна пра акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.

У суд асабіста прыйшоў і сведка-міліцыянт, які пацвердзіў, што Ірына ўсталявала сцяг і распавядаў суду пра заклікі ў дэструктыўных тг-каналах. Таксама пры затрыманні сведка прапанаваў жанчыне забраць кветкі для доказу яе віны, але ў пратаколе напісалі толькі пра БЧБ-сцяг.

Ірына каля надмагілля Быкава пазнаёмілася з мужчынам, які асабіста ведаў пісьменніка. У момант іх гутаркі і адбылося затрыманне, таму жанчына папрасіла знаёмага прыйсці ў суд у якасці сведкі. На судзе ён пацвердзіў, што ніякай сімволікі Карнеева не ўскладала.

Пенсіянерка паспрабавала звярнуцца да сведкі-міліцыянта:
Я хацела б даведацца, што адчувае чалавек, які хлусіць суду?
– Пытанне здымаецца.

Сведка-міліцыянт суду пацвердзіў, што затрымліваў жанчыну каля 19 гадзін, але ў пратаколе гаворка ідзе пра 16 гадзін. У Ірыны атрымалася даказаць, што ў 16:00 яна знаходзілася ў іншым месцы, дзякуючы чэку.

Адвакат жанчыны звярнуў увагу суда на характэрныя памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытанні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ў устанаўленні сцяга. Пасля тлумачэнняў адваката суддзя Лейкоўская вырашыла вярнуць справу на дапрацоўку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: