Пенсіянерку затрымалі па дарозе з касцёла і далі штраф. Прычына — БЧБ-парасон у руках

Мінская пенсіянерка пасля службы ў касцёле ішла з чырвона-белым парасонам з надпісам Polska і трапіла спачатку ў РУУС, потым на Акрэсціна, а потым у суд.

 

Фота tut.by

«Круціла ў руках бел-чырвона-белы парасон, выкрыквала лозунгі «Жыве Беларусь», — сказана ў пастанове суда Цэнтральнага раёна Менска, піша tut.by.

65-гадовую пенсіянерку Марыю Равуцкую судзілі паводле ч.1 арт. 23. 34 КаАП за несанкцыянаваны пікет, аднак жанчына сваёй віны не прызнала і распавяла сваю версію падзей.

Гэтая гісторыя адбылася ў мінулую нядзелю (3 студзеня) пасля службы Тадэвуша Кандрусевіча ў Кафедральным саборы на плошчы Свабоды. У той дзень былога кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі віншавалі з 75-годдзем, а таксама стала вядома, што папа Рымскі прыняў адстаўку мітрапаліта. Марыя Равуцкая была на гэтай службе: яна чалавек уцаркоўлены, ужо некалькі гадоў дапамагае ў Чырвоным касцёле і спявае ў хоры «Паланэз».

— У той дзень служба працягвалася даўжэй звычайнага, мы спявалі мітрапаліту Sto lat!, скончылася бліжэй да гадзіны дня. Я пайшла да метро «Няміга» — колькі там ад Кафедральнага ісці! — распавядае Марыя Равуцкая.

У руках у пенсіянеркі быў чырвона-белы парасон з надпісам Polska. Марыя Равуцкая кажа, што парасону больш за 20 гадоў, ён набыты ў Польшчы.

— Спачатку вісеў у шафе як сувенір, потым стала карыстацца ім. А калі ў Беларусь не пусцілі Тадэвуша Кандрусевіча, стала хадзіць з гэтым парасонам усюды, — распавядае Марыя Антонаўна.

Жанчына кажа, што ўжо спускалася ў падземны пераход, калі яе затрымалі шасцёра сілавікоў.

— Падскочылі шэсць малайцоў ў чорным і сказалі: «Праходзьце!». Схапілі мяне за рукі. Не магу сказаць, што моцна схапілі — я асабліва не супраціўлялася. У судзе потым заявілі, што я крычала «Жыве Беларусь» і праводзіла пікет. Я патлумачыла: па-першае, лозунг «Жыве Беларусь» я не лічу нейкім дрэнным па сэнсе. Па-другое, я яшчэ ў сваім розуме і нічога адна на пустой дарозе не крычала і крычаць не буду. Па-трэцяе, калі б я і крычала, то гэта было б: «Bóg, Honor, Ojczyzna!» («Бог, гонар, Айчына!» — патрыятычны дэвіз). Я полька па нацыянальнасці.

Жанчына кажа, што была так пакрыўджаная затрыманнем, што казала з сілавікамі па-польску, на рускую перайшла пазней.

Марыя Равуцкая нарадзілася ў Беларусі, у яе беларускае грамадзянства, але ў графе «нацыянальнасць» у яе пазначана: полька. Палякамі лічылі сябе і продкі жанчыны.

Жанчына распавядае, што чорны мікрааўтобус прывёз яе ў РУУС.

— Падобна на тое, гэта было РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Раней я ў такія месцы не трапляла, можна зразумець мой стан.

Там у мінчанкі канфіскавалі асабістыя рэчы — заручальны пярсцёнак, сярэбраны ланцужок і медальён з выявай Божай Маці, а яшчэ — парасон. Потым адправілі ў вузкі пакой без вокнаў, з адной лаўкай, дзе пенсіянерка праседзела да глыбокай ночы.

— Вентыляцыя вельмі шумела — заснуць не ўдалося. Каб прайсці ў туалет, трэба было стукацца. Сядзела там, малілася і часам спяваў польскія песні, а яшчэ «Магутны Божа» на беларускай, — расказвае жанчына.

Патэлефанаваць дадому, кажа, не дазволілі — хатнія ўвесь гэты час перажывалі за пенсіянерку, Дачка даведалася пра яе затрыманне толькі раніцай 4 студзеня.

— Уначы мяне перавезлі на Акрэсціна. У камеры былі тры двухпавярховыя ложкі, калі я прыйшла, усе ніжнія месцы былі занятыя. Так і не зразумела, як залезці наверх — нацягнула капюшон і легла на драўляную лаву — думаю, будзе фітнес. Раніцай нас кармілі — да ежы прэтэнзій няма. З хлеба зрабіла ружанец з крыжыкам.

4 студзеня пэнсіянерку судзілі па скайпе. Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк палічыў шпацыр з парасонам несанкцыянаваным пікетам. Яе адпусцілі, але прызначылі штраф — 30 базавых велічынь (870 рублёў).

— Сказалі, калі я штраф не выплачу за месяц, то ўсе мае асабістыя рэчы пойдуць у даход дзяржавы. Будзе вельмі шкада: яны мне дарагія. Але 30 базавых — гэта дзве мае пенсіі! — уздыхае пенсіянерка.

 

Вінаватай Марыя Равуцкая сябе не прызнала, але пакуль не вырашыла, ці будзе апратэстоўваць рашэнне суда.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: