Пенсійны ўзрост беларусаў зноў павысяць?

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду лічаць мэтазгоднай далейшую рэформу пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Пра гэта паведамляе Белсат
Рэкамендацыя вынікае з дакладу МВФ аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы.

Прычына – у нізкай нараджальнасці і міграцыі. Паводле дакументу, насельніцтва ў рэгіёне ў бліжэйшыя 30 гадоў можа скараціцца, што яшчэ больш паглыбіць эканамічны крызіс. Праблема дэфіцыту сродкаў у пенсійным фондзе не сыдзе, а колькасць пенсіянераў можа перавысіць лік усяго эканамічна актыўнага насельніцтва.

«Беларусь значна выйграе, калі павялічыць удзел пажылых працаўнікоў нават без павышэння пенсійнага ўзросту. Рэформа пенсійнага ўзросту, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца большасці краінаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Аднак асабліва яна была б карысная ў Беларусі, Малдове, Расеі, Турцыі і Украіне, як з пункту гледжання прапанавання рабочай сілы, так і для забеспячэння фіскальнай устойлівасці», – лічаць у МВФ.

МВФ яшчэ ў 2016 годзе рэкамендаваў беларускім уладам працягнуць пенсійныя рэформы, каб ліквідаваць пенсійны разрыў пасля 2022 года.

Пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын пачалі павышаць з 2017 года штогод на шэсць месяцаў. У 2022 годзе беларускія мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, а жанчыны – у 58. Большасці беларусаў гэтыя змены не падабаюцца.

У чэрвені сёлета Аляксандр Лукашэнка даручыў чыноўнікам прааналізаваць эфектыўнасць пенсійнай сістэмы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!