Перанясуць праз COVID-19? Яшчэ раз пра хакейны чэмпіянат свету, якога можа пазбавіцца Беларусь

Рэнэ Фазель збіраецца ў Мінск, тэма зноў на слыху, і ў ёй шмат цікавых паваротаў.

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Стары год, сыходзячы ў гісторыю, забірае з сабой галоўную спартыўна-палітычную інтрыгу. Ці адбудзецца «канфіскацыя» ў Мінска хакейнага чэмпіяната свету? Ці адбяруць у Аляксандра Лукашэнкі ўлюбёную цацку, якая цешыць яго самалюбства? Ці ўставіць міжнародная супольнасць чарговага фіціля беларускай уладзе па выніках прэзідэнтскіх выбараў?

Пытаннечкі, як сказалі б на «Еўрарадыё». Адказы абяцаюць хутка — як мяркуецца, недзе ў студзені. А пакуль эксперты, аналітыкі і ўсялякія палітолагі ад інфантэрыі спрабуюць разгадаць гэты біном Ньютона, чытаючы будучыню між радкоў афіцыйнай рыторыкі, між маршчын на ілбе Рэнэ Фазела ці ўвогуле па хвалях на вадзе Свіслачы.

То далучымся, раз пайшла такая «п’янка». Прайсці міма гэтай тэмы складана — як міма навагодніх ночваў з «наварыстым» аліўе.

Хто надаў новы імпульс тэматыцы ЧС?

У нядзелю, 27 снежня, швейцарскі рэсурс «Watson» выбухнуў сенсацыяй, што перанос чэмпіянату з Мінска — справа ледзь не вырашаная, засталося толькі пытанне фармалізаваць ды вызначыцца з альтэрнатыўнай пляцоўкай. Ці гэта будзе Чэхія, ці Славакія, ці можна наогул аддаць турнір цалкам Латвіі — краіне-кампаньёнцы Беларусі па першапачатковаму рашэнню.

Элементарна, «Watson» — артыкул швейцарскага выдання падхапілі ў Беларусі і, памножыўшы жадаемае на рэальнае, вынеслі вырак: сусветнага хакею ў наступным годзе Мінск не ўбачыць як уласных вушэй, і тое добра. Бо нельга, маўляў, мухляваць з выбарамі, лупцаваць да крыві нязгодных, напіхваць турмы пратэстоўцамі — і застацца па-за ўвагай сусветнай супольнасці.

Тым больш супольнасць тая ўжо дзейнічае — майструе санкцыі, акты аб дэмакратыі, дый да спорту дабралася. На пачатку снежня Міжнародны алімпійскі камітэт агулам забаніў усё кіраўніцтва беларускага НАК — ад выканкама да Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў.

Аднак, паводле цвярозага роздуму, наліваць крамбамбулю з нагоды пазбаўлення Мінска хакейнага ЧС яшчэ рана. Бо, па-першае, што б там ні сведчылі інсайды швейцарскага медыя — гэта ўсяго толькі інсайды. Па-другое, так ці інакш канчатковае рашэнне будзе прымаць Рада Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ), а нават пра тэрміны яе паседжання афіцыйных дадзеных пакуль няма.

Ну і, па-трэцяе, тая самая Рада — гэта калегіяльны орган, які выносіць рэзалюцыі выключна шляхам галасавання. Гэта паўтара дзясятка чалавек з розных краін свету, у пінжаках і гальштуках, і хто ведае, як там яны прагаласуюць. Не праводзіў жа інтэрнэт-партал «Watson» свой уласны экзітпол.

І ўсё ж такі яна верціцца — гэтая хакейная кружэлка, спараджаючы ўсё новыя і новыя пытанні. Падаграючы дыскурс, які даўно перайшоў спартыўныя межы і стаўся кейсам геапалітычнага значэння.

Навошта Рэнэ Фазель так рвецца ў Мінск?

Рэнэ Фазел і Аляксандр Лукашэнка. Фота tut.by

Тым часам прэзідэнт ІІХФ вельмі хоча наведаць Беларусь — і персанальна паразмаўляць з Лукашэнкам. Рэнэ Фазель планаваў візіт у Мінск яшчэ некалькі тыдняў таму, але замест дранікаў прыйшлося экстранна ўжываць лекі ад каронавіруса — кавід падкраўся непрыкметна.

Зараз, паспяхова акрыяўшы ад хваробы, старшыня Міжнароднай федэрацыі ізноў імкнецца на наш «кавалачак зямлі». Аб чым сам распавёў журналістам: «Я прыеду ў Беларусь пасля Раства. Гэта будзе пасля 7 студзеня. Візіт запланаваны, і ён адбудзецца, на 100% у гэтым упэўнены. Я сустрэнуся з Аляксандрам Лукашэнкам, і мы абмяркуем сітуацыю, якая складваецца. Будзем рабіць усё магчымае, каб чэмпіянат свету адбыўся ў Мінску. Для гэтага прыкладзём усе намаганні».

Апошнія словы не на жарт усхвалявалі дэмакратычнае беларускае грамадства, якое чвэрць стагоддзя існуе ў простай, як бот, парадыгме: раз кіраўнік сказаў, то так яно і мае быць. Аднак Фазель і Лукашэнка ўсё-ткі жывуць у розных рэчаіснасцях — хай сабе і маюць добрыя зносіны і сядзяць кожны ў сваім крэсле з 1994 года. Жаданні спадара Рэнэ — аніякі не закон. Гэта ўсяго адзін голас на будучай Радзе ІІХФ, якая будзе мець зусім мала агульнага з Усебеларускім народным сходам.

Тое, уласна, пацвердзілася даволі хутка, калі ў сваю чаргу ў прэсе эмацыйна выказаўся намеснік Фазела, катэгарычны фін Калерва Кумала: «Цяпер сітуацыя выглядае нашмат больш вызначана. Паступова гуляць у Беларусі стала немагчыма. Я настойваў на гэтым ужо даўно. Першапачаткова я быў адзін, затым мяне падтрымаў датчанін. Паступова ціск стала нарастаць. Фазел павінен сказаць Лукашэнку праўду — чэмпіянат свету на тэрыторыі Беларусі немагчымы».

На беларускія вочы тут зноў жа — злоснае парушэнне субардынацыі. Як калі б, прыкладам, прэм’ер Раман Галоўчанка пакрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку ў эфіры АНТ. І не быў бы потым звольнены з воўчым білетам.

Аднак там, на беразе Цурыхскага возера, іншыя парадкі. Ключавыя пасады ў іерархіі ІІХФ — выбарныя, і не ў праве прэзідэнт Фазел як-неяк прыгнятаць і тым больш адпраўляць у адстаўку кагосьці са сваіх «віцэ». Дэмакратыя — яна такая.

Калерва Кумала. Фота iltalehti.fi

Што хоча сказаць Фазель Лукашэнку?

Цікавая сітуацыя: кіраўнік ІІХФ кажа пра «ўсе намаганні», каб ЧС прайшоў у Мінску — і клапаціцца аб гэтым збіраецца таксама у Мінску. Быццам, тут можна заручыцца нейкімі казырамі, якія потым паўплываюць на вынікі галасавання Рады. Што ж гэта за казыры такія?

Ускосна мы пра гэта ўжо пісалі. Версія такая: каб хоць як залагодзіць «электарат» ІІХФ Фазелу трэба, каб з сістэмы кіравання беларускага хакея знікла яго самая таксічная фігура — старшыня Беларускай федэрацыі (ФХБ) Дзмітрый Баскаў. Той самы, якога звязваюць з гібеллю Рамана Бандарэнкі, — і які стаўся неўязным у краіны Еўрасаюза і супраць якога нават распачата спецрасследаванне дысцыплінарнымі органамі ІІХФ.

Ёсць адчуванне, што Фазель збіраецца ў Мінск менавіта за гэтым — каб ціхенька сказаць свайму сябру Лукашэнку: «Аляксандр, я ўсё разумею, але шанцы на чэмпіянат свету ў Мінску стануць вышэй, калі Баскаў сыдзе ў адстаўку». Пры гэтым ніякіх гарантый, зноў жа, кіраўнік ІІХФ даць не зможа. Але за апошнія «намаганні» такая яго ініцыятыва ўвогуле сыйдзе.

Не факт, што галоўны хакеіст Беларусі сустрэне такую прапанову з энтузіязмам. Зліваць сваіх без гарантаванага плёну — вельмі рызыкоўна, можна застацца ні з чым. Рабіць тое таропка, дэманстрацыйна — гэта ўжо пагражае іміджавымі стратамі. Перш за ўсё, у вачах беларускіх эліт, непарушнасць якіх мацуе рэжым, нягледзячы на беспрэцэдэнтную пратэставую актыўнасць беларусаў.

Самая цікавае, што станоўчага адказу ад Лукашэнкі, магчыма, не чакае і сам Фазель. Так, ён не чужы ў Мінску — і, галоўнае, разумее, што перанос ЧС у іншую краіну гэта вельмі дорага. Там і страхавыя выдаткі, і наогул скарбонка ІІХФ істотна пацярпела праз пандэмію і татальную адмену спаборніцтваў. Але ж клопат пра дабрабыт фірмы гэта адно, а свая сарочка да цела ўсё роўна бліжэй.

У лютым Рэнэ Фазелю споўніцца 71 год, і яго час на чале Міжнароднай федэрацыі падыходзіць да завяршэння. Новыя выбары запланаваныя на восень 2021-га, і ўжо вядома, што сваю кандыдатуру швейцарац выстаўляць не будзе. Ён сам гэта некалі абвесціў, пакрэсліўшы, што «вакол мяне шмат маладых».

Фазель збіраецца на пенсію і хоча спакойна сустрэць старасць. Яму яўна не пасуе слава апалагета Лукашэнкі, якой на радзіме абавязкова аддадуць належнае. Бо альпійская краіна нядаўна рашуча далучылася да санкцый супраць беларускіх уладаў — і не ў апошнюю чаргу таму, што ў калонію на 2,5 гады патрапіла грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ.

Наталля Хершэ. Фота dw.com

Ці магчыма саламонава рашэнне наконт чэмпіянату?

Калі ўсё, згаданае намі вышэй, слушна, то дэпартацыя ЧС з Мінска адбудзецца з вялізнай імавернасцю. Калі, дакладна пакуль невядома — верагодна, у хуткім часе пасля візіту старшыні ІІХФ у Мінск. А вось пад якім соўсам, як казаў герой Ільфа і Пятрова, — гэта цікавая акалічнасць.

Выкажам здагадку: Рада Міжнароднай федэрацыі паспрабуе правесці вердыкт у максімальна лагодным рэчышчы. Канкрэтна — пад чыннікамі COVID-19, вывеўшы за дужкі палітыку, каб не ствараць прэцэдэнт. Бо ці мала што — глядзі, заўтра прыйдзецца дэманстраваць тыя ж яйкі такой жа «санкцыйнай» пуцінскай Рассіі. 

Адносна кавіду, дарэчы, афіцыйны Цурых ужо выказваў заклапочанасць. На папярэднім этапе — у лістападзе — ІІХФ апублікавала прэс-рэліз, дзе адмыслова засяродзіла ўвагу на гэтай праблеме ў Беларусі. Фармулёўкі там недвухсэнсоўныя — маўляў, маем сур’ёзны «сумнеў адносна карэктнасці афіцыйнай статыстыкі па вірусе ў краіне, колькасці выпадкаў захворвання з верасня 2020 года і дастатковасці мер, што прымаюцца дзяржавай для прадухілення распаўсюджвання пандэміі».

Па сутнасці, быў агучаны недавер да метадаў барацьбы з навалай, якую ў Беларусі да некаторых часоў увогуле ігнаравалі, называючы псіхозам. Зараз акцэнты змясціліся, аднак гэта наўрадці ўразіць чуллівых еўрапейцаў. Бо ў нас толькі з аднаго боку масачны рэжым, тэсты і вакцыны, а з другога — масавыя мерапрыемствы, навагоднія ранішнікі ў паўнюткіх залях і грэблівае стаўленне да «наморднікаў» на вышэйшым узроўні.

Так, кавід — добры соўс. Як казаў гайдаеўскі таварыш Джабраіл, тое, што нам перашкаджае, тое нам дапаможа.

Фота iihf.com

 

 

 

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: