Ператрусы і затрыманні 12 ліпеня

У панядзелак, 12 ліпеня, працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, высвятляюцца падрабязнасці крымінальных спраў супраць раней затрыманых журналістаў. Хроніку вядуць праваабаронцы.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Мазыр

Ператрусы ў Мазыры адбыліся сёння мінімум у шасці чалавек, піша «Белсат». Кожнага вазілі на допыт. Некаторыя ўжо выйшлі, некаторыя — яшчэ не. Ва ўсіх забіралі тэлефоны. Як паведамляе «Палеская Вясна», пастановы на ператрусы вынесеныя гомельскімі следчымі. Ператрусы прызначаныя ў межах справы паводле арт. 289 («Акт тэрарызму»), але ў дачыненні да каго справа і з якога выпадку — невядома. Людзей пасля ператрусаў забіралі ў РАУС для апытання, падчас якога пыталіся пра суполку «ОГСБ». У некаторых сілавікі хацелі ўзяць аналіз біялагічнага матэрыялу, але людзі адмаўляліся.

Стала вядома, што 10 ліпеня ў Мазыры затрыманы Антон Кошчанка з Калінкавічаў, які жыў у Мазыры ў інтэрнаце. У яго ў пакоі вісеў нацыянальны сцяг. Амаль тры дні бацька Антона не мог знайсці, дзе ён знаходзіцца. Калі 12 ліпеня бацька напісаў заяву ў пракуратуру, яму паведамілі, што Антона Кошчанку КДБ адправіў у СІЗА-3 у Гомель.

Магілёў

Дадому да магілёўскага журналіста і праваабаронцы Сашы Райкона (Буракова-малодшага) прыходзілі курсанты з міліцыі, піша «MAYDAY». У кватэру, дзе прапісаны Саша, заявіліся некалькі чалавек у міліцэйскай форме, якія прадставіліся курсантамі Магілёўскага інстытута МУС. Будучыя сілавікі першапачаткова растлумачылі сваю мэту візіту як устанаўленне, ці ёсць беспрацоўныя, якія пражываюць у кватэры. Аднак у наступным пытанні тычыліся толькі Райкана — курсантаў цікавіла, дзе знаходзіцца малады чалавек і яго актуальны нумар мабільнага тэлефона. Пры гэтым апавяшчэнняў аб уключэнні ў «базу дармаедаў» у сям'ю ніколі не прыходзіла. Пераканаўшыся, што Сашы дома няма, курсанты сышлі.

Брэст

Днём 12 ліпеня да Маргарыты Вялічкінай — жонкі праваабаронцы і кіраўніка брэсцкай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзіміра Вялічкіна — супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам па двух адрасах.

Гэта ўжо другі ператрус у сям'і праваабаронцы: 16 лютага падчас масавай атакі на праваабаронцаў і актывістаў у Вялічкіных таксама праводзіўся ператрус у межах арт. 342 КК. Сам Уладзімір з'ехаў ад пераследу з Беларусі яшчэ ўзімку.

Дзяржынскі раён

Раніцай у пасёлку Энергетыкаў Дзяржынскага раёна затрымалі 26-гадовага Максіма Шыпава. Мяркуецца, што яго звезлі ў Дзяржынск. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Глыбокае

Журналіста-фрылансера Змітра Лупача вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Глыбоцкага РАУСа пасля трох сутак зняволення, піша БАЖ. 8 ліпеня сілавікі затрымалі журналіста ў санаторыі «Пліса», дзе той адпачываў. Перад гэтым зранку прыязджалі да яго дадому. Пасля затрымання міліцыя ў той жа дзень зладзіла ў кватэры журналіста ператрус, забралі мабільны тэлефон.

Падставай для затрымання стала крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні»), распачатая з прычыны відэароліка ў тэлеграм-канале «Глубокое для жизни». У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. Змешчаны відэаролік быў пад нікам «Zmagar BNR».

Як вынікае з дакументаў, якія атрымаў Зміцер Лупач, падазраваным па крымінальнай справе яго зрабіў начальнік Глыбоцкага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік Плікат Сяргей Міхайлавіч: ён пастанавіў затрымаць журналіста і ўтрымліваць у ІЧУ Глыбоцкага РАУСа.

Акрамя Змітра Лупача пад так званую «зачыстку», якую праводзілі сілавікі ў Глыбокім і наваколлі, трапілі некалькі грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага. Пяцёра з іх адседзелі ў ІЧУ 72 гадзіны, сярод іх — адна жанчына.

Мінск

У Мінску затрыманая лекарка Вольга Марханава. У яе ёсць непаўналетнія дзеці.

Як піша «Наша Ніва», сілавікі забралі Руслана Ташцімірава, верніка і бацьку 10 дзяцей, паведамляюць знаёмыя сям'і. У яго забралі ўсе БЧБ-сцягі, камп'ютар, тэлефон.

Следчы камітэт Беларусі наклаў арышт на банкаўскі рахунак Аляксандра Чахоўскага, выканаўчага дырэктара Беларускай рады культуры і прадусара спявачкі Маргарыты Ляўчук, піша By_Culture.

«Я дазнаўся пра гэта ад кансультанта свайго банка, калі запытаўся, чаму раптам заблакавалі маю беларускую картку. Ані свайго статусу, ані іншых падрабязнасцей я не ведаю», — зазначае Аляксандр.

Стала вядома, што палітзняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна абвінавачваюць у перакрыцці руху транспарту — знайшлі яго фота на маршы, дзе ён стаіць на дарозе. Яму ікрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

«Трыбуна» даведалася пра стан Аляксандра Івуліна ад яго экс-сукамерніка:

«Саня ў парадку — наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы. Ён на пазітыве і моцны духам, такія не ламаюцца. Кожны дзень трэніруецца і размінаецца як дазваляюць умовы "хаты". Вядома, месяц у ЦІПе не мог прайсці незаўважна, схуднеў і аброс як маджахед, толькі руды. Але ён малайчына, трымаецца бадзёра, пазітыўна, кожны дзень зарадка, размінка, расцяжка».

Паведамляецца, што для «"палітычных" умовы сапраўды жэсць»: не аддаюць перадачы, забралі матрацы і падушкі і даводзіцца спаць на голых дошках, выводзяць з камеры ў асноўным «ластаўкай».

Івуліна перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Чаты і каналы «Гродно для Жизни new», «Ошмяны для жизни Чат», «Ивье для жизни», «Октябрьский рн Минск СДЖ/БНР», «Октябрьский 97%», «Ангарская для жизни», «Чижовка для Жизни», «Заводской 97%», «Минск 97%» прызнаныя экстрэмісцкімі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: