Ператрусы ва Уруччы: забралі тое, што трапіла на вочы

Напярэдадні сілавікі прыходзілі з ператрусамі не толькі ў мінскую Грушаўку. З жыхарамі мікрараёну Уручча, да якіх таксама завіталі з аглядам, пагутарыў «Белсат». Імёны герояў змененыя дзеля бяспекі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат

Жонка Івана даведалася пра ператрус толькі пасля яго завяршэння

Іван збіраўся на працу, калі яму ў дзверы пазванілі.

«Яшчэ на мінулым тыдні па нашым доме сталі хадзіць, мабыць, міліцыянты ў форме, а потым у цывільным. Незразумела было, чаго яны хадзілі, я быў на працы, і мне распавялі кансьержы, што нехта прыходзіў», – згадвае ён.

Іван не вельмі хваляваўся, бо інфармацыі пра ператрусы ў іншых дамах яшчэ не было. Падчас візіту сілавікі паказалі пастанову на ператрус, у якой ішлося пра тэрарызм, хаця статусу Івана пазначана не было.

«Статусу не было, а вось нейкі артыкул пра тэрарызм быў. Пыталі, ці я ведаю, чаго яны да мяне прыйшлі і ці быў я на нейкіх недазволеных мітынгах. Я казаў, што не ведаю і не быў, але артыкул 23.34 маю», – распавёў Іван.

Яшчэ Івана пыталі, ці мае ён забароненыя рэчы ды ці рыхтуе дзяржаўны пераварот, а потым пайшлі з ператрусам па кватэры.

«У адным пакоі спалі жонка з сынам, то яны туды і не заходзілі. Калі ўсё скончылася, жонка прачнулася і запытала, чаму я ўдома. А я і кажу, што не на працы, бо ператрус толькі прайшоў», – згадвае Іван.

Асабліва пільна «госці» Івана не даглядалі, па шафах не лазілі, але забралі тэхніку.

«Я даведаўся ад калегаў, што ў іх таксама быў ператрус, да іх таксама прыходзілі. Мяркую, ім даводзяць зверху шукаць нейкія схаваныя ячэйкі», – разважае Іван.                                     

Мікалай да ператрусу быў падрыхтаваны

Мужчына зразумеў, што яго чакае ператрус, бо на мінулым тыдні прыходзілі некалькі разоў, калі Мікалая не было ўдома.

«Я зразумеў, што гэта будзе проста агляд, іначай яны б мне дзверы выламалі», — мужчына дзеліцца меркаваннем.

Пра тое, што «госці» ідуць, Мікалай даведаўся ад суседзяў:

«Я ўжо збіраўся сыходзіць, але вырашыў пачакаць, хай ужо прыходзяць. Быў тут і ўласны інтарэс: хацелася развязаць гэтае пытанне да таго, як вернуцца з адпачынку мае дзеці. Каб не было для іх стрэсу».

Яму таксама паказалі пастанову пра тое, што расследуецца справа аб тэрарызме, але сфатаграфаваць не дазволілі.

«Я ўжо быў падрыхтаваны да ператрусу, а калі мы з імі сустрэліся, то было зразумела, што ім гэта асабліва не было трэба. Прыйшлі таму, што прыйшлі. Я яшчэ пажартаваў: дзе я, а дзе тэрарызм. Пыталі пра забароненыя прадметы, а я пытаў, што да іх адносіцца: малаткі, пілы, кухонныя нажы? Тут, калі не смяяцца і не пасміхацца, не будзе як жыць», – перакананы Мікалай.

«Госці» загадалі Мікалаю самому шукаць сведак, а калі тыя прыйшлі, пачаўся ператрус.

«Запыталі, што ў мяне ёсць, я сказаў, што ёсць ноўт. Яго забралі. Потым зноў пыталі, ці ёсць нешта забароненае. Я тады перапытаў, што змянілася з часу іх папярэдняга пытання. Яны сказалі, што нічога. Ну і вось», – смяецца мужчына.

Сілавікі агледзелі палічкі ў пакоі, зноў запыталі пра гранаты і кактэйлі Молатава, потым забралі ноўтбук.

«Запыталі, ці ёсць пароль, я адказаў, што ёсць, але называць яго адмовіўся. А што: калі гэта іхная праца, вось хай і працуюць», – мяркуе Мікалай.

Мужчына адзначыў, што ягоная сітуацыя адрознівалася ад ператрусаў, калі сілавікі выломвалі дзверы і пераварочвалі кватэры.

Актыўныя аблавы на актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці працягваюцца ў Беларусі ўжо другі тыдзень. Улады гэта называюць «актыўнымі дзеяннямі для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: