Перавялі ў СІЗА КДБ, прынялі перадачы. Што вядома пра затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азоту»

Шэсць затрыманых работнікаў «Гродна Азоту» застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ. Да некаторых здолеў трапіць адвакат, ім перадалі перадачы, паведамляе «Радыё Свабода».
Затрыманні азотаўцаў ішлі з 19 па 23 верасня. На 24 верасня вядома, што пад вартай засталіся шэсць былых і дзейных работнікаў «Гродна Азоту»:

1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3»;
2. Андрэй Пагярыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3»;
3. Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3»;
4. Андрэй Башан, работнік цэху «Аміяк-3»;
5. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
6. Вадзім Яфіменка, супрацоўнік «Хімвалакна».

Сяргей Шэлест

Сяргей Шэлест


Як паведаміла крыніца з «Гродна Азоту», усіх перавялі ў СІЗА КДБ. Цяпер заключаюць дамовы з адвакатамі, нехта пагадзіўся на дзяржаўнага абаронцу. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні. Сваякі паехалі ў Мінск, каб перадаць затрыманым перадачы.

Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар

Наколькі вядома, абвінавачанняў яшчэ не прад’яўлялі. Прычына затрымання азотаўцаў невядомая.

Валянцін Цераневіч

Чацвёра з затрыманых працавалі ў «самым пратэставым» цэху прадпрыемства «Аміяк-3». Менавіта там найбольш работнікаў летась у кастрычніку адмовіліся заступаць на змену, каб вымусіць кіраўніцтва паступова спыніць вытворчасць. Аднак гэтага не атрымалася. Траіх звольнілі летась у лістападзе: Шэлеста, Пагярылу і Жураўку. Першыя двое спрабавалі аднавіцца на працы праз суд разам яшчэ з 11 калегамі, але прайгралі.

Пра Шэлеста і Пагярылу гарадзенцы пачулі, калі тыя год таму павесілі бел-чырвона-белы сцяг на тэлевізійную вежу ў Горадні. За гэта адседзелі па 10 содняў.

Двое затрыманых, Цераневіч і Яфіменка, працавалі на заводзе «Хімвалакно», які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту», але займаецца іншай вытворчасцю.

Яшчэ чатырох работнікаў «Азоту» выпусцілі пасля затрымання. Гэта Рыгор і Арцём Рубаны, Дзмітрый Ільюшчанка, Аляксей Сідар. Яны пад падпіскай аб неразгалошванні.

Адначасна з азотаўцамі затрымалі работнікаў БМЗ Аляксандра Гашнікава, Дзмітрыя Елісеева і Святлану Зыль (былая работніца), супрацоўнікаў Беларускай чыгункі Ганну Аблаб і Сяргея Дзюбу, работніка МТЗ Дзмітрыя Колбіка. Амаль усе яны таксама ў «амерыканцы», за выключэннем Елісеева — ён у СІЗА Гомеля, і Колбіка — ён на «Валадарцы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: