«Перспектыва нашай перамогі відавочная» — Уладзімір Някляеў

Паэт і палітык, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Уладзімір Някляеў нагадвае, што ніколі беларускія апаненты Лукашэнкі не атрымлівалі дапамогі ад Масквы, і расказвае «Свабодзе», чаму 16 жніўня не заклікаў людзей на Плошчы займаць дзяржаўныя ўстановы.

Фота Арцёма Лявы

— У мяне перад вачыма стаіць карціна з аднаго тэлерэпартажу ў жніўні, дзе вы, спадар Уладзімір, стаіце на плошчы Незалежнасці і гаворыце карэспандэнту ў тэлеэфір, што нельга заставацца на месцы, трэба ісці шэсцем, гэта будзе дынамічна, далучацца іншыя людзі. Але, працягваеце вы, «я не той чалавек, які зараз можа на гэта паўплываць ці кіраваць гэтым працэсам». Зараз шмат абмяркоўваюць тыя жнівеньскія і вераснёўскія дні. Ці лічыце вы, што ў той момант не хапіла палітычнага лідэрства ці канкрэтнага лідэра, які мог бы павесці за сабой тыя сотні тысяч, якія тады выйшлі на вуліцы?

— Я ў сваіх думках неаднойчы вяртаўся да гэтага дня, 16 жніўня. І дастаткова моцна сябе дакараў, што не прыняў такога рашэння, якое, як я цяпер бачу, мусіў быў прыняць. 16 жніўня горад быў наш, на вуліцах не было ні спецназу, ні АМАПу, усе яны збеглі, убачыўшы тую колькасць людзей, якая выйшла на пратэст. І я стаяў на плошчы і адчуваў, што трэба нешта рабіць. Я паспрабаваў, калі яшчэ ішлі да плошчы Незалежнасці, павярнуць людзей да турмы на Валадарскага, але за мной пайшлі толькі каля сотні чалавек. Усе астатнія пайшлі на плошчу Незалежнасці — з музыкай, з песнямі. З адчуваннем перамогі. 

Я паспрабаваў на плошчы пагаварыць з людзьмі, каб заняць Дом ураду ці гарвыканкам — але ў мяне не было мандату на тое, каб стаць на трыбуну і заклікаць людзей да гэтага. А па-другое, я не ведаў дакладна, ці не ёсць гэты сыход сілавікоў з вуліцаў пасткай і часткай нейкага іхняга плану. Яны сышлі, людзі займаюць гарвыканкам ці яшчэ нейкі будынак, а пасля яны кідаюцца са зброяй, і пачынаецца трагедыя. І ў ёй будзе вінаваты той, хто прыняў такое рашэнне.

Афіцэр Ігар Макар (мяркую, гэта той чалавек, якому можна давяраць) сказаў, што рыхтавалася наўмысная правакацыя такога кшталту, яны збіраліся нават расстраляць некалькі сілавікоў, увесці войскі і патапіць пратэст у крыві. Так што, можа, і добра, што ніхто ў тыя дні не пайшоў штурмаваць і займаць дзяржаўныя ўстановы.

Ці лічыце вы, што цяпер гэтак неабходна горача і палымяна аналізаваць тое, што адбылося ў жніўні і верасні, шукаць памылкі і вінаватых? Ці найперш варта канцэнтравацца на тым, што далей рабіць?

— Вядома, найперш цяпер трэба думаць пра тое, што рабіць зараз. Я і так ужо бачу падрыхтаванасць апазіцыі (і зусім старой, там, дзе Зянон Пазняк, і пазнейшай, дзе Мілінкевіч) да грызні і лаянкі. І не бачу салідарнай пазіцыі па нашай стратэгіі, па штурме рэжыму, які павінен прывесці да перамогі. Я бачу гэта толькі ў масавым выхадзе людзей на Плошчу, не меншым, чым гэта было ў жніўні-верасні. Я б усё рабіў менавіта ў гэтым кірунку.

— Шмат дыскусіяў ідзе наконт таго, ці трэба вяртацца ў Беларусь Святлане Ціханоўскай. Гэтыя размовы актывізаваліся на фоне вяртання ў Расію палітыка Аляксея Навальнага. Ваша меркаванне наконт гэтага — меркаванне чалавека, які і з’язджаў, і вяртаўся?

— Дзеля чаго і чаму вярнуўся Навальны? Бо ён хоча быць прэзідэнтам Расіі, для гэтага ён пайшоў у палітыку. Ці хоча быць прэзідэнтам Беларусі Святлана Ціханоўская? Не, яна неаднаразова пра гэта заяўляла. Дык з якой матывацыяй яна будзе вяртацца?

Нават калі ўлічыць усе гэтыя фантазіі, што яе АБСЭ пад аховай прывязе, ці ААН возьме яе ў свой штат... дык што, лукашысты дазволяць ёй рабіць рэвалюцыю? Мы жывём у краіне, у якой запанавала вайсковая дыктатура, і наступствы вяртання для яе будуць адназначна турэмныя.

Нашы лідары, якія гатовыя стаць прэзідэнтам (Статкевіч, Севярынец), якія гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць сабой, — знаходзяцца ў зняволенні.

— Ваша стаўленне да расійскай тэмы? Цяпер існуюць дзве процілеглыя пазіцыі. Адны лічаць, што Масква падтрымлівае Лукашэнку, ён яе задавальняе, і ўсе дзеянні Крамля ад жніўня толькі даказваюць гэта. Іншыя аналітыкі заяўляюць, што гэта было часова, а на самой справе Крэмль даўно хоча прыбраць Лукашэнку, проста чакае лепшага моманту і спрыяльных абставін.

— Усе беларускія палітыкі, якія спрабавалі ўдзельнічаць у барацьбе за ўладу, так ці інакш спадзяваліся на дапамогу Расіі, і ніводнага разу яны гэтай дапамогі не атрымалі. І ў бліжэйшай перспектыве я не бачу магчымасці такой дапамогі. Можа, Пуціна і не задавальняе Лукашэнка, але ў доўгай перспектыве ён на яго разлічвае, і ўсе дзеянні Масквы гэта даказваюць. Цяпер Расія затрымала і выдае рэжыму Лукашэнкі на расправу спартоўца Аляксея Кудзіна.

На сёння ў Расіі пераважае пуцінская Расія. Да нас, беларусаў, захопленае стаўленне ў невялікай часткі грамадства, у дэмакратычных расіян. Вось прыклад. Я напісаў эсэ пра кнігу майго даўняга сябра Ігара Шклярэўскага, бліскучага расійскага паэта, родам з Магілёўшчыны. Але праз тое, што ў расійскай культурнай эліце мяне прылічылі да русафобаў, ніводнае выданне, нават самае дэмакратычнае, гэтага не надрукавала.

— Сацыялагічныя апытанні пацвярджаюць, што большасць расіян, нават ведаючы пра ўсе зверствы сілавікоў у Беларусі, падтрымліваюць не пратэстоўцаў, а Лукашэнку.

— Так, і яны падтрымліваюць Лукашэнку толькі з адной прычыны — бо ён кажа, што «мы такія самыя, як і вы». А хто так не кажа — той вораг Расіі.

— Кажуць, што першы этап рэвалюцыі прайшоў і цяпер трэба рыхтавацца да другога. Але пакуль пануе контрарэвалюцыя, мы бачым усе гэтыя дзікія затрыманні і прысуды. Як беларусам перажыць гэты час, якія словы могуць даць спадзяванне і веру, што гэтая цемра не назаўжды?

— Па-першае, рэвалюцыя адбылася. Рэвалюцыя — гэта не абавязкова змена ўлады. Адбылася рэвалюцыя ў свядомасці, душах людзей. Людзей, якія з’яўляюцца сілай, гатовай давесці справу рэвалюцыі да канца.

Можна, канечне, чакаць эканамічнага правалу, калі ва ўладаў не будзе грошай плаціць заробкі. Калі настане такі момант, тады лягчэй будзе вывесці людзей на вуліцы. Але колькі гэтага моманту чакаць, калі мы бачым, што нейкія санкцыі асабліва моцна не дзейнічаюць?

Таму я лічу, што не варта чагосьці чакаць, а праз незалежныя СМІ і інтэрнэт трэба даводзіць, што мы рыхтуемся да новага выступу, да часу «Ч». Усю нашу дзейнасць трэба скіроўваць на тое, каб падняць людзей.

Усе гэтыя месяцы вяліся гарачыя дыскусіі вакол мірнай формы пратэсту. Большасць выказвалася ў тым духу, што менавіта гэта адзіная прымальная форма. Людзі, якія выказвалі адваротную думку, былі ў меншыні, і іх часам ледзь не называлі правакатарамі. Але калі будзе другая хваля пратэстаў і людзі выйдуць на вуліцы, — то пасля вопыту жніўня і верасня многія з іх скажуць — «мы больш не будзем толькі хадзіць па вуліцах з кветачкамі». Па-вашаму, ці магчымая такая змена ў свядомасці пратэстоўцаў?

— Безумоўна, магчымая, і яна ўжо назіраецца. Я перакананы — не трэба палохацца таго, чым нас палохае Лукашэнка. У яго не так шмат гэтых сілаў. І калі мы выйдзем на пратэст той колькасцю людзей, як гэта было 16 жніўня — то ніякіх крывавых дзеянняў ад улады не будзе. Тым больш армейскага ўдзелу не варта баяцца. Бо ўсе гэтыя падзеі, якія адбываліся ад 9 жніўня, увесь гэты жах, яны паўплывалі не толькі на тых, хто выходзіў на плошчу. Няма такой сілы, якая магла б перамагчы народную сілу.

Я нядаўна, яшчэ будучы ў Швецыі, напісаў драму «Ягайла». І напісаў яе толькі таму, што ўбачыў відавочныя паралелі з тым, што адбывалася 500 гадоў таму, з сённяшнім часам. Ёсць кіраўнік краіны, у якога прысутнічае нічым не кіраваная прага ўлады, і дзеля яе насычэння ён пачынае гандляваць інтарэсамі краіны. Урэшце ўсё перамалолася, а народ, які тады ніхто не браў у разлік, застаўся народам, і цяпер дайшоў да ўсведамлення таго, што ён ёсць нацыя.

Перспектыва нашай перамогі відавочная. Гэта пацвярджаецца ўсёй гісторыяй. Я асабіста перакананы, што гэта адбудзецца ўжо пры маім жыцці.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: