Першамай у Гомелі, або хто прыцягвае ўвагу да праблем

Затрыманні журналістаў і актывістаў, пратаколы і суды — і ўсё гэта пасля афіцыйна дазволенага ў Гомелі мітынга. Каму ўсё ж такі выгодна ўвесь час трымаць народную ўвагу на пульсе праблем у краіне?

Афіцыйна дазволены ўладамі "першамай" у Гомелі

Пратэстныя настроі ў Беларусі пайшлі на спад. І з гэтым фактам цяжка спрачацца: інтэнсіўнасць сходаў і мірных шэсцяў зменшылася, роўна як і колькасць людзей. На двары пацяплела, дзякуючы сонейку людзі пачалі атрымліваць больш вітаміну Д, што спрыяе добраму настрою і сыходу дэпрэсіі. У рэшце рэшт пачалася пасяўная і беларусы ўсё больш часу праводзяць на лецішчах. І народ хутчэй за ўсё забыўся б на маршы недармаедаў, адклаў часова сваю незадаволенасць, калі б не адно «але» — затрыманні, суды, штрафы і суткі.

У Гомелі чарговай нагодай звярнуць увагу на праблемы беларускай сістэмы стаў першамай. Тут праходзіў санкцыянаваны ўладамі мітынг, які арганізоўвала партыя «Зялёныя». Мітынг быў прысвечаны дню працы, правам працоўных, ды насіў сацыяльны характар. Але трапіць туды змаглі не ўсе жадаючыя: кагосці не прапускалі на тэрыторыю з мегафонам, кагосьці з газетай «Новы час», іншых — з бел-чырвона-белымі сцягамі. Таму шмат людзей засталося стаяць за агароджамі, так і не прайшоўшы на тэрыторыю, вызначаную для мерапрыемства. Па розных падліках усяго разам з тымі, хто застаўся за агароджай, у мерапрыемстве паўдзельнічала прыблізна 100-150 чалавек, сярод якіх асноўную частку складалі людзі пенсійнага ўзросту.

Асноўная частка людзей адмовілася праходзіць у "загон" на мітынгу

Сістэма пропуску на тэрыторыю мітынга нагадвала аэрапорт: агароджа, металашукальнікі, асабісты дагляд і кантроль усіх рэчаў, насупраць увахода стаяла відэакамера тыпу знешняга назірання, якая фіксавала ўсіх, хто праходзіў на мітынг ці спрабаваў туды трапіць. Па тэрыторыі, дзе адбываўся мітынг, таксама хадзіла досыць шмат людзей у форме і ў штацкім, якія фіксавалі ўсё на фота і відэа.

Чалавека абшукваюць на прадмет забароненых рэчаў на ўваходзе на санкцыянаванае масавае мерапрыемства

У цэнтры - камера, якая фіксуе ўсіх, хто ўваходзіць на тэрыторыю мітынга

Збольшага ўсё прайшло дужа спакойна: прамоўцам ніхто не замінаў выказвацца, людзі распавядалі, слухалі, скандавалі лозунгі прысвечаныя працы і сацыяльным пытанням, якія хвалююць беларускі народ апошнія паўгады: «не — карупцыі», «не — дэкрэту №3», «супраць платнай медыцыны» і г.д. На мітынг, нягледзячы на шэраг перашкодаў нават змог трапіць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Усё прайшло вельмі спакойна і мірна: жадаючыя сабраліся, выказаліся і разышліся. Але не ўсе.

Віталя Рымашэўскага спачатку адмаўляліся прапускаць з мегафонам

Для гомельскіх журналістаў і актывістаў «першамай» пачаўся ўжо 30-га красавіка. Нашага калегу, журналіста Яўгена Меркіса, які збіраўся асвятляць першамайскі мітынг, па дарозе дамоў затрымалі двое АМАПаўцаў і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. У выніку 2 траўня суд вынес Меркісу 5 базавых велічыняў штрафа, а час да суда яму давялося правесці ў ІЧУ. Зранку 1 траўня таксама былі затрыманыя грамадскія актывісты Андрэй Макараў, Віктар Рубцоў, Мікалай Пяшко, Барыс Анікееў. Гомельскі блогер Максім Філіповіч быў заблакаваны ў сваёй кватэры двума супрацоўнікамі органаў у грамадзянскім адзенні. Журналістаў і актывістаў пільнавалі каля дамоў з глыбокага ранку.

Тых з іх, каму ўсё ж удалося трапіць на мітынг, затрымлівалі па сканчэнні. Так затрымалі мяне, Ларысу Шчыракову, Васіля Палякова.

Васіль Палякоў разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг

Я накіроўвалася дамоў і не дайшла літаральна двухсот метраў да сваёй кватэры. Людзі вырашылі правесці мяне дадому, але па дарозе заўважылі, што за мной пільнуюць супрацоўнікі ў грамадзянскім адзенні, міліцыянты ў штацкім і «Ніва» Чыгуначнага РАУСа, якая ўвесь час кружаляла туды-сюды. У рэшце рэшт «Ніва» перагарадзіла нам шлях і з яе выйшлі двое міліцыянтаў са словамі «Девушка с рюкзаком, проедемте с нами». 

Яны не прадставіліся, не паказалі службовых пасведчанняў, толькі настойліва прасілі праехаць з імі. На маё пытанне ці затрымліваюць мяне адказалі «не». На пытанне ці магу я ісці — таксама «не». Пасля некалькіх маіх просьбаў прадставіцца адзін з іх усё ж такі назваўся ўчастковым Чыгуначнага РАУСа Шуляком і нават паказаў пасведчанне і папрасіў мяне таксама прадставіцца. Я таксама назвалася і паказала пасведчанне карэспандэнта газеты «Новы час», але гэта ніяк не паўплывала на паводзіны спадара Шуляка і ён усё так жа настойліва прасіў праехаць з імі. Людзі спрабавалі мяне адбараніць, не пускаць, але па тварах міліцыянтаў было зразумела, што гэта бессэнсоўна.

У РАУСе мне адмовілі ў праве мець прадстаўніка (я ведала, што ўнізе сядзіць і чакае мая маці, таму я прасіла, каб міліцыянты пусцілі яе да мяне ў якасці майго прадстаўніка) і прычыну не патлумачылі. Таксама мне паўтары гадзіны адмаўляліся паведаміць у статусе каго я знаходжуся. На пытанне ці затрыманая я адказвалі адмоўна, на пытанне ці магу ісці дамоў — таксама. Тры разы мяне вадзілі на асабісты дагляд: першыя два разы я патрабавала спачатку растлумачыць мне мой статус і падставу для затрымання, у адказ на што міліцыянтка вельмі здзіўлялася, запытвала «а вам не объяснили?», хадзіла з кімсці раіцца і выпраўляла мяне зноў чакаць. 

Праз паўтары гадзіны мне нарэшце растлумачылі, што адносна мяне вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 22.9 (парушэнне заканадаўства аб СМІ), правялі дагляд асабістых рэчаў, расклалі ўсе рэчы па пакунках-файліках і адправілі да маёра міліцыі Сцепаненкі, які сказаў, што будзе складаць пратакол правапарушэння. Калі я спытала пра падставы і доказы для складання пратакола, мне адказалі — «я человек подневольный, это моя работа, мне необходимо составить на вас протокол».

Вось што напісаў у тым самым пратаколе спадар Сцепаненка:

«1.05.2017 года в 12-50 часов гр. Дробышевская М.В. осуществляла публикацию видеосюжета на сайте польского телеканала «Белсат» в программе «Объектив» с проведением интервьюирования граждан на тротуаре ДК ЧУП «Випра» по улице Юбилейной под названием «Онлайн. 1 траўня ў Гомелі. 1 мая 2017», без акредитации в качестве журналиста иностранного СМИ, тем самым осуществляла свою профессиональную деятельность на территории РБ в нарушение (неразборліва) Закона Республики Беларусь «О средствах массовой информации», осуществляя тем самым правонарушение, предусмотренное ч.2 ст. 22.9 КоАП.»

Таксама Сцепаненка прадэмантраваў мне кадры ўласнай відэаздымкі, на якіх я здымаю на тэлефон фота і відэа і сказаў, што тым самым я інтэрв'юявала грамадзян. На пытанне дык што ж такое інтэрв’ю маёр Сцепаненка адказаў «это когда журналист задаёт вопросы, а ему на них отвечают». Але на паказаных мне відэа я не задавала нікому пытанняў і калі я звярнула на гэта ўвагу спадара Сцепаненкі той крыху разгубіўся і здавалася, нават крыху расстроіўся. 

Калі ж я ў чарговы раз падрэсліла, што супрацоўнічаю з афіцыйна зарэгістраваным на тэрыторыі Беларусі СМІ — газетай «Новы час» сказаў «будем разбираться, проведём проверку», уручыў мне копіі пратаколаў апытання і адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама раздрукоўку правоў і абавязкаў асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, і адпусціў.

Калі я нарэшце выйшла з РАУСа, у якім мяне пратрымалі 2,5 гадзіны, 1,5 з якіх — не паведамляючы статус і хоць якую інфармацыю чаму я там знаходжуся, стала вядома, што акрамя мяне пратакол па тым жа артыкуле склалі на журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову, а таксама затрымалі намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, які не змог прайсці на мітынг з б-ч-б сцягам і разгарнуў яго за агароджай. Спадар Палякоў, як апынулася пазней, быў абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і парушэнні правядзення масавага мерапрыемства, за што атрымаў 15 сутак арышту.

А гэта значыць, што наперадзе яшчэ сустрэчы актывістаў з ІЧУ і суды журналістаў — чарговыя інфанагоды і напаміны пра тое, што ў нашай краіне дужа шмат не толькі сацыяльных праблем, але і праблем са свабодай мірных сходаў і выражэння ўласнага меркавання, са свабодай СМІ і г.д. І гледзячы на ўсё гэта чытач сам можа зрабіць выснову каму ўсё ж такі больш выгодна ўвесь час ствараць такія інфанагоды і звяртаць увагу на гэтыя праблемы. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: