Першамайская талака ў Курапатах (+фота)

Амаль увесь дзень 1 траўня актывісты «Маладога фронту» праводзілі талаку ў Курапатах.

Працы адбываліся ў самым глухім кутку старога лесу — у ягоным паўночна-усходнім ускрайку. Менавіта там нізіна злучае ўзгорак старога лесу з гістарычнай назвай Брод, дзе да Другой сусветнай вайны знаходзіўся расстрэльны палігон за агароджай, з больш маладым лесам, які быў насаджаны пасля вайны на лысым падковападобным пагорку з старадаўняй назвай Курапаты, якую пасля адкрыцця таямніцы старога лесу ў 1988 годзе атрымала ўсё ўрочышча.

Маладафронтаўцы разам з жыхарамі сталічнага мікрараёна Зялёны Луг чысцілі лес ад смецця, скідалі яго ў мяхі і выносілі на пляцоўку для бытавых адкідаў ля шашы Заслаўе-Калодзішчы. Апроч таго, юнакі і дзяўчаты вялі падсечку сухастою і хмызняку, палілі галлё.

У каментары НЧ лідар МФ Зміцер Дашкевіч зазначыў, што талокі ў Курапатах — даўняя традыцыя “Маладога фронту”, якую час ад часу прыпыняюць закратаванні. “А так сістэматычна ў цёплую пару году мы збіраемся на талокі ў найбольш забруджаных участках Курапатаў”, — сказаў палітык. Менавіта Бог, на ягонае меркаванне, праз актыўнасць беларускай грамадзянскай супольнасці прымусіў дзяржаву неяк спрычыніцца да добраўпарадкавання Народнага мемарыялу, калі мець на ўвазе санітарную ачыстку старога лесу, арганізаваную летась, і сёлетні намер уладаў правесці мемарыялізацыю Курапатаў.

“Дзяржава была вымушаная прызнаць Курапаты, як месца генацыду камуністычнага рэжыму супраць беларускага народу. Натуральна, тут ляжаць парэшткі людзей розных нацыянальнасцяў, у тым ліку габрэяў і палякаў. Але ў першую чаргу пад нож сталінскага тэрору папалі прадстаўнікі свядомай беларускай інтэлігенцыі — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, пісьменнікі, журналісты і навукоўцы-гуманітарыі — сапраўдныя палітычныя лідары нацыі, яе эліта. Вось чаму яе амаль усю і знішчылі”, — падкрэсліў Зміцер Дашкевіч.

Ён выказаў шчырую падзяку ўсім заступнікам Курапатаў, у першую чаргу актывістам КХП-БНФ, хто дзесяцігоддзямі ствараў Народны мемарыял і рупіўся ім. “А дзяржаве ў адносінах да Курапатаў я хацеў бы пажадаць адно — каб у Народным мемарыяле не нарабіць шкоды, трэба раіцца з грамадзянскай супольнасцю, у першую чаргу з тымі людзьмі, хто амаль трыццаць год апякуецца гэтым святым месцам”, — заўважыў палітык.     

Трэба падкрэсліць, што дзякуючы шматгадовым высілкам актывістаў грамадзянскай супольнасці, Курапаты пакрысе вяртаюцца ў грамадскую свядомасць беларусаў. Пра гэта сведчыць ўзросшая цікавасць жыхароў краіны і замежнікаў да гэтага знакавага для кожнага беларуса месца. Так, сёння, калі вяртаўся з талакі дадому, убачыў на Галгофе вялікую групу экскурсантаў з Польшчы, якую суправаджаў вядомы беларускі гісторык, мой калега па газеце Ігар Мельнікаў.

 

Экскурсію для грамадзянаў Польшчы ў Народным мемарыяле вядзе гісторык Ігар Мельнікаў


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!