Першаму трамваю Беларусі — 120

Роўна 120 гадоў таму, 30 чэрвеня (па новым стылі) 1898 года, з дэпо горада Віцебска выйшаў першы трамвай. Трамвай у Віцебску з'явіўся раней, чым у Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу.


Гісторыя віцебскага трамвая пачалася ў 1896 годдзе. За права пабудаваць у горадзе «конна-электрычную чыгунку» ў той час змагаліся трое: ганаровы грамадзянін Кіева Фельдзер, грамадзянін Францыі Фернан Гільён і прадстаўнік Бельгійскага грамадства ў Бруселі Пётр Вільмен. Іх заявы былі разгледжаны гарадской управай, і ў выніку галасавання перамог французскі праект.

Віцебская ўправа заключыла з Гільёнам дамову на будаўніцтва ў Віцебску электрычнай чыгункі. Дамова прадугледжвала перадачу канцэсіі на будаўніцтва і эксплуатацыю трамвая на 40 гадоў. А Гільён павінен быў за ўласны кошт пабудаваць чыгунку, трамвай і ўсю неабходную інфраструктуру. А потым яшчэ і выплочваць з кожнага вагона грошы ў гарадскую казну.


Будаўніцтва трамвая дазволіла вырашыць не толькі транспартную праблему. Напрыклад, электрастанцыя магутнасцю 425 кВт, якую таксама пабудаваў Гільён, асвятляла губернатарскі палац, штаб Двінскай ваеннай акругі, суд, гатэль, лазарэт і тэатр.

Варта адзначыць, што трамвай у Віцебску з'явіўся раней, чым у Маскве (1899) і Санкт-Пецярбургу (1907). А ў Мінску электрычная чыгунка запрацавала толькі ў 1929 годдзе. 


Цікавосткі пра віцебскі трамвай:

  • Адмыслова для ўрачыстасцяў, звязаных з пускам трамвая, віцебскі кампазітар Отта Крамер напісаў «Трамвайны марш».
  • Дліна трамвайнай лініі складала 5.1 км.
  • Маторны выгон быў разлічаны на 32 месцы: 20 сідзячых і 12 стаячых на пляцоўках. Прычапны вагон меў 28 месцаў.
  • Калі ўсе месцы былі запоўнены, больш людзей у вагон не пускалі.
  • Трамвай выходзіў на маршрут а сёмай гадзіне раніцы летам і на гадзіну пазней зімой. Рух спыняўся ў 11 вечара.
  • Трамваі хадзілі з інтэрвалам 12-15 хвілін. Праўда, хуткасць была не надта вялікая — у сярэднім 13.5 км/гадзіну.
  • У вагон не пускалі п'яных і неахайна апранутых грамадзян, нельга было паліць, правозіць сабак.
  • Квіткі прадаваў кандуктар. Праезд каштаваў 5 капеек для дарослых, 3 капейкі для вучняў у форме. Дзеці да 5 гадоў ездзілі бясплатна. Таксама бясплатным быў праезд і для супрацоўнікаў паліцыі.
  • Трамвайнае дэпо і зараз знаходзіцца на першапачатковым месцы.
  • У Віцебску на вуліцы Фрунзэ, дом 7 працуе музей трамвая.
  • На сёння менавіта ў Віцебску існуе найбольш разгалінаваная трамвайная сістэма ў Беларусі.

Фота з сайтаў evitebsk.com і probelarus.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: