Першыя прысуды судовага канвееру ў Гродна

У Гродна агучылі першыя за сёння прысуды ўдзельнікам акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3. Вiталь Гуляк, сябар партыі БНФ, атрымаў штраф у 30 базавых велічыняў (690 рублёў). Ірына Давідовіч з АГП асуджаная на 15 базавых велічыняў (345 рублёў).

Вiталь Гуляк

Паводле звестак праваабаронцаў, агулам у Гродна судзяць 13 чалавек. Іх падзялілі на некалькі групаў, справы разглядаюцца ў розных судовых залах некалькі суддзяў.

Ежы Грыгенча, Яўген Браўн, Анатоль Мышкевiч — cуддзя Алена Пятрова.

Антон Вайцехаў, Аляксандр Абуховiч, Сяргей Верамеенка — суддзя Наталля Козел.

Галiна Ламашэвiч, Вадзім Саранчукоў, Вольга Верамеенка, Мiкалай Салянiк — суддзя Руслан Гурын.

Таксама Iрына Давiдовiч з Iўя i Вiталь Гуляк з Ваўкавыску і  В. Гузевiч — суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Некаторыя з актывістаў сабралі з сабой рэчы і прадукты на выпадак арышту.

Напярэдадні актывісты правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой запрасілі прадстаўнікоў польскіх і літоўскіх амбасадаў на суды, а таксама на мітынг супраць Дэкрэту №3, які павінен прайсці ў Гродна ўвечары 15 сакавіка.  

У зале №3 за працэсам сачыў карэспандэнт “Радыё Рацыя” Якуб Сушчынскі, які распавёў:

Працэс тут вёў суддзя Дзмітрый Бубенчык… Абвінавачанымі былі Віталь Гуляк і Ірына Давідовіч — гэта прадстаўнікі з рэгіёнаў, якія 19 лютага таксама ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3. Абвінавачаныя не прызналі сябе вінаватымі. Фармальна суддзя праглядзеў відэазапісы, выслухаў сведкаў — міліцыянтаў Вайцешку і Нічыпара, якія ўдзельнічалі ў акцыі ў якасці фіксатараў падзеяў. Абвінавацілі прадстаўнікоў рэгіёнаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі ў тым, што яны, паводле артыкула 23-34, удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і сцяг Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Суддзя Дзмітрый Бубенчык у выніку асудзiў Вiталя Гуляка да 30 базавых штрафу, а Iрыну Давiдовiч — да 15 базавых. В.Гузевiч у суд не з’явiўся, таму над ім працэс не адбыўся.

Паводле меркавання суда, менавіта Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла арганізатарам маршу недармаедаў, які прайшоў у Гродна 19 лютага.

На фота (злева направа): Вадзім Саранчукоў (БНФ), Сяржук Верамеенка (БХД) з жонкай, Анатоль Мышкевіч (БСДП). Фота belsat.eu.

Сярод тых, хто атрымаў позвы ў суд, Вадзім Саранчукоў з Партыі БНФ:

Я абсалютна перакананы, што суд будзе скіраваны на тое, каб ізаляваць людзей, якія могуць у сераду, 15-га сакавіка, увечары, у цэнтры горада, неяк кіраваць пратэстамі і арганізоўваць іх. Таму суды, якія адбудуцца ў аўторак, толькі падкрэсліваюць эфектыўнасць перамоў, што адбыліся яна круглым стале ў пятніцу, то бок поўную неэфектыўнасць.  

Прыгадаем, што ў пятніцу, 10 сакавіка, гродзенскія дэмакраты сустракаліся з уладамі горада падчас круглага стала. Там актывісты агучылі свае патрабаванні, у тым ліку па спыненні дзеянні дэкрэта №3 у Гродна.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя, "Радые Свабода"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: