Пётр Рабаў дэпартаваны з Беларусі на 10 год

Увечары 16 кастрычніка Пятра Рабава выпусцілі з баранавіцкага ІЧУ і пад канвоем пасадзілі на цягнік да Смаленска. Аддзел па грамадзянству і міграцыі мясцовай міліцыі прыняў рашэнне аб дэпартацыі Рабава і забароне ўезда ў Беларусь на 10 год.

Анархісцкі сайт pramen.io паведамляе таксама, што на баранавіцкім вакзале быў затрыманы мясцовы праваабаронца Аляксандр Вайцешык, што суправаджаў Рабава. Нагодай магло стаць тое, што Вайцешык здымаў на відэа міліцыянтаў, што канваіравалі Рабава.

Нагадаем, расейскі філосаф, гісторык і анархіст Пётр Рабаў быў затрыманы ў Баранавічах 11 кастрычніка пасля праведзенай лекцыі «Неформальное движение Беларуси 1991-2010» і асуджаны да 6 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 9 кастрычніка АМАП атакаваў лекцыю Рабава ў Гародні, не даўшы ёй адбыцца.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!