Пікет каля БДУІР: «Ганьба адэптам «рускага свету!»

Каля БДУІР адбыліся пікет і сутычка з дружыннікамі. «Выкладчык Паўлавец — здраднік» было напісана на плакаце пратэстоўцаў.




9 снежня а 15 гадзіне актывісты грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва», зарэгістраванай у Латвіі, выйшлі да галоўнага корпусу БДУІР, дзе працуе выкладчыкам паліталогіі арыштаваны прарасійскі прапагандыст Юры Паўлавец.

Дзясятак пікетоўцаў прыйшлі з расцяжкай «Выкладчык Паўлавец — здраднік». Удзельнікі скандавалі: «Ганьба адэптам «рускага свету!», «Мы за Незалежную Беларусь!».

"Мы хочам паказаць кіраўніцтву ўніверсітэту, што ёсць група беларусаў, якія выступаюць супраць так званых прарасійскіх публіцыстаў, а таксама хочам давесці да рэктарату, што варта больш уважліва ставіцца да падбору кадраў. Людзі, якія называюць Беларусь «недадзяржавай», а беларусаў — «неданацыяй», не павінны мець акадэмічнай пляцоўкі для выказвання сваіх думак. Нашы актывісты гатовыя мірнымі спосабамі пікетаваць месцы, дзе жывуць і працуюць людзі кшталту Паўлаўца", — каментуе ідэю акцыі лідар арганізацыі Алег Корбан.




Неўзабаве з будынку БДУІР выйшла група маладых людзей, адзін з іх быў у камізэльцы з надпісам «добраахвотная дружына». Яны пачалі наступаць на пікетоўцаў, завязаўся канфлікт. Да маладзёнаў далучыўся мужчына, які назваўся «выкладчыкам». У выніку, «дружыннікі» выхапілі расцяжку з рук пікетоўцаў і пакамечылі яе.

Дыялог адбываўся на падвышаных тонах. Асноўнай прэтэнзіяй з боку «дружыны» стала тое, што пікетоўцы «парушаюць грамадскі парадак».

Нечакана да канфлікту далучыўся прарэктар БДУІР па выхаваўчай працы Дзмітры Кузняцоў. Ён паведаміў, што «Паўлавец не затрыманы, а проста не выходзіць на працу». Падрабязней пракаментаваць гэтае сцвярджэнне Кузняцоў адмовіўся. Тым часам супрацоўнікі ўніверсітэту выклікалі міліцыю.



Алег Корбан з паплечнікамі вырашылі сысці да прыезду праваахоўнікаў, каб пазбегнуць затрымання.

Паводлк Прэс-службы «Альтэрнатывы»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!