Пірог з паліцэйскім. Яшчэ дзевяць выпадкаў пераследу ў Беларусі, якія вартыя фельетону

Пікетуюць снегавікі і тавары на прылаўку. Судзяць за прабежку і аўтамабільны клаксон. Буслы на аўтобусных прыпынках праяўляюць асаблівы цынізм.

У краіне працягваецца крыжовы паход супраць нязгодных з дзеючай уладай. Не тое зрабіў, не тое сказаў, не тое напісаў у чаце. Заўважаны на акцыях салідарнасці, заспеты з бчб-сімволікай, проста апынуўся не ў той час не ў тым месцы. То ідзі сюды — на лаву падсудных. Зараз мы, як у тым кіно, разбярэмся, хто з нас халоп. І што табе лепей дапаможа неўзабаве — штраф, суткі ці чаго мацней.

Судовы кавеер працуе ці не кожны дзень, не ведаючы перадыху. І ці не кожны дзень папаўняецца анталогія прысудаў, якія цяжка спасцігнуць розумам і вымераць агульным аршынам. Некаторыя з іх на мяжы містычнага сюру, і журналісты гэта ўжо заўважылі (пра чбч-пасцілу, бчб-лампасы і суткі за «несанкцыянаваную» дапамогу бяздомным чытайце тут).

Аднак час ідзе, і сістэма працягвае Кафку рабіць быллю. Сёння мы падоўжым спіс судовых кейсаў, пры азнаямленні з якімі варта прытрымліваць рукамі дах — каб не з’ехаў. Яны на нашых вачах уваходзяць у гісторыю — самы момант зафіксаваць.

Але спачатку — маленькая прадмова.

Паміж фельетонам і рэальнасцю

У адным з апавяданняў Уласа Дарашэвіча (быў такі фельетаніст у дарэвалюцыйнай Расіі) расказваецца пра выпадак, як гарадавыя цягалі па акалотках нейкага п’янага бэйбуса. Падазравалі яго ажно ў забойстве свайго калегі — і толькі на той падставе, што дзядзька казаў у карчме, што напярэдадні нібыта еў пірог з паліцэйскім.

За тое яго гарадавыя лупілі, трымалі ў халоднай і ўсё злосна дапытваліся: «Чаму нармальныя людзі ядуць пірагі з грыбамі альбо капустай, а ты, сука, еў яго с паліцэйскім?!» І ў працяг: «Дзе схаваў цела, людапед?!»

Яшчэ б які год таму мы б перачыталі гэты фельетон з усмешкай — як чыталі іншых сатырыкаў, ад Салтыкова-Шчадрына да Гашэка, але сёння такая літаратура гарантавана і імгненна абуджае аналогіі з беларускай сучаснасцю. Жыццё настала такое, што яго ужо не перажартуеш, даводзячы да абсурда. Абсурд пагрукаўся ў дзверы сам.

«Сем кулек, як у Сараеве» — салдата Швейка, як памятаецца, пасадзілі ў астрог за гэтую рэпліку-алегорыю, выказаную падчас картачнай гульні. Маўляў, злосная непавага да забойства эрцгерцага Фердынанда. Але ці шмат вы знойдзеце адрозненняў гэтай гратэскнай гісторыі ад тых, пра якія прачытаеце ніжэй?

Хіба што толькі адно — у нашым выпадку няма аніякіх літаратурных перабольшванняў. Так усё і было на самой справе.

Symbal.by: пікетаванне на прылаўку

Напрыканцы студзеня ў краму, якая гандлюе таварамі, аздобленымі нацыянальнай сімволікай, прыйшоў АБЭЗ. Прыйшоў адзін — сышоў з дакументамі, тэхнікай і канфіскаваным таварам.

Тады ж забралі і чатырох супрацоўнікаў Symbal.by. Так крама, якую дзяржава прэсавала яшчэ да выбараў, засталася амаль без персанала. Зрэшты, гэта яшчэ не «кіно» — «кіно» пачалося пазней, калі справа дайшла да судовых разбіальніцтваў.

У выніку на суткі адправілі ўсіх чатырох, прышпіліўшы ім артыкулы 23.34 (несанкцыянаванае мерапрыемства) і 23.4 (непадпарадкаванне). Канкрэтна намесніку дырэтара Мікіце Броўку і бухгалтару Ксеніі Міклашэўскай інкрымінавалі тое, што яны «праводзілі пікетаванне шляхам размяшчэння прадукцыі з сімволікай на прылаўку крамы». Абодвум далі па 20 сутак арышту.

Здаецца, такое пікетаванне — гэта мацней нават за бел-чырвона-белыя пасцілу, лампасы і фіранкі з жалюзі. Тавар з асартыменту, на які маюцца накладныя і іншыя паперы, цяпер нельга выкладаць на паліцу. Ці можна — аднак з санкцыі Мінгарвыканкама аб масавым мерапрыемстве з касавым апаратам і перапынкам на абед.

Пенсіянеркі з Малінаўкі: суткі за дабро

Два тыдні таму ў сталічным мікрараёне Малінаўка затрымалі групу жанчын сталага веку. Непадалёк ад месца падзей праходзіла акцыя салідарнасці, але мінскія пенсіянеркі сабраліся з іншай мэтай — каб сабраць грошы на дапамогу хвораму дзіцяці.

Суд такое тлумачэнне не надта ўразіла. Большасць з абвінавачанных атрымалі па 15 сутак, і толькі адна бабуля — з 2-й групай інваліднасці — абыйшлася штрафам.

Сведкай на працэсе выступаў міліцыянер са змененымі асабістымі дадзенымі. Ён назваўся Іванам Пятровым і распавядаў, што падсудзімыя выкрыквалі лозунгі і размахвалі БЧБ-сцягамі.

Пенсіянер Качалаў: пікет з дапамогай снегавіка 

У сярэдзіне студзеня ў Гомелі судзілі 62-гадовага пенсіянера Сяргея Качалава. У сябе ў двары мужчына зляпіў снегавіка і напсіаў на ім «Жыве Беларусь». Гэта ён, вядома, загнуў — мэтанакіравана і нахабна. Такія снегавікі гэтай зімой прыраўненыя ў краіне да інсургентаў і падлягаюць знішчэнню.

Качалаўскі снегавік растаў сам — узышло сонца. Праўда, над домам самога гомельскага дойліда пачалі збірацца хмары. Яго абвінавацілі ў адзіночным пікетаванні і спрабавалі падвярстаць пад народны артыкул 23.34.

«Выкарыстаўшы бел-чырвона-белую сімволіку і надпіс «Жыве Беларусь», наўмысна правёў адзіночны пікет без адпаведнага дазволу райвыканкама, які выказаўся ў публічным выражэнні сваіх грамадска-палітычных настрояў, чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах», — так гучала абвінавачванне.

Падчас суда у гамельчаніна пыталіся, ці было снегавіка відаць з вуліцы, якая мэта была ў такой манументальнай скульптуры, ці рабіў аўтар сэлфі на фоне свайго твора. Але ж і абвінавачаны аказаўся цёртым калачом. Адказаў, што ніякай палітыкі ў свайго снегавіка не ўкладаў. І на ўсялякі выпадак дадаў, што «пенсію мы атрымліваем своечасова. жыць і працвятаць ў гэтай краіне можна».

Фінал у гісторыі добры: суд адправіў справу на дапрацоўку, ды там яна, здаецца, і засталася.

Жанчыны са Ждановічаў: адмывалі Латушку

Не-не, гаворка не пра самога Паўла Паўлавіча, а пра мурал з яго выявай. Ёсць такі ў Ждановічах, што пад Мінскам, паблізу месца жыхарства палітыка. Стварылі яго яшчэ ў жніўні на трансфарматарнай будцы — «неабыякавыя грамадзяне» малюнак час ад часу ганьбяць, а мясцовыя ўпарта аднаўляюць.

Адна са спроб адмыць зафарбаваны мурал скончылася для двух ждановічскіх жанчын затрыманнямі. У пратаколе гэта было адлюстравана так, што пазайдросцілі б класікі фельетону: «Знаходзячыся на вуліцы, у грамадскім месцы, са сцяны трансфарматарнай будкі, размешчанай у а.г. Ждановічы, дзе раней фарбай чорнага колеру зафарбавалі намаляваны фарбай партрэт Латушкі П.П., ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэта, чым груба парушыла грамадскі парадак, выказваючы відавочную непавагу да грамадства».

Відавочна непаважыўшых грамадства (адна з іх маці пяцёх дзяцей) пазней вызвалілі да суда. Ці быў суд — і што вырашыў — сведчанняў у прэсе няма. Значыць, ёсць спадзеў, што хоць тут вырашылі канчаткова не скатвацца ў фантасмагорыю.

Журналістка Калініна: 2320 рублёў за… што?

Пераслед журналістаў — асобны параграф палітычных рэпрэсій у Беларусі. І асобная ступень абсурда, што відавочна хоць бы з крымінальнай справы Кацярыны Анрэеевай і Дар’і Чульцовай.

Аднак пад кафкііянскія матывы мы падвядзем іншае — адміністатыўку журналісткі TUT.BY Надзеі Калінінай.

Яе забралі 29 студзеня, калі яна, згодна з рэдакцыйным заданнем, накіравалася для асвятлення з'езда дэлегатаў «Усебеларускага народнага сходу» па Мінску. Асвятленне неяк адразу не задалося. Спачатку дзяўчыну не пусцілі ў залу, а пасля таго як яна, паціснуўшы плячыма, рушыла на выхад з Дома культуры, то была затрымана.

Судзілі Надзею паводле класікі — спачатку трое сутак на Акрэсціна, а потым дзівосныя абвінавачванні. Нібыта рэпарцёрка, не трапіўшы на з’езд, выйшла на вуліцу настолькі засмучанай, што неадкладна пачала выкрыкваць лозунгі і патрабаваць сумленных выбараў. А затым яшчэ і аказала супраціў пры затрыманні.

Хаця і з другой спробы, але наш самы гуманны суд у свеце прысудзіў Калінінай 2320 рублёў штрафу.

Шахцёр Корзун: 15 сутак за прабежку

Адзін з удзельнікаў стачкі на «Беларуськаліі», салігорскі шахцёр Юрый Корзун ранкам 11 лютага выйшаў з дому, каб прагрэць рухавік аўтамабіля і потым адвесці ў школу дзіця. Выйшаў — і знік.

Як выявілася, яго затрымалі. Прычына — удзел у спартыўным марафоне, які зладзіў Фонд спартыўнай салідарнасці. У межах гэтай дабрачыннай акцыі любы жадаючы мог прабегчы сімвалічныя 2334 метры, запосціць гэты факт у сацсеткі і пералічыць адвольныя сродкі на дапамогу рэпрэсаваным.

Удзельнічала шмат людей — спартсмены, медыйныя людзі, простыя беларусы. Затрымалі Корзуна, які і так ужо сядзеў не аднойчы і таксама паводле нейкага глупства накшталт чаявання ў парку.

Зараз атрымаліся ўсё тыя ж 15 сутак. Артыкул 23.34. Ужо і прабегчыся без дазволу ўладаў у нас можа не кожны.

Кіроўца Падаляка: 15 сутак за сігнал

Учора, калі ў Мінску збіраліся дэлегаты «Усебеларускага народнага сходу», мясцовыя кіроўцы сустрэлі іх непрыязна. Яны гучна і хорам клаксонілі з коркаў, якія ўтварыліся на перакрыжаваннях праз перакрыццё вуліц для пропуску картэжа аўтобусаў.

Аднаго з аўтаўладальнікаў, Паўла Падаляку, за гэта затрымалі на праспекце Незалежнасці — сімвалічна, что наўпрост каля Цырка.

Зрэшты, «цырк» пачаўся пазней — калі мужчына раўам з супрацоўнікам ДАІ прыехаў у Цэнтральнае РУУС. Наогул, за гукавыя сігналы кіроўцаў «прыцягваюць» на падставе парушаных правіл дарожнага руху. І караюць штрафамі (у будучым абяцаюць пазбаўляць правоў). Аднак, здаецца, «УНС» — гэта вельмі сур’ёзна. І псаваць настрой яго удзельнікам, якія днём і ноччу дбаюць аб дабрабыце беларусаў, нікому не дазволена.

У РУУС знянацку выявілася, што кіроўца Падаляка адмовіўся заходзіць з холаду ў цёплае памяшканне. Ён упіраўся нагамі, хапаўся за форменнае абмундзіраванне супрацоўніка. Ну, што ты будзеш рабіць — тут чыста непадпарадкаванне, артыкул 23.4 і чоткая «пятнашачка», за якой не заржавела.

Буслы на прыпынках: асаблівы цынізм

Гэта гісторыя яшчэ не скончана, але ж і справа тут — крымінальная. І за што: два жыхары Скідзеля, жанчына і мужчына, у вольны час і ў розных месцах Скідзельскага і Гродненскага раёнаў размалёўвалі прыпынкі грамадскага транспарта, масты і іншыя зручныя аб’екты.

Жывапіс быў бяскрыўдны: БЧБ-елачкі, дзяўчыны з БЧБ-валасамі, «Пагоня», надпісы «Далучайся» ці «Жыве Беларусь». Асабліва выразна ў мастачкі атрымоўваліся буслы з белымі крыламі.

Патрапілі тыя птушкі ў выніку і ў абвінавачванне. Гучыць яно так: «цынічная выява ў выглядзе бусла», якая «істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі сцяны».

Пакуль па справе аб «Апаганьванні збудаванняў» праведзена толькі першае слуханне. Працяг абяцае быць захапляльным.

Разумова адсталы Гопта: калонія за беспарадкі

Яшчэ адна крыміналка. 12 лютага суд у Жлобіне прызнаў вінаватым мясцовага жыхара Дзмітрыя Гопту. Справа не жарт: нібыта ў жніўні хлопец кідаў у міліянераў і ў аўтазакі камяні. Вырак — два гады калоні.

Гэта быў бы тыповы выпадак для нашых міласэрных часоў, каб не адна акалічнасць. Асуджаны мае асаблівасці — дыягназ F70.1. Ці на побытавай мове — ён розумава адсталы. Маці яго так і кажа: паводле пашпарта Дзмітрыю 21 год, а згодна з узроўнем развіцця — 6-7. То бок слаба ўсведамляе свае дзеянні чалавек і ўласныя паводзіны кантраляваць не можа.

Але ж у Беларусі сёння гэта не вызваляе ад адказнасці. Асабліва, калі справа ідзе аб палітычных працэсах.

…Фельетон Дарашэвіча пра «пірог з паліцэйскім» скончваецца тым, што таго паліцэйскага ніхто не забіваў і не еў. Пакуль яго лічылі зніклым і шкадавалі, ён беспрабудна п’янстваваў па завуголлях і гора не ведаў. Калі ж праспаўся і з’явіўся па месцы службы, лёс падазраванага ў забойстве быў ужо вырашаны. Яго адправілі на катаргу, а даваць справе зваротны ход не захацелі. Яе хуценька закрылі, так спакайней.

Цана свабоды чалавека з той пары ў Беларусі не надта вырасла.

Фота TUT.BY, «Наша Ніва», dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: