Пяць фактаў пра беларускага палітвязня Міхаіла Жамчужнага

Сёння, 14 жніўня, беларускаму палітычнаму зняволенаму Міхаілу Жамчужнаму спаўняецца 64 гады. Чарговы Дзень народзінаў ён праводзіць у месцах пазбаўлення волі. Больш за тое, праваабаронцам вядома, што цяпер ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў папраўчай калоніі ў горадзе Горкі.
"Вясна" ў Дзень Народзінаў палітвязня Міхаіла Жамчужнага прапануе ўспомніць пяць фактаў з яго жыцця.

1. Міхаіл Жамчужны — навуковец

Да таго, як Міхаіл Жамчужны стаў займацца праваабарончай дзейнасцю, ён працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Там кіраваў лабараторыяй, займаючыся праблемамі прамысловага вырабу вадароду. Міхаіл за час працы ва ўніверсітэце стаў кандыдатам тэхнічных навук і аўтарам некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.

Міхаіл Жамчужны першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Пра яго гаварылі так: таленавіты вучоны, не заангажаваны ў палітычную дзейнасць.

Нават у месцах пазбаўлення волі ён працягвае займацца навуковай дзейнасцю. У апошнім жнівеньскім лісце віцебскім праваабаронцам Міхаіл паведаміў, што завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых метадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. «Гэта новыя і прарыўныя дасягненні высокага ўзроўню», — паведамляе навуковец.


2. Кінуў працу ва ўніверсітэце праз несправядлівасць у дачыненні да сваіх правоў

У 2006 годзе навуковымі распрацоўкамі і дзейнасцю навукоўца нечакана зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ: даць паказанні супраць начальства. Але ён адмовіўся. У 2007 годзе яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 Крымінальнага кодэкса «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Пасля суда Міхаіл Жамчужны спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак гэта не прывяло ні да якіх вынікаў. Пасля вызвалення ў 2012 годзе Міхаіл прынцыпова не вярнуўся ва ўніверсітэт. Ён не хацеў вяртацца ў месца, дзе яго абвінавацілі і здрадзілі.

Міхаіл вырашыў заняцца праваабарончай дзейнасцю ў сферы правоў зняволеных. Ён стаў сябрам арганізацыі "Платформа", дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі "Платформы" стаў сузаснавальнікам новай арганізацыі "Платформа Інавэйшн".


3. Другі турэмны тэрмін Міхаіл атрымаў за раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну

Міхаіла Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара ЧКПУ "Платформа Інавэйшн" Андрэя Бандарэнкі. Падрабязнасці пра абставіны крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага не выдаюцца. Адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошванне звестак.

10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па артыкулах 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) КК (наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую тайну; дача хабару). Міхаіла Жамчужнага прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

4. Абскарджваючы прысуд суда, Жамчужны атрымаў больш строгае пакаранне

Міхаіл Жамчужны, нязгодны з прысудам Віцебскага абласнога суда, падаў скаргу ў Вярхоўны суд. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу, але прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Міхаіл Жамчужны ўжо адбыў большую палову тэрміну. На волю ён павінен выйсці ў студзені 2022 года.

5. Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным у адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "Палітычны вязень".

Пад тэкстам заявы падпісаліся старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Алена Танкачова, кіраўнік камітэта дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, прэзідэнтка Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Равяка і экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

Напішы палітвязню і павіншуй яго з Днём Народзінаў!

Адрас: ПК-9,
вул. Дабралюбава 16, г. Горкі,
Магілёўская вобласць, 213410.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!