Пятрухін і Кабанаў атрымалі па пяць сутак за ўдзел у мітынгу «Не – заводу АКБ!»

У Берасці 16 кастрычніка працягваюцца суды над удзельнікамі мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Улады хваравіта адрэагавалі на нядзельны пратэст, калі на плошчу Леніна абласнога цэнтра выйшла каля 120 чалавек. У выніку 14 з іх былі затрыманыя. Пазней з РАУСа адпусцілі траіх непаўнагадовых.
Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін каля будынку Ленінскага суда. 16.10.2018. Фота ПЦ "Вясна"

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін каля будынку Ленінскага суда. 16.10.2018. Фота ПЦ "Вясна"

Суд Ленінскага раёна разглядае адміністрацыйныя справы Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава і Алега Вялава, якія хадайнічалі ўчора аб заключэнні дамоваў з адвакатам. Яны абвінавачваюцца ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (арганізацыі ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Судовае паседжанне распачалося ў 14-30. Суддзя Святаслаў Каліна адразу забараніў фота і відэа.

Блогера абвінавачваюць у тым, што ён у нядзелю "разгарнуў банэр на плошчы Леніна і выступіў перад грамадзянамі". Сам Аляксандр Кабанаў не адмаўляў свой удзел у нядзельным мітынгу. На паседжанні выступіў сведка-міліцыянт Павел Ружынскі.

У выніку суддзя прысудзіў блогера Аляксандру Кабанаву да пяці сутак арышту за парушэнне артыкула 23.34 КаАП. Аналагічнае рашэнне было прынята суддзёй Дзмітрыем Шурыным у дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна.

На паседжанне абодва блогеры прыйшлі з рэчамі, бо былі гатовыя да такога развіцця падзей. Аднак пасля суда міліцыянты іх не затрымалі, тлумачачы гэта тым, што нібыта ў іх на руках няма адпаведнай пастановы.

"Я мяркую, іх возьмуць пад варту напярэдадні наступнай нядзелі, каб не ўдзельнічалі ў новым мерапрыемстве супраць завода АКБ", — падзяліўся сваім меркаваннем праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Акрамя таго, перад пачаткам судовага паседжання абодва блогеры атрымалі новыя позвы на 19 кастрычніка. Іх просяць прыйсці ў РАУС Ленінскага раёна Брэста ў якасці асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс.

Суд над Алегам Вялавым мусіць распачацца ў 16.00.

Яшчэ адзін з затрыманых пасля акцыі 14 кастрычніка, праваабаронца Раман Кісляк патрапіў з ізалятара часовага ўтрымання ў шпіталь па прычыне высокага ціску. Суд над ім перанесены на 18 кастрычніка.

Агулам учора суд Ленінскага раёна Берасця разгледзеў 7 адміністрацыйных спраў: 6 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, а ў дачыненні да палітыка Міколы Статкевіча прымянілі адміністрацыйны арышт на 5 сутак.


Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: