Пяты дзень працягваюць галадоўку маці асуджаных за наркотыкі

У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваюць галадоўку тры маці асуджаных за наркотыкі, паведамляе «Радыё Свабода».


«Сёння да нас прыязджалі медыкі, надоечы быў таксама старшыня сельсавету. Пагутарылі з намі», — расказала БелаПАН адна з удзельніц галадоўкі Ала Берналь.

З галадоўніцамі падтрымліваюць сувязь і іншыя актывісткі ініцыятывы «Маці-328».

«Адчуваецца, вядома, што пятыя суткі пайшлі, але ўвогуле мы трымаемся. Галадоўку спыняць не маем намеру», — адзначыла актывістка.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць

Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства
Перагляду спраў па 328-м артыкуле
Прыбраць з закону паняцце «асабліва небяспечныя наркотыкі».
Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.
Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Галадоўку з аналагічнымі патрабаваннямі актывісткі праводзілі летась у красавіку — траўні. Тую галадоўку яны спынілі пасля таго, як ім паабяцалі, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць зьмены ў 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.

Палата прадстаўнікоў сёлета 13 чэрвеня прыняла папраўкі, паводле якіх ніжняя мяжа пакаранняў знізілася на два гады: да трох гадоў па 2-й частцы артыкулу і да шасці гадоў па 3-й частцы.

«Маці-328» лічаць гэтыя змены недастатковымі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!