Перамога Гэніка Лойкі: у гімназію вяртаецца роная мова

Пасля пратэстаў архітэктара Гэніка Лойкі мінскай гімназіі № 4 прадпісана вярнуцца да беларускай мовы. Упраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска абавязала адміністрацыю адзінай у раёне беларускамоўнай гімназіі ўнесці папраўкі ў статут.



Гэнік Лойка. Фота Марата Гаравога


Летась дакумент без папярэдняга інфармавання бацькоў навучэнцаў быў адкарэктаваны, у выніку чаго разам з беларускай мовай навучання і выхавання была ўведзеная руская. Такі паварот падзеяў выклікаў незадавальненне часткі бацькоў, якія запатрабавалі тлумачэнняў ад кіраўніцтва гімназіі і вышэйшых органаў.

21 лютага, у Міжнародны дзень абароны роднай мовы, вядомы скульптар Гэнік Лойка выйшаў да ўстановы, дзе вучыліся і навучаюцца цяпер трое ягоных дзяцей, з плакатам «Віншуем зь Міжнародным днём абароны роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай». Неўзабаве пасля пачатку акцыі Лойка быў затрыманы і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за «парушэнне правілаў арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства». http://novychas.info/fakty_padziei_liudzi/za_vinshavannie_z_dniom_rodnaj/


Тым часам бацькі іншых навучэнцаў гімназіі распачалі збор подпісаў за перагляд моўнай часткі статуту — было сабрана некалькі дзясяткаў подпісаў, якія перадалі ва Ўпраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. На падставе гэтага звароту чыноўнікі ад адукацыі прымусілі адміністрацыю гімназіі вярнуць у беларускамоўную школу родную мову. Да 15 красавіка кіраўніцтва гімназіі мусіць звярнуцца ў Камітэт адукацыі Менгарвыканкаму з хадайніцтвам унесці ў статут адпаведныя змены.

Паводле Радыё «Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2013-04-16 14:56:58
Усё добра, толькі не "роная", а "родная" (у загалоўку)

Больш цікавага на «Новым Часе»: