Пётр Кузняцоў: Адна з ключавых задач для кожнага беларуса — навучыцца супрацьстаяць «зашугванню»

Тое, што ўчора зрабілі прадстаўнікі адной з сілавых служб, з гэтым укідам фэйка пра пакаранне за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы аж у 7 гадоў пазбаўлення волі, на мове гопнікаў 1990-2000-х (не ведаю, можа яно і цяпер так) называлася «шугануць, піша заснавальнік «Моцных навін» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале.

Сутнасць у тым, каб перад кімсьці нечакана зрабіць грозны выгляд, выдаць страшэнны гук тыпу «А» і зрабіць рэзкі, але без дотыку, рух рукой, як бы маючы намер ударыць. А потым смяяцца з рэакцыі — спробы абараніцца: «Зашуганы».

На справе, падобныя жэсты — гэта дэманстрацыя і магчымасць самасцвердзіцца для адных і досыць моцны стрэс для іншых. Псіхалагічнае ўздзеянне, атака. І, як на ўзроўні гопнікаў, так і на ўзроўні сілавой службы — без рэальных наступстваў. Аднак калі такое паўтараць рэгулярна, наступствы ў выглядзе пастаяннага страху і псіхалагічнай зношанасці будуць немінуча.

Разам з тым, тое, што адбылося — добрая рысачка да агульнай карціны таго, што адбываецца ў Беларусі.

А адбываецца прыкладна наступнае.

Некаторы час таму былі апублікаваныя чарговыя вынікі даследавання грамадскай думкі гараджан ад «Chatham House». У каментарах на тэлеграм-канале і ў прываце многія песімістычна разважалі пра некаторыя лічбы. Напрыклад, пра тое, што прыхільнікамі ўлады сябе лічыць 39% насельніцтва, а прыхільнікамі пратэсту — 37%. А таксама пра тое, што гэта — даныя па гарадскім насельніцтве, а людзі ў вёсках, маўляў, могуць быць куды больш кансерватыўнымі.

У рэальнасці агульныя вынікі даследавання значна больш аптымістычныя для дэмакратычнай часткі грамадства, чым для ўлад. Па-першае, вельмі малое значэнне мае тое, што апытанне адлюстроўвае меркаванне гараджан. У беларускай рэальнасці на палітыку не маюць аніякага ўплыву галасы грамадзян проста таму, што іх ніхто не лічыць. І любы працэс, які можа прывесці да якіх бы там ні было перамен, будзе вызначацца больш актыўнымі і мабільнымі жыхарамі гарадоў.

Галоўнае ж у гэтай карціне наступнае. Пры практычна роўнасці прыхільнікаў улады і пратэсту, людзі, якія «паміж імі», адназначна не падтрымліваюць уладу. Пра гэта кажа антырэйтынг Лукашэнкі, які самы вялікі з усіх; практычна адсутнасць дзяржаўных СМІ сярод давераных крыніц інфармацыі; амаль нулявая вядомасць і папулярнасць іншых «дзяржаўных мужоў»; той факт, што пры сумленных і справядлівых выбарах перамогу пры любым раскладзе і над любым кандыдатам атрымліваў бы Віктар Бабарыка; а таксама тая невялікая дэталь, што ўсе «нейтралы» катэгарычна адпрэчваюць шлях гвалту, якім паслядоўна ідзе дзеючая ўлада.

На практыцы гэта азначае дзве рэчы.

Па-першае, пасля 2020 г. у беларускім грамадстве склаўся кансэнсус, які падтрымліваецца 2/3 насельніцтва, і ён палягае ў тым, што існуючая ўлада не адпавядае чаканням і патрэбам беларусаў. Палова з гэтай большасці прытрымліваецца больш «рэзкіх» поглядаў, і нават у існуючых умовах гатовая падтрымліваць менавіта пратэсны рух. Іншая палова — больш памяркоўная, яна проста не падтрымлівае ўладу. Што, аднак, у сваю чаргу азначае, што пры любой сітуацыі грамадска-палітычнай мабілізацыі, няўстойлівасці існуючай мадэлі альбо іншай формы абвастрэння палітычнага крызісу гэтыя дзве паловы немінуча ўз'ядноўваюцца.

Па-другое, такі статус-кво застаецца ўстойлівым пасля года беспрэцэдэнтных рэпрэсій, падчас якіх улада саджае ўсіх, да каго атрымліваецца дацягнуцца, і выціскае з краіны ўсіх, да каго не атрымліваецца. Рэпрэсіўны апарат працуе на знос і ў рэжыме звышмабілізацыі. Аднак чаканых вынікаў гэта не прыносіць, «пераканаць» людзей такім вось чынам не атрымліваецца. Прапаганда не ў сілах стварыць пазітыўнай павесткі і сее нянавісць — таксама дрэнны інструмент пераканання. Фактычна гэта азначае, што абраная стратэгія працуе толькі як тактыка: уціхамірыць пратэст, загнаць яго ў падполле, а там, маўляў, разбярэмся.

Але як «разабрацца», калі няма чаго прапанаваць? Праблема ў тым, што ніяк. Адсюль — такія дзеянні, як фактычная адмена мясцовых выбараў, якія павінны былі прайсці ў пачатку 2022 г. Цяпер «Законам аб адзіным дні галасавання» іх фактычна перанеслі на невядомы тэрмін, бо нават калі і існуюць нейкія часавыя рамкі, змяніць іх улада можа адным росчыркам пяра, там моцна не затлумяцца. Мясцовая палітычная кампанія, хай і чыста тэарэтычна, — палітычны працэс. А ва ўмовах, калі грамадства дзеючы рэжым адрынае, падаўжэнне існавання магчымае толькі «на штыках», а не на згодзе, і дзейсных інструментаў атрымаць гэтую згоду няма, любое такое дзейства — недазвольная рызыка. Вось і даводзіцца адмяняць і пераносіць.

Гэта тупік. Абраны лад дзеянняў не працуе так, як трэба, дакладней, працуе толькі часткова: уціхамірвае актыўны пратэст, але не вырашае галоўнай праблемы — спакойнага і лаяльнага стану насельніцтва. Пазбавіцца цалкам народа — таксама не варыянт: усе 39% лаяльных сядзяць на бюджэце, і зусім не яны гэты бюджэт фармуюць.

У гістарычнай перспектыве гэты тупік можа быць пераадолены толькі праз вельмі абмежаваную колькасць сцэнарыяў. Мы пра іх казалі год таму, і мінулы год і яго вынікі толькі паказваюць, што ўсё развіваецца менавіта так, як і бачылася тады. Проста таму, што зыходныя даныя — адсутнасць падтрымкі ўлады з боку большасці — засталіся, нягледзячы ні на што.

І гэта альбо нечаканае абвастрэнне і перамога большасці, навучанай памылкамі 2020 года, альбо павольная і паўзучая дэградацыя і выніковы распад.

Трэці сцэнар — пры якім уладзе ўдаецца знайсці для грамадства пазітыўную павестку, вярнуць хоць бы трошкі даверу тых, хто адхіснуўся, перабудаваць імідж, знайсці кропкі для дыялогу з грамадствам і праз гэта эвалюцыянаваць і самазахавацца... такі сцэнар здаецца самым маларэалістычным па цэлым шэрагу прычын. У першую чаргу, з-за адсутнасці жадання і волі.

Вернемся да таго, з чаго пачыналі.

«Зашугванне» ў гэтай сітуацыі — мера псіхалагічнай вайны з большасцю, з якой нічога зрабіць аказалася немагчыма. Можна саджаць асобных людзей, аднак 61% не пасадзіш — і гэта разумеюць усе. Таму дзеянні, накшталт учарашняга, патрэбныя для таго, каб, будучы ў розных формах паўтораныя неаднаразова, максімальна псіхалагічна знясіліць тую самую большасць, для таго, каб мець як мага больш доўгую магчымасць дамінаваць над ёй.

Не дзеля рэвалюцыі нават ці палітыкі, а, у першую чаргу, дзеля саміх сябе і свайго здароўя, навучыцца псіхалагічна супрацьстаяць «зашугванню» — адна з ключавых задач для кожнага беларуса, які застаецца ў краіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: