Пётр Кузняцоў: фільм Пуцілы — гэта контратака ў барацьбе за інфармацыйную прастору

Палітычны эксперт і заснавальнік «Моцных навін» выступіў з рэцэнзіяй відэа, якое сабрала ўжо больш за мільён праглядаў.
Фота «Спутнік»

Фота «Спутнік»

— Фільм Сцяпана можна крытыкаваць за форму падачы або, напрыклад, за адсутнасць (або недахоп), як многім бачыцца, новых фактаў, — піша Пётр Кузняцоў.

Аднак яго плюсы шматкроць пераважваюць мінусы, а сам факт з'яўлення мае вялікае значэнне. Некалькі прычын.

1. Фільм стаў контратакай ў барацьбе за інфармацыйную прастору. У апошнія нават не тыдні, а месяцы, рэжым тут меў адчувальную перавагу, а вось апаненты выглядалі сумна. Праца каманды «экстрэмістаў» у гэтым канкрэтным моманце моцна перабівае інфармацыйны ціск улады і вяртае ініцыятыву яе супернікам. Праўда, з'яўляецца новая задача і праблема — ініцыятыву ўтрымаць.

2. Фільм выйшаў шмат круцейшы, чым чакалася, з-за таго, што аказаўся не сюжэтам-расследаваннем пра нейкую рэзідэнцыю, а моцным абагульненнем фактаў, якія малююць вобраз вярхоў улады ў цэлым. Хай нешта было вядома і раней, будзем шчырымі: не ўсе ўмеюць збіраць пазл, а карціна «У Лукашэнкі ёсць рэзідэнцыя, ну дык ён жа прэзідэнт» і карціна, у якой раскоша да разбэшчанасці — галоўная рыса, сутнасць і ці ледзь не галоўны матыў, — далёка не адно і тое ж.

3. Фільм ставіць перад грамадствам, прытым, грамадствам у цэлым, уключаючы і ябацек, новую каласальную праблему маральнага кшталту. Да гэтага часу пратэсная матывацыя фармавалася галоўным чынам вакол тэм анахранізму ўлады, няздольнасці да развіцця, некарыснасці для грамадства, а таксама пытанняў правоў грамадзян. Цяпер паўстае пытанне яшчэ і вельмі прагматычнай мэтазгоднасці захавання статус-кво, паколькі ва ўсёй красе ўсе бачаць галоўны матыў утрымання ўлады любой цаной і пальцамі ўсіх колераў. І гэты матыў — зусім не ў жаданні служыць народу, а канкрэтна — у жаданні жыць па-царску за кошт гэтага самага, па факце, паднявольнага народа.

4. Опцыю інфармавання таксама не трэба недаацэньваць. Лукашэнка ва ўладзе ўжо 26 гадоў, за гэты час багаж «подзвігаў» назапасіўся каласальны. Вырасла і змянілася некалькі пакаленняў, людзі ж, у масе сваёй, заставаліся апалітычнымі да самага апошняга часу. Чалавеку, які толькі нядаўна пагрузіўся ў свабодныя інфармацыйныя патокі, для таго, каб даведацца і зразумець усё ў поўнай меры, можа спатрэбіцца вельмі шмат часу пры ўмове мэтанакіраванай працы ў гэтым кірунку. Хай многае са сказанага добра вядома палітызаванай публіцы, затое многае можа быць наогул невядома большасці. Мільён праглядаў за першыя суткі пра нешта ды кажа. Паўтарэнне — маці вучэння.

Калі за выхадам гэтага прадукта мы ўбачым паслядоўны рух у бок развіцця поспеху, можна будзе сказаць, што ўчора мы ўбачылі пачатак якасна новага этапу барацьбы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: