Пётр Маркелаў сядзіць у ЦІП у бесчалавечных умовах

На бесчалавечныя ўмовы ўтрымання Пятра Маркелава ў ЦІП накіраваныя скаргі ў пракуратуру горада Мінска і міністру ўнутраных спраў.


Учора ў судзе Пётр Маркелаў распавёў, што ўтрымліваўся ў ЦІП у бесчалавечных умовах, а метады ціску —падобныя з метадамі НКУС. Па словах актывіста, ноччу супрацоўнікі ЦІП будзяць яго кожную гадзіну, выкрыкваючы прозвішча, а яркае святло ў камеры і невыносны холад не даюць потым заснуць. Днём спаць яму таксама забараняюць, як і захутвацца ў коўдру і грэцца.

Недосып і захворванне ў выніку пераахаладжэння могуць аслабіць імунітэт, што вельмі небяспечна ў перыяд пандэміі COVID-19.

Актывіст паведаміў, што бачыў у камеры вошай, аднак дэзінфекцыю ніхто не праводзіць.

"Супрацоўнікі робяць усё, каб знаходжанне Пятра ў ЦІП было невыносным. Да ўсяго пералічанага, супрацоўнікі адабралі ў яго нават бутэльку з пітной вадой пры паступленні ў ЦІП, а бутыляванай пітной вады арыштаваным і затрыманым не даюць. У сукупнасці ўмовы ўтрымання, якія апісаў Пётр Маркелаў падчас судовага паседжання з'яўляюцца бесчалавечным абыходжаннем, а ў перыяд пандэміі COVID-19 яшчэ і з небяспечнымі наступствамі", — заявіў праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Пётр Маркелаў з'яўляецца членам "Прававой ініцыятывы". Юрысты арганізацыі накіравалі скаргі ў абарону ягоных правоў у пракуратуру горада Мінска і міністру ўнутраных спраў з патрабаваннем правесці праверку, наведаць ЦІП і апытаць актывіста.


Паводле legin.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: