Пётр Маркелаў: У ЦІПе над намі натуральным чынам здзекваліся

Актывіст Пётр Маркелаў 21 мая выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў і распавёў сайту palitviazni.info пра здзекі ў ЦІПе і незвычайны выхад на волю.



Фота: svaboda.org

13 мая суд Савецкага раёна Мінска асудзіў актывіста Пятра Маркелава на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Актывіста абвінавацілі па двум адміністрацыйным артыкулам: 17.1 (хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне) за тое, што ён “з хуліганскіх памкненняў ляжаў на лаўцы”, павдамляе spring96.org.

Нагадаем, 11 мая супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста Пятра Маркелава ў судзе Савецкага раёна Мінска, калі ён чакаў суды над актывістамі “Моладзевага блоку”.

Як паведамілі актывісты ЗБС, яго затрымалі нібыта за тое, што ён ляжаў у судзе на лаўцы і не хацеў даваць дакументы. Дакументы міліцыянты ў яго запатрабавалі, бо нібы Маркелаў падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку.

“21 мая ў 11.30 мяне вывезлі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, хаця вызваленне павінна было адбыцца ў 14.25, — кажа Пётр Маркелаў. – Адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе я сядзеў да 14.25.

Далі падпісаць паперу аб вызваленні, пасля чаго ізноў затрымалі, не выходзячы з будынка. Затым мяне вазілі па горадзе, прывезлі ў апорны пункт, там ізноў падпісаў паперу, што са мной праведзена прафімлактычная размова і толькі пасля гэтага вечарам адпусцілі.

Ніхто так і не сказаў, на якой падставе і для чаго мне арганізавалі “турыстычную паездку” па Мінску”. Але пагражалі, а адзін з супрацоўнікаў міліцыі нават агрэсіўна сябе паводзіў – пастаянна штурхаў.

Відаць, у іх быў загад, каб мяне ніхто не сустрэў. Ды і проста вырашылі “праехацца” па нервах”.

Актывіст адзначае, што ў ЦІПе яму таксама давялося няпроста.

“І раней быў у такой установе, але гэтым разам было найбольш складана, – працягвае Пётр Маркелаў. – Над тымі актывістамі, хто быў у цэнтры, натуральным чынам здзекваліся.

У камерах нават ноччу гарэла яркае святло, начное адмыслова не запальвалі. Акрамя таго, каб мы не спалі, супрацоўнікі ЦІПа падымалі з ложака кожныя паўтары гадзіны.

Трэба было ўстаць, прадставіцца і сказаць, за што адбываеш пакаранне. Не кожны дзень такое практыкавалі, але некалькі дзён было.

У першы дзень мяне позна ўвечары выкінулі ў майцы ў прагулачны дворык, дзе было вельмі холадна. Гэта быў самы сапраўдны здзек!

Дарэчы, не перадалі ні кнігі, ні сшыткі, ні газеты. Ціснулі маральна, гэта было відавочна”.

У гэтым годзе Пётр Маркелаў ўжо трэці раз пабываў на “сутках”. Усяго за пяць месяцаў гэтага году ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 40 сутак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: