Плач, Ілан Маск! Суд над рэдактарам сайта ў ІТ-краіне

Першы дзень суда над галоўнай рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай паказаў, наколькі камічна выглядаюць спробы дзяржавы ўзяць пад кантроль свабоду слова ў сучаснай еўрапейскай краіне нават з так слаба развітай грамадзянскай супольнасцю, як у Беларусі.  
Марына Золатава

Марына Золатава

Журналісты прыйшлі ў суд Маскоўскага раёна сталіцы, дзе было прызначана пасяджэнне, за гадзіну да яго пачатку. Калі ў запоўненую залу на 170 чалавек увайшла Марына Золатава, калегі віталі яе стоячы і авацыямі. На гэтым фоне ніхто не заўважыў з’яўлення трох наменклатурнага выгляду мужчын, якія, як выявілася пазней, аказаліся прадстаўнікамі пазоўнікаў. Гэта былі адвакат Ляскоўскі, які хадайнічаў аб спагнанні з Золатавай 6 000 рублёў, што інфармагенцтва БелТА выдаткавала на яго паслугі, адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Панькоў, а таксама намрэдактара аддзела прававой работы газеты «СБ. Беларусь сегодня» Шпілеўскі. Гэтыя важнага выгляду спадары ў кашулях, гальштуках, пінжаках, з апушчанымі позіркамі выглядалі досыць кантрастна у параўнанні з абвінавачанай, якая глядзела на суразмоўцаў прама і задавала пытанні.
Калегу прыйшла падтрымаць рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Журналісты TUT.BY

Марыну Золатаву абвінавачваюць у тым, што яна не спыніла несанкцыянаваны доступ да платнай інфармацыі БелТА супрацоўнікамі TUT.BY, што нанесла значную шкоду дзяржаўным інтарэсам. З 4 студзеня 2017 па 23 ліпеня 2018 года было здзейснена 115 несанкцыянаваных заходаў на платную стужку інфармагенцтва, праўда, у чым менавіта заключаецца шкода, якую сумарна БелТА і «СБ» ацанілі ў 70 тысяч рублёў, — так і засталося няясным. Не патлумачылі гэтага і сведкі, апытаныя ў ходзе пасяджэння.
Пасяджэнне вядзе суддзя Аляксандр Петраш

Пасяджэнне вядзе суддзя Аляксандр Петраш

Сведка Віталь Галіноўскі, начальнік цэнтра сувязі і аўтаматызаваных сістэм БелТА, заявіў, што ў платнай стужцы «інфармацыю можна атрымаць у зручнай форме ў некалькі клікаў мышы». А што, у бясплатнай гэта робіцца неяк па-іншаму? Потым сведка ўсё ж дадаў, што інфармацыя ў платнай стужцы з’яўляецца некалькі раней — хвілін за 10 да таго, як яе апублікуюць у бясплатнай стужцы. Калі прагучала пытанне, якія перавагі маюць платныя падпісчыкі, сівавалосы айцішнік папрасіў удакладніць, што маецца на ўвазе пад перавагамі. Атрымліваецца, самі супрацоўнікі БелТА не разумеюць, у чым сэнс існавання іх платнай падпіскі.

Па словах Галіноўскага, у красавіку мінулага года прыйшоў ліст з газеты «Рэспубліка» са скаргай на праблемы доступу да падпіскі. У сярэдзіне траўня з’явіўся яшчэ адзін такі зварот ад газеты «Звязда». Вось толькі падчас папярэдняга следства той жа сведка паказваў, што пісьмовых скаргаў ад падпісчыкаў БелТА ў 2018 годзе не паступала. Такую супрацьлегласць уласных словаў Галіноўскі спрабаваў патлумачыць розным кантэкстам, але атрымалася неяк непераканаўча.

У выніку наступствы несанкцыянаванага доступу для платнай падпіскі БелТА ён ацаніў нават станоўча: «Мы ўзнялі ўзровень бяспекі на больш высокі ўзровень!», — паведаміў ён. Па яго словах, негатыўнымі наступствамі сталі «8 уваходаў газеты «Звязда», 4 іншых увахода… Гэта лішняя нагрузка на серверы!»

Узровень шкоды паспрабавала акрэсліць гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч, якая сказала, што адчувае сябе вінаватай перад кліентамі. Заўважым, кліенты — гэта ўсяго 36 падпісчыкаў. Слаба верыцца, што колькасць людзей, якія карысталіся інфармацыяй з платнай падпіскі БелТА, параўнальная з лікам штодзённай колькасці праглядаў найбуйнейшага ў краіне інфармацыйнага парталу TUT.BY. А калі ўлічыць аператыўнасць абнаўлення стужкі навін TUT.BY, то яму самому варта было б уводзіць платную падпіску на сваю інфармацыю.
Ірына Акуловіч

Ірына Акуловіч

Як паказалі сведкі, адна арганізацыя мела адзін лагін і пароль для доступу да платнай інфармацыі, пры гэтым абмежаванняў па колькасці карыстальнікаў не было. Пры гэтым інфармагенцтва высылала кліентам пароль ад платнай падпіскі — увага! — па… факсе! Як у гэтым выпадку можна прасачыць перадачу пароля трэцім асобам — загадка. У асобных выпадках паролі ад платнай падпіскі БелТА ўвогуле не мяняліся з 2000 і 2004 года. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра ІТ-краіну.

Сведка Ірына Гарбачэўская, начальнік сектара ўліку БелТА, паведаміла, што толькі ў 2019 годзе інфармагенцтва прапісала ў дамовах умовы перадачы пароляў. Да гэтага не існавала ніякай адказнасці за перадачу пароля ад кліента трэцім асобам. Аднаго гэтага ўжо дастаткова, каб спыніць справу супраць галоўрэда TUT.BY. Самі не прадугледзелі абарону — самі вінаватыя.

Зрэшты, прадстаўнікі пазоўнікаў адчувалі сябе калі не вінаватымі, то відавочна не ў сваёй талерцы. Напачатку пасяджэння нават хадайнічалі пра яго перавод у закрыты рэжым: баяліся, што грамадскасці стануць даступнымі яшчэ большыя таямніцы БелТА. А некаторыя сведкі абвінавачвання закрывалі ад камер твары. Ім таксама ёсць, што хаваць? Ці проста сорамна ад той бязглуздзіцы, якую яны агучвалі ў судзе?
Прадстаўнікі пазоўнікаў

Прадстаўнікі пазоўнікаў

Суд над Марынай Золатавай стаў чарговай ілюстрацыяй таго, што ў сучаснай еўрапейскай краіне аўтарытарныя метады ўжо не дзейсныя. Дзядзечкам наменклатурнага выгляду пара зразумець, што час, калі інфармацыю можна было трымаць пад кантролем жалезнага кулака дзяржавы, даўно мінуў. Ну нельга адной рукой ствараць Парк высокіх тэхналогій, а другой заціскаць рот незалежным медыя! 

Таму самым правільным рашэннем для БелТА і «СБ» сёння было б адмовіцца ад прэтэнзій да Марыны Золатавай і спыніць усю гэтую справу. Але гэтага не адбылося, таму чакаем працягу. 



Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!