Плакат дзяўчынкі заклікае да гвалту. А аўтамат ў хлопчыка?

Бацькоў Ганны, што ўдзельнічала ў акцыі і несла плакат папярэдзілі на камісіі па справах непаўналетніх.
Ганна Папова з плакатам

Ганна Папова з плакатам


Мы вучым дзяцей праўдзе, а не хлусні, заявілі 15 верасня ў Кобрыні на пасяджэнні мясцовай камісіі па справах непаўнагадовых бацькі вучаніцы 10 класа гарадской сярэдняй школы №7, прадпрымальнікі Раіса і Зміцер Паповы.

Па адукацыі яны, адпаведна, інжынер-гідрамеліяратар і вайсковы афіцэр. Іхнай дачцы Ганне праз два месяцы споўніцца 16 гадоў, яна добра вучыцца ў школе і займаецца маляваннем.

30 жніўня на агульнанацыянальны Марш міру і незалежнасці, што адбываўся і ў Кобрыне, дзяўчынка прынесла свой малюнак з выявай трох шасцёрак, прычым апошняя лічба чырвонага колеру — з кроплямі крыві. Гэтым малюнкам Ганна хацела нагадаць пра 66-годдзе галавы дзяржавы і падкрэсліць, што ягоная шостая кадэнцыя пачалася з гвалту.

На паcяджэнні сям’ю Паповых спрабавалі ўпікаць у тым, што малюнак іхнай дачкі заклікае да гвалту. На заяву сяброў камісіі, што школьніца ў сваіх малюнках і дзеяннях павінна ігнараваць палітычныя падзеі ў краіне, бацькі адказалі: “А вы жадаеце, каб нашыя дзеці гадаваліся ізаляванымі ад жыцця і бязмоўнымі, без свабоды думаць і тварыць?”

Пры гэтым бацькі не пачулі ад сяброў камісіі ўцямных адказаў на пытанні пра тое, як яны ацэньваюць паводзіны галавы дзяржавы, які даў свайму малодшаму сыну зброю, а таксама ці запрасілі б на пасяджэнне камісіі Раісу і Змітра Паповых, калі б іхная дачка выйшла на марш з плакатам у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

У выніку камісія пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкаму Валянціна Трубчыка аб’явіла бацькам дзяўчынкі папярэджанне.

Раіса Папова распавяла НЧ перадгісторыю выкліку сям’і на камісію. Пасля маршу яе запрасілі на сустрэчы участковы міліцыянт Сяргей Андраюк і намеснік начальніка аддзелу Кобрынскага РАУС Міхась Вайтовіч. “Мяне прасілі самой не прымаць удзел у маршах і забараніць гэта маёй дачцы. Я адказала, што гэта немажліва, бо мая дачка годны чалавек з сваім меркаваннем і сама вырашае, што і як ёй рабіць. Тым больш, мы лічылі, што Марш міру і незалежнасці ў Кобрыне 30 жніўня не забаронены, бо старшыня райвыканкаму Міхась Грышкевіч на сустрэчы з гараджанамі 20 жніўня запэўніў нас: удзельнікі мірных акцый ня будуць пакараныя”, — падкрэсліла Раіса Папова.
Марш у Кобрыні 30 жніўня

Марш у Кобрыні 30 жніўня


Ганна зазначыла, што ганарыцца беларусамі, якія пазбавіліся страху, з пазітыўным настроем і надзеяй ідуць да сваёй мэты — жыць у вольнай, дэмакратычнай і прававой дзяржаве, дзе ні народ для ўраду, а ўрад для народу. 

Таксама дзяўчынка падзкавала бацькам за выхаванне і за тое, што яны заўжды патрымліваюць яе, асабліва ў цяжкіх і складаных сітуацыях.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: