«Плошча — гэта апошняя інстанцыя»

Эксперт у камунікацыях мяркуе, што ў сістэме беларускай прапаганды з’явіліся расколіны.


«Вельмі важна разумець, што Цэнтральная выбарчая камісія — гэта неад’емная частка беларускай прапаганды, — прыводзіць «Салідарнасць» словы эксперта па камунікацыях Аляксандра Мазуркіна. — Яна пасылае вельмі важны месідж, што Лукашэнка — гэта кіраўнік з народа, для народа, што ён — народны».

Эксперт аналізуе лічбы, выстаўленыя яму ў якасці сабраных за яго подпісаў. «Тыя два мільёны подпісаў, якія напісалі цяпер Лукашэнку, не ўзятыя проста з галавы. Звычайна такія лічбы ўзгадняюцца — і даволі рана, яшчэ да пачатку выбарчага працэсу. Будзьце ўпэўненыя, што і ідэолагі, і паліттэхнолагі, і сам Лукашэнка сядзелі і дамаўляліся пра гэтую лічбу».

Эксперт падлічвае, колькі чалавек працуе ў дзяржаўным сектары Беларусі. «Калі мы складзем людзей, якія працуюць у ахове здароўя, у сістэме адукацыі, у абароне, у сістэме правапарадку і на дзяржаўных прадпрыемствах, то атрымаем лічбу, блізкую да двух мільёнаў чалавек. Ідэолагі пасылаюць вельмі выразны сігнал гэтым людзям: народны кіраўнік павінен атрымаць галасы ўсіх, хто працуе ў дзяржсектары», — піша Мазуркін.

На думку эксперта, перамагчы ў гэтай сітуацыі можна толькі праз масавы грамадскі ціск. «Гэта не сядзець у Фэйсбуку і пісаць статусы, як мы незадаволеныя Лукашэнкам. Грамадскі ціск — гэта калі мы паказваем, як нас шмат. І што мы ўдзельнічаем у гэтым працэсе насуперак усяму. І тады магчыма зрабіць так, каб у сістэме пачалі адбывацца збоі. А калі пачынаюць адбывацца збоі, то ўнутры сістэмы пачынаюць сумнявацца людзі. І несправядлівасць гэтай сістэмы становіцца відавочнай велізарнай колькасці людзей, якія раней былі лаяльныя рэжыму», — кажа ён.

Паводле яго словаў, першыя збоі ўжо адбыліся. Напрыклад, у дзяржаўным тэлебачанні. «Дзяржаўная прапаганда не чакала, што журналісты ў такой колькасці пачнуць выказвацца супраць рэжыму. Натуральна, кіраўніцтва каналаў здымае іх перадачы, звальняе... Але расколіна ёсць. Другі збой — гэта непасрэдна ЦВК. Сістэма аказалася не гатовай да таго, што столькі кандыдатаў збярэ такую вялікую колькасць подпісаў за такі кароткі час. І гэта стала супярэчыць наратыву, што Лукашэнка — народны кіраўнік. Як, сабралі больш за мільён подпісаў нейкія альтэрнатыўныя кандыдаты? У сітуацыі, якая склалася, рэжыму нічога не заставалася, як спрабаваць зрабіць гэтыя подпісы несапраўднымі. І паказаць насельніцтву: маўляў, на самай справе гэтыя кандыдаты зусім ужо і не народныя», — лічыць эксперт.

«Але, як мы бачым, у гэтых умовах выбарчыя камісіі не працуюць зладжана. І тыя разнарадкі, якія пусцілі на месцы, — чые подпісы прызнаць сапраўднымі, а чые не прызнаць — іх выкананне вельмі моцна адрозніваецца ў розных рэгіёнах. Розныя вынікі атрымаліся нават у розных раёнах аднаго горада — напрыклад, у Мінску. Гэты факт, як і тое, што некаторыя кандыдаты атрымалі больш подпісаў, чым самі іх здалі, — усё гэта вынік збою ў сістэме», — разважае Мазуркін.

«Цяпер камунікацыйная стратэгія ўсіх нас, беларусаў, павінна быць накіраваная на тое, каб працягваць аказваць масавы грамадскі ціск. Яго можна аказваць толькі пры актыўным удзеле ў выбарчым працэсе. Наша задача — паказаць сістэме, што мы гатовыя ўдзельнічаць у гэтым працэсе нягледзячы ні на што. І казаць, што мы не згодныя. Я разумею, што многія цяпер кажуць пра Плошчу, але гэта — самая апошняя інстанцыя. Цяпер вельмі важна паказаць усім тым, хто працуе ў гэтай сістэме, што нас вельмі шмат. І тады сістэма пачне даваць моцныя збоі», — прагназуе эксперт.

Паводле яго, пад ціскам грамадства людзі, якія працуюць у дзяржаўнай сістэме, павінны зразумець, што яны адказныя за тое, што адбываецца ў краіне. Яны лічаць галасы, працуюць у праваахоўных органах, у судах. Важна зрабіць так, каб яны адчувалі, што на іх ляжыць гэтая адказнасць.

«Напрыклад, калі ваш подпіс прызналі несапраўдным, падайце на абскарджанне. Калі вас не прынялі ў камісію, падайце ў суд. Калі 15 тысяч чалавек адначасова пашле скаргі і абскарджанні, то ўявіце, які прэсінг гэта акажа на сістэму. Ці калі раптам кагосьці прымушаюць галасаваць датэрмінова, пагражаючы стратай працы, — расказвайце пра гэта. Калі вас будзе вельмі шмат, асабліва гэта тычыцца жыхароў рэгіёнаў, дзе проста няма каму працаваць, — то звольніць усіх проста ніхто не зможа», — упэўнены эксперт.

Аўтар Яўген Кірылаў, gazetaby.com, пераклад НЧ

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: