«Подласць рэжыму бязмежная». Пачалі судзіць затрыманых у першыя дні пратэстаў

Суды пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць дэманстрантаў, якіх затрымалі яшчэ ў жніўні, а потым адпусцілі, перадае Радыё Свабода.
Акцыя пратэсту ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня

Акцыя пратэсту ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі Свабодзе, што ім вядома ўжо пра 14 такіх працэсаў над затрыманымі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Пакуль даюць штрафы ў 10–20 базавых.

Самы вядомы з гэтых асуджаных — галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Ягор Марціновіч. Суд Заводскага раёна Мінска прызнаў учора Ягора Марціновіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці на праспекце Пушкіна 11 жніўня. Яго пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічынь (405 рублёў).

Сярод тых, каго затрымалі ў жніўні і цяпер пакаралі штрафамі, — маладыя хлопцы, якія раней не фігуравалі сярод затрыманых: Мікалай Каршуноў, Аляксей Юшкоў, Арцём Чыжык, Аляксей Кірыльчык і іншыя. Дзяўчат пакуль у суды не выклікаюць.

«У жніўні яны былі затрыманыя на двое сутак, 12-га іх пачалі выпускаць. Ім выдалі на Акрэсціна паперу з папярэджаннем пра няўдзел у масавых мерапрыемствах. Іх адпускалі без пратаколаў, а цяпер узніклі пратаколы», — сказаў Свабодзе Сяржук Сыс з «Вясны».

Былы адвакат, юрыст «Вясны» Павел Сапелка мяркуе, што калі запусцяць судовы канвеер адносна затрыманых у сярэдзіне жніўня, то могуць быць тысячы спраў. З 9 па 12 жніўня было 6,5–7 тысяч затрыманых.

«Подласць рэжыму бязмежная, таму можна чакаць усяго што заўгодна, — кажа Павел Сапелка. — Тэрмін даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці дазваляе яшчэ падымаць гэтыя пратаколы і накіроўваць іх у суд. Адзінае, што засталося не так многа часу, бо праз 2 месяцы гэтыя пратаколы ператворацца ў гарбуз, засталося літаральна яшчэ пару тыдняў».

Паводле Паўла Сапелкі, практычна ўсе затрыманыя ў той час — ахвяры жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, а большая іх частка стала ахвярамі катаванняў.

«То-бок іх збівалі, ім рабілі жахлівыя ўмовы ўтрымання ў пакаранне за іх грамадска-палітычную актыўнасць, за іх перакананні і палітычныя погляды», — кажа Сапелка.

Праваабаронцы меркавалі, што разгляд адміністрацыйных спраў дапаможа ўстанавіць падазраваных у гэтых катаваннях.

«Калі гэтыя справы не пайшлі ў суд, мы меркавалі, што ўлады такім чынам хацелі зберагчы супрацоўнікаў АМАП ад іх дэананімізацыі. Але цяпер суды нядрэнна асвоілі проціпраўнае, не заснаванае на адміністрацыйна-працэсуальным заканадаўстве прымяненьне так званых мераў бяспекі сілавікоў. Гэтыя справы разглядаюць з удзелам двух сведак — „Іванова“ ці „Александровіча“. Такая сістэма разгляду спраў, відаць, падштурхнула ўлады да ідэі, што іх можна разгледзець і прызначыць як мінімум штрафы», — кажа Павел Сапелка.

Паводле Паўла Сапелкі, той факт, што гэтыя людзі прайшлі праз жорсткае абыходжанне і катаванні, ніяк не суадносіцца з цяперашнім пераследам.

«Гэта яшчэ раз падкрэслівае цынічнасць падыходу ўладаў, пры тым, што дагэтуль не пачатыя крымінальныя справы адносна людзей, датычных да катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Вось гэтая дзяржаўная машына цяпер раскручваецца і выкарыстоўваецца для падаўлення ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, — кажа Павел Сапелка. — Людзей узялі ў палон і адпусцілі з гэтага палону. Асуджэнне за ажыццяўленне свайго канстытуцыйнага і міжнародна прызнанага права на мірны сход і свабоду выказвання — гэта парушэнне правоў чалавека. Мы заўсёды казалі, што гэта недапушчальна».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: