«Полацак-Шкловалакно» забараніла інфармацыю пра «Свабодны прафсаюз»

Інфармацыю пра «недзяржаўны» прафсаюз на стэндзе ля прахадной прадпрыемства вывешваць забаранілі. СПБ некалькі гадоў запар меў асобнае месца на стэндзе, але цяпер там «ячэйкі занятыя і выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасці».

19 ліпеня полацкаму лідару СПБ Віктару Стукаву не дазволілі размясціць інфармацыю пра “недзяржаўны” прафсаюз на адмысловым стэндзе, усталяваным на прахадной прадпрыемства.

Прычыны забароны ён спрабаваў высветліць падчас сустрэчы з дырэктарам ААТ “Полацак-Шкловалакно” Алегам Курыліным.

Паводле распараджэння ранейшага кіраўніцтва, СПБ некалькі гадоў запар меў асобнае месца на стэндзе, прызначаным для інфармавання пра дзейнасць грамадскіх арганізацый. Але зараз, паводле пісьмовага адказу адміністрацыі, “ячэйкі занятыя і выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасці”.

Якая гаспадарчая дзейнасць ажыццяўляецца на інфармацыйным стэндзе, выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Рамана Блізнёў не патлумачыў.

На думку Віктара Стукава, сітуацыя сведчыць пра парушэнне правоў працоўных:

Вось ім трэба не дапусціць, каб інфармацыя пра Свабодны прафсаюз вісела на прахадной. Тых, хто прыходзіць уладкоўвацца на працу, адразу змушаюць уступаць у прафсаюз “Белнафтахім”. А каб чалавек бачыў, ён мог бы выбраць і Свабодны прафсаюз. Парушаецца права на аб’яднанне ў прафсаюзы, бо яно заключаецца і ў магчымасці прафсаюзу дзейнічаць. Вось гэтага не даюць.

СПБ збіраюцца аспрэчваць рашэнне адміністрацыі наконт забароны размяшчаць інфармацыю пра дзейнасць афіцыйна зарэгістраванай грамадскай арганізацыі.

 Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!