Польскі вецер у «Браслаўскія ветразі» (+фота)

У рамках міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» 27 мая на возеры Дрывяты ў Браславе адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячай ветразевай школы.

Праект быў рэалізаваны ў рамках праекту польскай дапамогі для развіцця, які фінансуецца польскім МЗС. Стварэнне ветразевай школы толькі адзін са ста праектаў, якія ўжо рэалізаваныя палякамі ў Беларусі.

Такім чынам польскі бок спадзяецца на аднаўленне традыцый яхтынга ў Браславе.

У 30-я гады мінулага стагоддзя на возеры Дрывяты было тры прычалы для яхт і лодак з ветразямі, аднак у 1939 годзе гісторыя ветразевага спорту ў Браславе скончылася. І толькі з 2012 году ў Браславе аднавіліся рэгаты.


Па ініцыятыве польскай амбасады ў сакавіку 2016 года была падпісаная дамова з раённымі ўладамі Браслава аб стварэнні дзіцячай ветразевай школы. На гэтыя мэты амбасада Польшчы выдаткавала 98 тысяч еўра. На гэтыя грошы былі закупленыя 15 сучасных чаўноў з ветразямі, ангар для іх захоўвання, перасоўны прычал. Яшчэ каля 40 тысяч еўра плануецца выдаткаваць на абучэнне дзяцей хадзіць пад ветразем. На кожным ветразі — сімвал усмешкі, знак праграмы «Польская дапамога».

На адкрыццё школы прыехалі не толькі прадстаўнікі польскай амбасады і мясцовых уладаў, але і абласное кіраўніцтва, у тым ліку кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў. Дарэчы, менавіта з-за чакання высокага начальства мерапрыемства пачалося з гадзінным спазненнем.

«Для моладзі ветразевая школа — добрая магчымасць далучыцца да здаровага ладу жыцця, атрымаць унікальны вопыт. Белыя ветразі над Дрывятамі стануць сімвалам польска-беларускага сяброўства», — заявіў старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі.


Сёння 15 дзяцей з Браслаўскага раёну зрабілі свой першы круг па возеры. Нягледзячы на тое, што навучацца майстэрству хадзіць пад ветразем яны пачалі толькі 4 дні таму.


Свята працягнулася на Замкавай гары Браслава, дзе ўсе жадаючыя маглі акрамя іншага яшчэ і бясплатна пачаставацца традыцыйнымі польскімі стравамі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: