Ужо заўтра ў Беларусь прыедзе гуманітарны груз з Польшчы

Груз з гуманітарнай дапамогай — 50 тысяч літраў дэзінфікуючых сродкаў, 30 тысяч літраў антыспептыкаў і 100 тысяч штук хірургічных масак, неабходных для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі COVID-19, — выехаў 23 красавіка з Варшавы і ў пятніцу прыбудзе ў Беларусь.


У афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі прыняў удзел пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў, камендант Дзяржаўнай супрацьпажарнай службы Анджэй Бартковяк, а таксама намеснікі міністра дзяржаўных актываў і міністра замежных спраў Мацей Малецкі і Марцін Пшыдач.


Дарыльшчыкамі з'яўляюцца дзяржаўныя прадпрыемствы і Міністэрства аховы здароўя Польшчы, а ў якасці пасярэдніка пры перадачы выступіў Фонд міжнароднай салідарнасці. Дастаўку забяспечвае Дзяржаўная супрацьпажарная служба.


Атрымальнікам гуманітарнай дапамогі з'яўляецца ўказаны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання ў Мінску. Частка дароў прызначана для горада Гродна і Гродзенскай вобласці — рэгіёну, дзе пражывае большасць прадстаўнікоў польскай дыяспары.

Аказваючы дапамогу Беларусі ў барацьбе з пандэміяй віруса COVID-19, Польшча дэманструе суседскую салідарнасць і рэалізуе свае абавязацельствы ў адпаведнасці з "Дагаворам аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь", падпісаным у 1992 годзе.


Плануецца прыбыцце грузу ў Мінск 24 красавіка ў 14:00 на тэрыторыю прадпрыемства «Белмедтэхніка». У цырымоніі перадачы дароў прыме ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: