Помнік Льву Сапегу не павінен стаяць на плошчы, якая носіць імя Леніна

Грамадскі актывіст са Слоніма Алесь Масюк перадаў у Слонімскі раённы выканаўчы камітэт і Слонімскі раённы Савет дэпутатаў просьбу жыхароў горада Слоніма наконт перайменавання плошчы Леніна на Тэатральную плошчу.

Справа ў тым, што ў Слоніме сёлета адбудзецца рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята мяркуецца адкрыць помнік былому слонімскаму старосце Льву Сапегу. Устаноўка помніка запланавана ў скверыку на плошчы Леніна насупраць драматычнага тэатра. Помнік Сапегу — на плошчы Леніна, гучыць зусім недарэчна, тым больш што Ленін, ніякага дачынення да гісторыі Слоніма наогул не мае.

Пры Льву Сапегу пры храмах нашага старажытнага горада існавалі тэатры, потым палац Сапегі Міхал Казімір Агінскі пераабсталяваў пад свой тэатр. Зараз працуе ў цэнтры горада дзяржаўны драматычны тэатр. Як бачыце, тэатральныя традыцыі працягваюцца. Таму сама плошча Леніна просіцца стаць Тэатральнай. Аўтобусны прыпынак «Тэатральная плошча» —будзе з’яўляцца своеасаблівай рэкламай тэатру, а плошча — візітоўкай Слоніма, як гістарычнага і культурнага цэнтру Заходняй Беларусі.

Перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу не патрабуе вялікіх выдаткаў. Слонімцы спакойна перайменавалі плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай і ўсё абыйшлося культурна і ціха.

Таму слонімцы спадзяюцца, што іх прапанова па перайменаванню плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу, будзе падтрымана. І гэта паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Слоніма і прынясе карысць усім слонімцам. За некалькі дзён пад просьбай падпісаліся каля 100 слонімцаў.

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!