Помнік паўстанцам з’явіцца ў Слуцку?

У Слуцкі райвыканкам перададзены больш за 1800 подпісаў за ўсталяванне помніка Слуцкім паўстанцам.


Грамадская актывістка Аліна Нагорная і палітолаг Алесь Лагвінец 7 лютага перадалі старшыні Слуцкага райвыканкама калектыўны зварот, які падтрымалі больш за 1800 чалавек. 1408 подпісаў — папяровыя, а 466 — электронныя.

Больш за тысячу подпісаў актывісты ініцыятывы “Дзея” сабралі сярод жыхароў горада Слуцка.

У суправаджальным пісьме да калектыўнага звароту сябра рады “Руху за свабоду” і актывістка ”Дзеі” Аліна Нагорная пішуць, што Слуцкая зямля дала Беларусі шматлікіх герояў, якімі мы ўсе як грамадзяне нашай краіны маем поўнае права ганарыцца. Слуцкае паўстанне 1920 года — самае яскравае, але і трагічнае дзеянне на шляху змагання за свабоду і незалежнасць Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя. Гэта магутны патрыятычны прыклад для ўсіх грамадзян, асабліва нашай моладзі.

У пісьме таксама канстатуецца, што, на вялікі жаль, зараз у Слуцку няма ніводнага знаку ці месца, якое б нагадвала жыхарам пра гэту гераічную старонку гісторыі нашага краю.

Аліна Нагорная прапануе стварыць пры Слуцкім райвыканкаме грамадскі камітэт, у які б на парытэтных пачатках увайшлі б, з аднаго боку, прадстаўнікі мясцовых уладаў і саветаў дэпутатаў, а з другога — вядомыя гісторыкі, культурныя і грамадскія дзеячы нашай краіны, якія падтрымалі ідэю ўсталявання помніку.

Задача грамадскага камітэта — шырокае абмеркаванне і інфармаванне пра значэнне Слуцкага збройнага чыну, прыняццё прапаноў адносна выгляду помніка і актыўная дапамога ў пошуку сродкаў на яго ўсталяванне.

Напрыканцы звароту Нагорная напісала, што вельмі разлічвае на дзяржаўны розум кіраўніка райвыканкама і адпаведныя крокі ў дасягненні кансенсусу па гэтым выключна важным для случакоў і ўсіх сапраўдных патрыётаў Беларусі пытанні.


Грамадскі актывіст Алесь Лагвінец паведаміў, што ў гэты ж дзень перад рэгістрацыяй подпісаў у Слуцкім райвыканкаме нацыянальна-свядомыя актывісты наведалі старшыню Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктара Ражанца, каб заручыцца падтрымкай раённага Савета дэпутатаў.

— На словах старшыня раённага Савета дэпутатаў нібыта не супраць такога помніка, толькі выказаў заклапочанасць у сувязі з адсутнасцю сродкаў. Будзем чакаць афіцыйнага адказу з райвыканкама і спадзяёмся на дзяржаўны розум кіраўнікоў, — распавёў Алесь Лагвінец.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: