Помнік расстралянаму паэту з’явіўся ў вёсцы Сава

Памятны знак рэпрэсаванаму паэту ў вёсцы Сава — унікальны выпадак для Беларусі. Паэт Васіль Каваль (Кавалёў) быў расстралянага ў Мінску 29 кастрычніка 1937 году. Памятны знак паэту паставілі каля мясцовай школы на вуліцы, названай ягоным імем



  Памятны знак Васілю Кавалю. Фота kobylaki.by

Памятны знак расстралянаму ў 1937-м Васілю Кавалю быў адкрыты 30 кастрычніка ў вёсцы Сава Горацкага раёна.

Помнік з'явіўся ў роднай вёсцы Васіля Каваля дзякуючы актыўнасці мясцовай жыхаркі Алены Бірчанка і яе мужа Міхаіла. Міхаіл вырабіў сам знак, а Алена дамагалася дазволу на яго ўстаноўку. Прыйшлося дайсці нават да Міністэрства культуры, адзначае сайт kobylaki.by

У адкрыцці помніка ў вёсцы Сава прынялі ўдзел дачка паэта Аліна Васільеўна Палтаржыцкая, унукі, праўнукі, а таксама мясцовыя жыхары і школьнікі. Асвяціў помнік іерэй Андрэй Выгоўскі.

Нашчадкі і сваякі Васіля Каваля на адкрыцці памятнага знака. Фота  kobylaki.by



Дачку Васіля Каваля Аліну Васільеўну прывезлі з Мінска сваякі. Свайго бацькі яна ніколі не бачыла і даведалася пра яго, калі прынеслі даведку пра рэабілітацыю ў 1957-м годзе.

"Я ў ліпені нарадзілася, а яго расстралялі 29 кастрычніка 1937 года. Я свайго бацькі і не бачыла нават. Да 20 гадоў нічога не ведала. У 1957-м годзе рэабілітавалі. У 1957-м і даведалася", — распавядае Аліна Васільеўна.

Да 20 гадоў Аліна Васільеўна жыла пад прозвішчам свайго айчыма — Сапетка. Яе маці Паліна Басікевіч, акторка Тэатру юнага гледача, выйшла за Анатоля Сапетку, каб уратавацца ад рэпрэсій, распавядае “Свабода”. Лёс жанчыны таксама склаўся трагічна. Яна загінула ў мінскім гета.

Дачку ўратавала жыхарка Мінску Алена Смольская, якую ў 1998 годзе ўганаравалі званнем Праведнік народу свету. Па вайне яна выйшла за Анатоля Сапетку. Яны і гадавалі Аліну.

Аліна Васільеўна скончыла факультэт замежных моў Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Выйшла замуж за вайскоўца і «20 гадоў вандравала» з ім Савецкім Саюзе. У 1983 годзе, як муж дэмабілізаваўся, разам з ім вярнулася ў Мінск. У іх двое дарослых дзяцей, унукі, праўнукі. Сваё жыццё прысвяціла настаўніцтву.

Васіль Каваль пражыў кароткае жыццё, але пакінуў прыкметны след у беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся 17 жніўня 1907 года ў вёсцы Сава Горацкага павета. Вучыўся спачатку ў вясковай, а затым — у Шышаўскай і Горацкай школах. У 1925 годзе быў залічаны студэнтам першага курса Магілёўскага педтэхнікума, але неўзабаве пакінуў вучобу з-за хваробы маці.

Быў сябрам магілёўскай філіі літаратурнага аб'яднання "Маладняк". Пісаў вершы, прозу, быў у сяброўскіх адносінах з Максімам Гарэцкім, які прысвяціў творчасці Каваля некалькі старонак у кнізе "Маладняк" за пяць гадоў". Творы паэта публікаваліся на старонках часопісаў "Полымя", "Маладняк", газетах "Звязда", "Савецкая Беларусь", "Чырвоная змена", "Чырвоны сейбiт" і інш. Перакладаў на беларускую творы Горкага, Чэхава і іншых.

Друкавацца Васіль Каваль пачаў у 1925 годзе. Дэбютаваў вершамі. Пазней стаў пісаць прозу. У 1927 годзе выйшла першая кніга — «Як вясну гукалі». Да арышту выдаў яшчэ 4 кніжкі.

2 лістапада 1936 года яго арыштавалі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая нібыта ставіла за мэту "адрыў БССР ад Савецкага саюза і стварэнне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі". 28 кастрычніка 1937 года Каваля прысудзілі да расстрэлу, а 29-га расстралялі ў Мінску разам з дзясяткамі іншых вядомых дзеячаў культуры і навукі.

У 1957 годзе Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР пастанавіла: "Прысуд адмяніць і справу ягоную спыніць у сувязі з адсутнасцю складу злачынства".

Пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе пабачылі свет тры зборнікі ягоных твораў. У 1966 годзе ўрывак апавядання «Следапыт» увайшоў у «Хрэстаматыю па беларускай дзіцячай літаратуры». А ў 1967-м твор «Ілька» — у першы том «Анталогіі беларускага апавядання».

Пасмяротна Васіль Каваль быў рэабілітаваны. Яго бацька Пётр Кавалёў быў неаднаразова рэпрэсаваны і таксама расстраляны, але ўжо ў Оршы.

Імем Васіля Каваля названа вуліца ў Магілёве і Саве. У сельскім клубе створана мемарыяльны пакой, прысвечаная жыццю і творчасці паэта.

Паводле  kobylaki.by, www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!