Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Помнік слуцкім паўстанцам адназначна будзе!

Актывісты ініцыятывы «Дзея» пад кіраўніцтвам Аліны Нагорнай сабралі больш за 1200 подпісаў у Слуцку, каля 600 подпісаў у інтэрнэце і сярод жыхароў іншых гарадоў за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну.

Нягледзячы на адмоўны адказ ад выканаўчых уладаў Слуцка, актывісты «Дзеі» стварылі Грамадскі камітэт па ўшанаванню памяці Слуцкіх паўстанцаў і нават абвясцілі конкурс на лепшы эскізны варыянт помніка.

— Аліна, Слуцкі райвыканкам заявіў пра «неадназначнасць гістарычнай падзеі і немэтазгоднасць помніка». Але вы стварылі Грамадскі камітэт, які аб’явіў пра пачатак конкурсу на лепшы эскізны варыянт…

— Аргументы ўладаў пра тое, што «падзеі 1920 года на Случчыне патрабуюць больш абгрунтаванага аб’ектыўнага навуковага даследавання» і «існуюць розныя супрацьлеглыя трактоўкі Слуцкага паўстання» выклікаюць смех у гісторыкаў. Даследаванняў шмат. Справа не ў недахопе фактаў, а ў нежаданні працаваць ці прызнаць героямі змагароў за незалежнасць.

Зараз з гісторыкам Нінай Стужынскай мы рыхтуем зварот, у якім дадзім спасылкі на навуковыя даследванні. Калі прадстаўнікі мясцовых уладаў адказна падыйдуць да яго разгляду — будзе зусім іншая сітуацыя. Спадзяюся на гэта, нягледзячы на вынікі перапіскі і размоў з уладамі.

— Чаму сябры Грамадскага камітэта, на ваш погляд, пагадзіліся прыняць удзел у такім «нерэальным» варыянце?

— Сябры ГК — гэта вядомыя людзі, якія падтрымліваюць ідэю ўшанавання гістарычнай памяці. Сярод іх — лаурэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, вядомы мастак Алесь Пушкін, літаратар і мастак Адам Глобус, культуролаг Максім Жбанкоў, аўтар кнігі пра Слуцкае паўстанне Ніна Стужынская… Не адмовіўся ўвайсці ў яго нават Зянон Пазьняк. Кожны з іх,безумоўна, прафесіянал у сваёй сферы.


15 чэрвеня быў абвешчаны конкурс на лепшы эскізны праект помніка. Будзе эскізны праект — будзе і рэальны прадмет для размовы з уладамі.

На пасяджэнні мы таксама абмеркавалі ідэі, як падвышаць цікавасць случчакоў да гісторыі роднага краю. Справа рухаецца, людзі ўсё больш цікавяцца. А людзі, якія ведаюць сваю гісторыю — у нашай сітуацыі, гэта ўжо невялічкая, але перамога.

— Такім чынам, людзі, якія змагаюцца за ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў і вяртанне гістарычнай памяці, павінны быць настойлівымі і могуць быць пачутыя ўладамі?

— З гістарычнага пункту гледжання падзеі 1920 года адбыліся не так даўно. Яшчэ не прайшло і стагоддзя, а савецкая і поставецкая ўлада зрабіла ўсё, каб беларусы не памяталі пра сваю годнасць і нешматлікія прыклады барацьбы за незалежнасць. Як дэкларавалі ўдзельнікі паўстання: «Верым, што наша справа праўдзівая, і праўда заўсёды закрасуе». Мы павінны ганарыцца героямі, памятаць іх і штосьці рабіць, каб быць іх годнымі.

І канешне, мы павінны рабіць усё магчымае, каб гістарычная памяць захавалася.

Таму мы шукаем і іншыя варыянты ўсталявання помніка. Магчыма, гэта часова будзе прыватны падворак. Але помнік адназначна будзе.

— З купкай людзей, якія ведаюць гісторыю, усё зразумела. Але што можна зрабіць, каб памяняць адносіны прасавецкіх беларусаў да гэтай гістарычнай падзеі?

— Мы ўжо арганізоўвалі прагляд кінастужкі пра паўстанне ў Мінску, святкавалі Дзень народзінаў Юркі Лістапада (аднаго з лідараў паўстання) вандроўкай па мясцінах, дзе ён нарадзіўся і жыў, а таксама ў Слуцку са случчакамі. Каля двух тысяч чалавек, якія падпісаліся за помнік, атрымалі паштоўку з падзякай і гістарычнай даведкай. Зараз збіраемся рыхтаваць друкаваныя матэрыялы і плануем шэраг гістарычных мерапрыемстваў у Слуцку.

Нягледзячы на тое, што Слуцк, па меркаванні ўладаў, «не мае вольных памяшканняў», мы знойдзем выйсце для сустрэч з насельніцтвам.

Падрабязна пра палажэнне конкурсу і ўмовы — на сайце budzma.by.

Фота медыя-службы "Дзеі" 



Каментаваць