Тарас Шаўчэнка і вечар расстраляных літаратараў у Слуцку

У Слуцку вершы расстраляных паэтаў — Язэпа Пушчы, Тодара Кляшторнага, Алеся Дудара чыталі менавіта каля помніка ўкраінскага паэта, што месціцца ў гарадскім парку.


Большасць случчан ведае, што гэты помнік быў падараваны гораду ў 1996-м годзе ўкраінскім горадам-пабрацімам Бровары. Больш дасведчаныя валодаюць інфармацыяй, што Тарас Шаўчэнка моцна сябраваў з Браніславам Залескім, які меў маёнтак у вёсцы Рачкавічы Слуцкага раёна. Знакаміты слуцкі мастак, удзельнік паўстання 1863 года, пазнаёміўся з Шаўчэнкам у 1848 годзе ў Арэнбургу, дзе абодва адбывалі ссылку за ўдзел у тайных таварыствах і цягнулі лямку радавых салдат.

Абодва літаратары, абодва мастакі. Шаўчэнка — без права 10 гадоў трымаць у руках аловак і пяро. Знайшліся чуллівыя сярод тамтэйшага начальства — аблегчылі іхняе становішча тым, што даручылі аформіць матэрыялы Аральскай экспедыцыі, экспедыцыі ў горы Каратаў, далі магчымасць ссыльным пабыць мастакамі і графікамі.

Пэўны час жылі ў адным намёце, разам рабілі замалёўкі і эцюды. Залескі вызваліўся раней і вярнуўся ў Рачкавічы. Тарас сумаваў аб ім. Верныя сябры ліставалі адзін аднаму. Залескі запрашаў Шаўчэнку ў Слуцк, у Рачкавічы, рыхтаваўся да сустрэчы з ім. Але яна не адбылася. Пасля вяртання з ссылкі, якая канчаткова падарвала здароўе ўкраінскага паэта, праз некалькі гадоў знакаміты паэт і мастак памёр (1861 год).

Апрача Браніслава Залескага, вядома імя яшчэ аднаго знакамітага случчаніна, мастака Кандрата Карсаліна, які вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў разам з Тарасам Шаўчэнкам.

Помнік духоўнаму бацьку Украінскага незалежніцкага руху ў Слуцку — адзіны помнік, які мае дачыненне да літаратуры. Але не толькі па гэтай прычыне некалькі случчан паклалі ля помніка кветкі, запалілі лампадку вечарам 29 кастрычніка. Лёс Шаўчэнкі, які аддаў сваё жыццё дзеля вольнай роднай Украіны, нагадвае лёс усіх таленавітых беларускіх літаратараў, якія былі рэпрасаваны, закатаваны ў сталінскіх лагерах толькі за тое, што любілі Беларусь і пісалі свае творы на роднай мове. Як і Шаўчэнку, ім хацелася, каб беларускаму народу было ўтульна жыць у роднай краіне. 22 з іх былі расстраляны ў чорную ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года. Зусім маладыя, Тодару Кляшторнаму было ўсяго 23 гады.


Украінец Шаўчэнка прайшоў праз рабскую прыгонніцкую няволю ва ўмовах Расійскай імперыі, расстраляныя ж літаратары не маглі свабодна тварыць у часы савецкай сталінскай эпохі…

Па-гэтаму, некалькі жыхароў Слуцка ўспомнілі ў гэты вечар як пра замучаных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, так і пра ўкраінскага паэта. Прачыталі шэптам вершы, праслухалі верш украінскага генія «Запавіт», пакладзены на песню.


Яшчэ некалькі случчан запалілі ў гэты ж час лампадкі ў лесе на месцы расстрэлаў ва ўрочышчы Каліта, праспявалі песні на словы ўраджэнца Случчыны, замучанага ў 1938 годзе кампазітара Уладзіміра Тэраўскага, у тым ліку, яго вядомую “Купалінку”. Нават у лесе спявалі ціхенька. Бо памяталі нядаўні міліцэйскі разгром за ускладанне кветак каля помніка ахвярам габрэйскага гета і не хацелі стаць чарговымі пакаранымі за ўспамін аб замучаным кампазітару і іншых жыхарах Случчыны. 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: