Пра тое, чаго амаль ніхто не бачыў, але ўсе баяцца як агню

Мы працягваем публікаваць парады сківічна-тваравага хірурга, якія, магчыма, будуць карысныя нашым чытачам. Гэтым разам яны тычацца выдалення зуба пры алергіі.

Гэта — маё меркаванне, высновы з майго досведу і парады, якія я і мае калегі даем пацыентам.

Усё часцей паліклінікі выносяць пацыентам прысуд «полівалентная алергія» і выпраўляюць выдаляць зубы ў стацыянар. Наколькі гэта абгрунтавана, ці ёсць рызыка насамрэч, як з гэтым разабрацца і не сапсаваць здароўе на пустым месцы.

Дарэчы, хранічныя алергікі ведаюць свае дыягназы і распавядаюць усё падрабязна і дакладна, маюць мноства выпісак і рэкамендацыі алерголага. Таму тут гаворка пойдзе не пра іх.

Сцісла пра тое, чаму вучаць на курсах алерголагі: алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу можа развівацца на любое ўвядзенне любога алергена. У тым ліку на першае ўвядзенне ў вашым жыцці. І — незалежна ад дозы. Значыць, і на алергічную пробу.

Аказваецца, ніхто не можа быць упэўнены, што алергіі ў яго не будзе вось тут проста зараз, у гэтую секунду, бо алергены паўсюль, і чалавек з імі кантактуе несупынна, а заслужанаму алергіку можа хапіць адзінай малекулы любімага алергена, каб памерці цягам некалькіх хвілін.

Добрая навіна: так было заўсёды, але чалавецтва выжыла. Таму што даволі рэдкая гэтая з’ява: 5 выпадкаў анафілактычнага шоку на 100 000 чалавек на год — з Вікіпедыі. Гэта на ежу, насякомых, лекі ды іншае. Лічба расце, але і чалавечая папуляцыя расце — то будзем аптымістамі.

Як хірургу-стаматолагу, мне стала цікава, наколькі мы, патэнцыйныя забойцы, небяспечныя для алергізаванага грамадства. Лічу прыблізна.

30 талонаў на 20 працоўных дзён на 11 месяцаў = 6 600 пацыентаў за год на 1 стаўку бесчалавечнай эксплуатацыі Міністэрствам аховы здароўя хірурга-стаматолага.

З іх лекар уводзіць замарозку, дапусцім, 2/3 (астатнія — кансультацыі, перавязкі і г.д.) Не кожны дзень лекар такі супер-выдалятар, але няхай. Значыць, 4400. На 40 гадоў кар’еры мінус дэкрэтныя і курсы падвышэння кваліфікацыі, плюс падвышэнне пенсійнага ўзросту — 176 000 пацыентаў, чалавека-анэстэзій, так бы мовіць. Акруглім да 200 000 і высветлім, што з іх 10 чалавек маглі захварэць на анафілактычны шок.

Палову давядзецца адкінуць адразу, бо нават у лютых астматыкаў, якія трапілі ў стацыянар з алергіяй (дадзеныя Капейкінай С.М. за 2010–2013 гады па Амурскай лякарні), толькі крыху больш за палову атрымалі шок ад лекаў. Сярод папуляцыі агулам значна больш людзей церпіць ад ежы і насякомых. Але мы возьмем самыя жудасныя лічбы: палову. Засталося 5. Па тым жа стацыянары выбарка сведчыць, што ў 20% людзей, што перахварэлі на анафілактычны шок ад лекаў, захварэлі праз увядзенне мясцовай анэстэзіі — замарозкі. Дзелім на 5.

Атрымліваецца: за 40 гадоў хірург-стаматолаг у сярэднім пабачыць алергічны шок на ўвядзенне замарозкі 1 (адзін) раз. Калі не возьме ў той дзень бальнічны. Смяротнасць складае 10–20%. Значыць, 9 з 10 хірургаў абміне. Не такія ўжо мы забойцы, праўда?

Пры гэтым ніхто не кажа, што пацыенту не можа стаць блага ў крэсле дантыста, — можа, яшчэ як. Палова міліцыянтаў і амаль усе салдаты тэрміновай службы губляюць прытомнасць. Прычым многія — да маніпуляцыі. Прэвентыўна.

Але гэта ўсё — забаўная лірыка. Алергікі ж на прыёме сустракаюцца не так рэдка. Многія скажуць: у маленстве перанёс алергію на пеніцылін. Нехта не пераносіць пылок раслін, а іншы — цытрусавыя. Пры гэтым абсалютная большасць з алергікаў перажыве ўвядзенне анэстэтыка без наступстваў.

Ёсць тыя, каму «ўвялі замарозку — і стала кепска». Асобная група — тыя, каму потым сказалі, што алергія ў яго на замарозку, і нават прэпарат назвалі, толькі ён не памятае, які.

Кепска — гэта блага. Асабліва нядобра, калі табе не могуць патлумачыць, што ж было кепскага. Давядзецца дапытваць. Вось што можа высветліцца:

  • падняўся ціск (НЕ алергія, бо сам механізм алергіі — пашырэнне сасудаў, выхад плазмы ў тканкі, крытычнае ПАДЗЕННЕ ціску);
  • стала «трэсці», закалацілася сэрца (а хто прасіў у лекара моцную замарозку? Ну вось вам адрэналіну, а бывае, яшчэ ў сасуд патрапілі. НЕ алергія);
  • стала цяжка глытаць, крыху ванітавала (калі дыхаць нічога не замінала, і праз некалькі хвілін прызвычаіўся і сам не заўважыў, як адпусціла — гэта, хутчэй за ўсё, асаблівасці праяўлення замарозкі на нёбе, НЕ алергія);
  • стала млосна: збялеў, пацямнела ўваччу на некалькі секунд (не відавочна: гэта МОЖА БЫЦЬ алергія — яе лёгкія, абартыўныя праявы. Але найчасцей — доўга балела, не спаў, некалькі дзён мала піў і еў, баюся стаматолагаў з маленства, душна ў кабінеце — у розных камбінацыях);
  • тупы боль у жываце (асцярожна! Так можа пачынацца самлеласць — страта прытомнасці, і гэта МОЖА БЫЦЬ алергія… або ў чалавека з дзяцінства такая рэакцыя на стрэс);
  • упаў ціск, выклікалі «хуткую», забралі ў лякарню, праляжаў у рэанімацыі (вось як выглядае АЛЕРГІЯ, панове!);
  • у хуткім часе пасля ўвядзення прэпарату з’явіліся ацёкі на твары, заняло дыханне (АЛЕРГІЯ, небяспека — задыхнуцца праз ацёк гартані, калі такое здарылася пры вас — «хуткую», і ў стацыянар);
  •  крапіўніца (АЛЕРГІЯ).

Дапусцім, сапраўды алергія. Што рабіць і чаго не рабіць.

Пробы кшталту «драпнем скуру, капнем лекі і пабачым, што будзе»: а) небяспечныя, б) неінфарматыўныя. Алергія часцяком бывае не на сам прэпарат, а на тое, чым гэты прэпарат робіцца, калі звязаўся з бялкамі, альбо калі пачаў разбурацца ў печані. А для сапраўднага алергіка хопіць і такога, каб атрымаць праблему.

Пробы «ін вітра» — нашмат лепей: рэактывы змешваюцца не з пацыентам, а з ягонай крывёй у прабірцы, што выключае кантакт арганізма з алергенам. Выніку можна давяраць, па розных крыніцах, на 60–85 працэнтаў. Заўважце: верагоднасць сустрэць дыназаўра на мінскіх вуліцах — 50%. Трэба ўлічваць: пробы гэтыя залежныя ад шматлікіх фактараў, паказчыкі могуць мяняцца цягам месяца. (Таму пробы даўнасцю больш за год, мякка кажучы, могуць не адлюстроўваць рэальны стан рэчаў. Але, калі некалькі разоў пробы паказваюць норму — гэта ўнушае аптымізм.)

Сапраўдным алергікам лепей выдаляць зубы пад наглядам рэаніматолага ва ўмовах стацыянара. У нескладаных выпадках — калі ўсе звесткі пра алергію толькі з блытаных тлумачэнняў пацыента — гэта можа быць звычайнае выдаленне без дадатковых прэпаратаў. Пабыўшы пару гадзін пад наглядам, пацыент выпраўляецца дадому і ведае, што гэты вось канкрэтны прэпарат яму можна ўводзіць і ў паліклініцы (альбо — нельга ўводзіць, калі нешта пайшло не так, і пацыента пакінулі ў стацыянары).

Калі ёсць пацверджаныя выпадкі алергіі альбо неаптымістычныя аналізы, прызначаецца прэмедыкацыі. Схемы прыкрыцця антыгістаміннымі прэпаратамі і гармонамі бываюць розныя. Бывае, што гармоны рэкамендавана ўводзіць нават уночы перад аперацыяй і некалькі разоў пасля. Гэта — нагода затрымацца ў стацыянары на пару дзён.

Крайні выпадак — агульны наркоз. Чаму крайні? Бо: а) ад наркозу прачынаюцца не ўсе; б) наркоз — нагрузка на ўсе органы і сістэмы арганізма; в) на наркотыкі, рэлаксанты і іншае бываюць такія ж алергічныя рэакцыі, і хоць здараюцца яны радзей — то таму, што папросту такія прэпараты і ўводзяць радзей. Калі ўжо даваць наркоз, дык выкарыстоўваць яго варта напоўніцу, саніраваць усё, да чаго рукі дацягнуцца. Пасля наркозу пацыента назіраюць некалькі гадзін ці некалькі дзён — як пойдзе.

Рэзюмэ: калі вы — алергік, вам варта саніраваць рот не радзей двух разоў на год, каб збольшага лячыць зубы без анестэзіі. Не хварэйце!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: