Пра ўзвядзенне НВЦ каля Курапатаў рыхтуецца ўказ Лукашэнкі

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі разам з Упраўленнем справамі Прэзідэнта краіны падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя Нацыянальнага выставачнага цэнтру з улікам яго размяшчэння паміж Курапатамі і «Экспабелам».

Пра гэта паведаміў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксей Ананіч у адказе на зварот грамадскасці «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!».

Паводле спадара Ананіча, дзеля ажыццяўлення праекту ўзвядзення Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы.

Гэты ўказ павінен урэгуляваць пытанні будаўніцтва цэнтру, у тым ліку, вызначыць заказчыка па праектаванні і ўзвядзенні аб’екту, генеральную праектную арганізацыю па праектаванні і ажыццяўленні аўтарскага нагляду, месца размяшчэння НВЦ і ўмовы выдзялення зямельнай пляцоўкі.
 
Нагадаем, што зварот «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!» — рэакцыя грамадскасці на рашэнне кіраўніка дзяржавы аб пабудове НВЦ на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узвесці функцыянальны, просты, прыгожы і якасны комплекс без лішніх выдаткаў.

«Паколькі ў гэтым месцы ляжаць тысячы нашых з Вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце грамадскасці.


Аўтары звароту нагадваюць, што Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», і зазначаюць: апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.

«Мы лічым, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На нашае меркаванне, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ», — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары акцэнтуюць, сярод іншага, увагу на тым, што ўзвядзенне НВЦ у абраным месцы парушыць звычны выгляд гістарычнага поля з яго ландшафтам, краівяднымі пунктамі і грунтавой «Дарогай смерці», па якой ахвяраў вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай гісторыі.


Заходзячы з таго, што абранае для будаўніцтва НВЦ месца не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню абодвух складнікаў — як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць просіць улады перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і пакінуць поле паміж урочышчам і «Экспабелам», як месца нацыянальнай памяці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!