Пра здаровы лад жыцця — каля буйных заводаў Мінску

Мабільная фотавыстава пра здаровы лад жыцця пераехала — зараз яе можна пабачыць каля заводу колавых цягачоў.

На плошчы каля Мінскага трактарнага завода мінакі маглі пабачыць мабільную вулічную фотавыставу «Разам да здароўя!», яна адкрылася 29 лістапада. Яе героямі сталі простыя жыхары Беларусі, якія абралі здаровы лад жыцця. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

А з 10 па 17 снежня гэта выстава размешчана перад Мінскім заводам колавых цягачоў (станцыя метро Магілёўская). 

Наш фотапраект «Разам да здароўя!» — гэта гісторыі не толькі пра змяненне ладу жыцця ў бок здаровага, развіццё асабістага патэнцыялу, але і пра ўзаемную падтрымку, — адзначыла Таццяна Святловіч, менеджар праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця". — Мы рады, што наша ініцыятыва атрымлівае пазітыўны водгук і выклікае цікавасць у грамадства, СМІ. Разам лягчэй мяняцца да лепшага.

У адкрыцці фотавыставы прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска, кіраўніцтва БТЧК, героі фотавыставы — валанцёры ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця.


Валанцёры-інструктары ініцыятыўных груп арганізавалі для ўсіх жадаючых майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе, а фатограф праекта Яўген Атцецкі правёў па экспазіцыі экскурсію, да якой далучыліся працоўныя Менскага трактарнага завода і проста мінакі.

Я жыву ў раёне Трактарнага завода, часта прахаджу тут міма сквера. Убачыла стэнды з фотаздымкамі, стала цікава, — падзялілася ўражаннямі наведвальніца фотавыставы Кацярына. — Добрая ідэя! Папросту гонар за гэтых людзей, дый за сябе таксама. Я ўжо некалькі гадоў як займаюся фітнесам, а нядаўна пачала ў басейн хадзіць, сяброўку з сабой бяру. Не хачу закісаць і скардзіцца на балячкі. Пад адной з фатаграфій было напісана, што здаровы лад жыцця — гэта здаровае стаўленне да сабе і навакольных. Вельмі дакладна сказана.


БТЧК з 2014 года рэалізуе праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта — умацаванне здароўя і змяненне паводзінаў насельніцтва Беларусі ў бок здаровага ладу жыцця.


Чытайце таксама:

Мабільная фотавыстава «Разам да здароўя!» пройдзе ў Мінску



Створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць больш за 470 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя здаровым ладам жыцця і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Ініцыятыўныя групы навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, праводзяць рэгулярныя заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.

Каментаваць