«Я даўно хацела папрасіць у вас прабачэння за тату!»

Да кабаку ля Курапатаў пад'ехала машына – разьвярнулася і стала. Зь яе выйшлі двое – мужчына і жанчына, веку ля 45 абодва.
Я падумаў, "У кабак пруцца". Але ён гукнуў: "Дзе тут Зьмітро?!" А яна адказала: "Дык вось жа ён!"

- Мяне клічуць Натальля К., памятаеце такое прозьвішча?
- Не, – трохі разгубіўся я, бо заўсёды няёмка забыцца на чыёсьці імя ці прозьвішча.
- Мой тата даў вам суткі ў Першамайскім судзе.
- О! – абрадваўся я, бо памятаць прозьвішчы ўсіх сваіх судзьдзяў ніяк ня мог, – дзе ж іх упомніш усе тыя суткі, столькі іх было.
- 14 дзён выпісаў ён вам.
- О, дык я памятаю! – перапоўніла мяне зьдзіўленьне. – І да таго і пасьля таго ўвесь час давалі 15, а тады раз – і 14! І я запомніў іх аж дасюль! Гэты быў 2006 год, за Чарнобыльскі шлях.
- Так, 2006-ы.
- І як тата ваш, шчэ працуе?
- Не, памёр. Прабачце яго!.. Тады ж не было чалавека, які займаўся адміністрацыйнымі справамі. А тата проста рабіў сваю працу…
- Так, на жаль рабіў, – уздыхнуў я, – будзем спадзявацца, што ён потым за гэта выбачыўся… Бог зь ім, гэта ўсё дробязі, галоўнае, што цяпер мы разам.
- Так, цяпер мы разам! – падхапіўся мужчына, спадар Алег. – Ці мог я падумаць паўгады таму, што я буду цяпер!.. Мы ж во – праз дарогу працуем. Я глядзеў, як стаіцё вы тут пад бел-чырвона-белым сьцягам і лічыў вас гэтымі, як яго… Не, не змагарамі нават… во – барцунамі! А 9 жніўня як шора з вачэй звалілася! Дык гэта ж наш нацыянальны сьцяг! Гэта ж наш сьцяг!
- Наш! – пацьвердзіў я.
- І вось стаіш ты тут, а я быў супраць, што стаіш!
- Я стаю, каб мы зьвярнулі ўвагу на прычыну, каб зразумелі, што Лукашэнка – гэта заканамерны, лагічны вынік нераскаянага, неасуджанага камунізму.
- Так, цяпер мы ведаем! Я хоць за Савецкі саюз галасаваў, але за гэтую поскудзь ніколі не галасаваў! Але супраць вас быў. А цяпер, цяпер шоры як зваліліся з вачэй – гэта ж нацыянальны, гэта ж наш родны сьцяг!
- Прабачце нас! – паглядзела на мяне са сьлязьмі на вачох Натальля!
- Дык няма вам за што выбачацца перада мною! – аж зусім няёмка стала мне і я яе абняў.
- За тое, што 20 год вы былі адзін! – не згадзілася яна і я ледзь сам стрымаў, каб не падкацілі сьлёзы.
- Ды ня быў я адзін…
- Мала было вас!
- Мала.
- Але цяпер нас многа!
- Цяпер многа!
- І цяпер мы пераможам!
- Цяпер пераможам!

Мы памаўчалі. І Натальля сказала на разьвітаньне: "Я даўно хацела папрасіць у вас прабачэньня за тату!" Зноў даўкі камяк падступіў мне пад горла. "Дзякуй, цяпер мы разам", – усё, што змог адказаць я і мы абмяняліся на разьвітаньне нацыянальным, родным нашым поклічам: – Жыве Беларусь! – Жыве вечна!

І я застаўся з цяжкімі думкамі пра тое, зь якой жахлівай эпохі, зь якой антычалавечай сыстэмы мы выходзім – дзеці са сьлязьмі на вачох просяць прабачэньня за ўчынкі бацькоў. Гэта цяжка і для таго, хто просіць і нават для таго, у каго просяць, бо абодва перажываюць адно. Але яшчэ цяжэй, калі праліта нявінная кроў, калі ўжо няма ў каго перапрасіць, бо хто тады прабачыць?

Але ёсьць Той, Хто прабачае і нават прагне прабачыць – нябёсны Тата, Які дзеля нявіннай крыві Сына Свайго прабачае і правіны чалавека, і правіны народа. Былі б мы толькі гатовыя прасіць. І мне здаецца, што мы, як нацыя, ужо падыходзім да таго моманту, калі скажам: "Мы даўно хацелі папрасіць у Цябе прабачэньня!" І прабачэньне Таты зробіць нас адроджанымі людзьмі ў адроджанай краіне.

facebook.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: