Праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце назвалі блефам экалагічную экспертызу праекта

Ініцыятыўная група грамадскіх актывістаў, якія выступаюць супраць завода АКБ, адмовілася прымаць дакументы «АйПауэра».
З чэрвеня мінулага года будаўніцтва акумулятарнага завода было прыпынена. Так улады адрэагавалі на пратэсты мясцовых жыхароў, якія кожную нядзелю выходзілі на плошчу і арганізавалі кругласутачныя дзяжурствы каля завода. У верасні кіраўнік дзяржавы даручыў правесці грамадскую экспертызу, каб мясцовыя жыхары вырашылі, ці быць гэтаму заводу.

Ініцыятыўная група праціўнікаў акумулятарнага завода ў Брэсце ў аўторак сустрэлася з прадстаўнікамі кампаніі — вытворцы акумулятарных батарэй ТАА «АйПауэр».

Па словах каардынатара групы Дзмітрыя Бекалюка, прадстаўленыя дакументы не былі падрыхтаваныя, як таго патрабуе заканадаўства аб правядзенні грамадска-экалагічнай экспертызы. У прыватнасці, многія старонкі не завераны подпісамі і пячаткамі.

— А ключавы дакумент — пашпарты на газаачышчальнае абсталяванне — нам і зусім адмовіліся прадставіць на папяровым носьбіце. Таму я і Уладзімір Мароз (другі член ініцыятыўнай групы — заўв. «С») прынялі рашэнне адмовіцца ад прыёму дакументаў.

Мне вельмі шкада, што ўся гэтая заяўленая працэдура апынулася блефам. Мы будзем звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства прыроды, Камітэт дзяржкантролю і Брэсцкі аблвыканкам, каб дамагчыся ад «АйПауэра» няўхільнага выканання патрабаванняў закона, — сказаў Бекалюк.

А вось як пракаментавалі сітуацыю ў кампаніі, якой належыць акумулятарны завод у СЭЗ «Брэст»:

— Два заяўніка ад атрымання камплекта праектнай дакументацыі адмовіліся, паказаўшы наступныя прычыны:

- не хапіла часу для праверкі камплектнасці дакументацыі ў сувязі з іх ад'ездам у 14.00 у горад Мінск. Пад недахопам часу для праверкі камплектнасці дакументацыі заяўнікі вызначылі не праверку складу праекта (які вызначаны пералікам адміністрацыйных працэдур), а недахоп часу на пералік колькасці старонак кожнага дакумента. Заяўнікам было прапанавана працягнуць працу, ад чаго яны адмовіліся.

- няма дапрацаванай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Заўвага была выказана ў форме заявы насуперак патрабаванням заканадаўства. Нормы заканадаўства былі заяўніку растлумачаны і прапанавана пры яго нязгодзе з тлумачэннямі ўнесці дадзеную заўвагу ў заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы.

- няма подпісаў выканаўцаў на асобных лістах генеральнага плана. Пры гэтым, паколькі ТАА «АйПауэр» атрымала ад праектнай арганізацыі камплект дакументацыі ў электронным выглядзе, ініцыятару было прапанавана запэўніць кожны ліст штампам».

gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: